У Іўеўскім райаддзеле міліцыі склалі адміністратыўны пратакол на галоўнага рэдактара газеты “День” Міколу Маркевіча, паколькі ў газеце згаданы незарэгістраваны страйкам прадпрымальнікаў Беларусі (паводле Радыё Свабода)
Як паведамілі карэспандэнту Радыё Свабода ў прэсавым цэнтры абласной міліцыі, складзеныя два пратаколы. Адзін на выдаўца таварыства “Дзень-прэс” будзе накіраваны ў абласны Дзяржкантроль. Нібыта няслушна была аформленая таварна-транспартная накладная на дастаўку газэты з смаленскай друкарні ў Горадню.
Галоўны рэдактар гаворыць, што згодна з Законам аб друку, арыштаваць наклад можна толькі паводле рашэньня суду, якое набыло правамоцнасьць. Што датычыць другога пратаколу — на самога М.Маркевіча, дык яшчэ напярэдадні ў іўеўскай міліцыі зьбіраліся складаць пратакол зусім на іншую асобу — на таго, хто вёз газэту ў Горадню.
(Маркевіч: ) “Яны дасылалі запыты ў самыя розныя установы: у РАУС Ленінскага раёну Горадні, у Міністэрства юстыцыі, у Міністэрства інфармацыі і не знайшлі ніводнай зачэпкі. Я сёньня магу сьцьвярджаць, што ў іх ляжыць аднолькавы адказ зь Міністэрства юстыцыі і зь Міністэрства інфармацыі, які сьведчыць пра тое, што паводле беларускага заканадаўства — страйкамы, таксама як бацькоўскія камітэты, нейкія камісіі — не рэгіструюцца і не падпадаюць пад дзеяньне заканадаўчай нормы пра распаўсюд інфармацыі ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.
Арыштаваны на пачатку красавіка нумар газэты “День” атрымалі толькі падпісчыкі. У ім сапраўды зьмешчанае меркаваньне Валерыя Леванеўскага — кіраўніка незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў. Спадар Леванеўскі паведаміў, што рыхтуецца акцыя пратэсту прадпрымальнікаў 1 траўня. Самога яго ў гэты дзень затрымалі, а потым далі 15 сутак арышту, і сёньня ён знаходзіцца за кратамі.