viasna on patreon

Дзяржава імкнецца манапалізаваць падпіску на друкаваныя выданьні

2004 2004-05-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пачалася падпісная кампанія на друкаваныя выданьні ў другім паўгодзьдзі. Аднак, калі дагэтуль можна было падпісацца ня толькі на пошце, а і ў незалежных кампаніях, то цяпер дзяржава манапалізоўвае і гэты рынак.

Ад 1 траўня кожны, хто зьбіраецца зарабляць на падпісцы, мусіць мець адмысловую ліцэнзію. Аднак час ідзе, а Міністэрства сувязі так нікому і не дазволіла стварыць канкурэнцыі дзяржаўнаму манапалісту ў гэтай галіне —– прадпрыемству “Белпошта”.

У апошнія дні мінулага году быў прыняты закон “Аб паштовай сувязі”, у якім упершыню зрабілі неабходным ліцэнзаваньне паслугаў паштовай сувязі, а менавіта — правядзеньня падпіскі на пэрыядычныя выданьні і дастаўкі іх чытачам. Але толькі ў канцы красавіка недзяржаўныя арганізацыі, якія дагэтуль займаліся падпіскай, атрымалі лісты з патрабаваньнямі “ўдакладніць намеры”.

Найперш Міністэрства сувязі запатрабавала ўзгадніць зьмест падпіснога каталёгу, асобна пералічыць замежныя выданьні, якія плянуецца распаўсюджваць на тэрыторыі Беларусі, а таксама распавесьці, якім чынам будзе ажыцьцяўляцца дастаўка газэтаў ды часопісаў у сельскую мясцовасьць.

Усіх папярэдзілі, што ў другім паўгодзьдзі падпісваць чытачоў на друкаваныя выданьні можна толькі ў тым выпадку, калі маецца адпаведная ліцэнзія. Дагэтуль кожная рэдакцыя самастойна вырашала праблему распаўсюду.

Беларуская асацыяцыя журналістаў з гэтай нагоды ўжо накіравала ліст у Міністэрства сувязі. Журналісцкая арганізацыя спасылалася на закон “Аб друку”, дзе наўпрост напісана: кожная рэдакцыя мае права распаўсюджваць сваё выданьне самастойна альбо паводле дамоваў зь іншымі арганізацыямі — як дзяржаўнай формы ўласнасьці, так і прыватнай. Адказ быў катэгарычны — ад гэтага часу на ўсю дзейнасьць мусіць быць дазвол.

Як стала вядома, паседжаньне адмысловай камісіі, якая будзе вырашаць лёс недзяржаўных фірмаў, што займаюцца падпіскай, прызначанае на панядзелак, 10 траўня.

***

Варта нагадаць яшчэ некаторыя аспэкты эканамічнага ціску на недзяржаўную прэсу. Выдаткі “Белпошты” на дастаўку дзяржаўных выданьняў пакрываюцца зь бюджэту, а незалежныя выданьні плацяць за гэтую паслугу напоўніцу.

Кошты дзяржаўных друкарняў для незалежных выданьняў вышэйшыя, чым для дзяржаўных. Акрамя таго, нягледзячы на наяўнасьць недзяржаўных кампаніяў-распаўсюднікаў, магчымасьць данесьці тое ці іншае выданьне да самых аддаленых і маленькіх населеных пунктаў краіны ёсьць толькі ў "Белпошты".

Апрача таго, неабходна ўзгадаць і неаднаразовыя выпадкі ўжываньня гэтак званага "адміністрацыйнага рэсурсу" пры правядзеньні падпісной кампаніі, калі ўлады прымушаюць розныя ўстановы падпісвацца на дзяржаўную прэсу.
(Паводле Радыё Свабода)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства