6-га траўня ў судзе Першамайскага раёна Мінска распачаліся слуханні па зыску Таццяны Процькі і яе мужа Дзмітрыя Козыра да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і тэлежурналіста Юрыя Пракопава аб кампенсацыі маральных стратаў. Зыскоўцы патрабуюць з адказнікаў выплаціць ім па 35 млн. рублёў за тое, што тыя парушылі таямніцу іх прыватнага жыцця
Падставай для зыску стаў сюжэт у тэлепраграме "В центре внимания", прадэманстраваны па Першым нацыянальным тэлеканале ўвечары 29-га лютага і паўтораны раніцай 1-га сакавіка г.г. У матэрыяле, аўтарам якога выступаў Юры Пракопаў, вялася гаворка пра прыбыткі і маёмасць некаторых прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый - у тым ліку кіраўніцы Беларускага Хельсінкскага Камітэта Таццяны Процькі і яе мужа, кіраўніка фермерскай гаспадаркі "Забалацце" Смалявіцкага раёна Дзмітрыя Козыра. У прыватнасці, у сюжэце быў прадэманстраваны дом і аўтамабілі, якія нібыта належаць гэтай сям'і, а ў аўтарскім тэксце названая буйная сума грошай, нібыта эквівалентная месячнаму заробку старшыні БХК.
Зыскоўцы лічаць, што тым самым НДТРК і Юры Пракопаў парушылі Канстытуцыю РБ і Інструкцыю аб рэжыме доступу да дакументаў, якія ўтрымліваюць таямніцу прыватнага жыцця грамадзян (дакумент зацверджаны Камітэтам па архівах і справаводстве 3-га ліпеня 1996 г.) "Да тых звестак, якія маюць грыф "таямніца асабістага жыцця", допуск абмежаваны, - патлумачыў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" прадстаўнік Т. Процькі Гары Паганяйла. - Іх можна атрымаць, толькі падаўшы запыт у адпаведныя органы: суд, пракуратуру, органы расследавання. Іншым грамадзянам гэткая інфармацыя не выдаецца, бо артыкулы 28, 29 Канстытуцыі гарантуюць таямніцу асабістага жыцця. Звесткі, прадэманстраваныя па БТ, якраз належаць да гэтай катэгорыі".
6-га траўня ў судзе зыскоўцы зняпраўдзілі большасць агучаных у сюжэце фактаў. Адказнік не змог прадаставіць доказаў праўдзівасці распаўсюджанай ім інфармацыі і адмовіўся паведаміць крыніцу, якая дала яму звесткі аб прыбытках спн. Процькі. Акрамя гэтага, высветлілася, што здымачная група знаходзілася на прыватнай тэрыторыі без ведама і без дазволу гаспадара; у якасці "ілюстрацыі" да сваіх словаў пра маёмасць Т. Процькі і Дз. Козыра Ю. Пракопаў зняў чужую машыну.
Тым не менш, тэлежурналіст упэўнены, што ў ягоным сюжэце "датычна зыскоўцаў інфармацыя была нейтральнай". Прадстаўнік НДТРК Андрэй Іваноў лічыць, што заявы зыскоўцаў пра маральныя пакуты "беспадстаўныя". "Цяжка вызначыць, дзе пачынаецца ідзе сканчаецца асабістае жыццё", - кажа сп. Іваноў. Разам з тым, ён прызнаўся, што "не чытаў" Інструкцыі Камітэта па архівах і справаводстве.
Пераглядзеўшы сюжэт і выслухаўшы абодва бакі, суддзя Ананіч вырашыла перанесці слуханні на 5-га чэрвеня. Суддзя таксама прапанавала зыскоўцам добраахвотна прадаставіць звесткі аб сваіх прыбытках і маёмасці.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"