Баранавіцкага актывіста моладзевага руху супраціву “Зубр” Мікіту Сасіма выключаюць з каледжу
www.zubr-belarus.com
сёньня, 5 траўня, у Баранавіцкім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасьці, адбудзецца педсавет. Галоўным і адзіным пытаньнем педсавету з’яўляецца выключэньне Мікіты Сасіма з навучальнай установы. Фармальнай прычынай выключэньня з’яўляюцца пропускі заняткаў: па словах кіраўніцтва, 10 сутак арышту не з’яўляюцца ўважлівай прычынай. Нагадаем, што ў сярэдзіне сакавіка Мікіта Сасім быў пакараны Баранавіцкім гарадзкім судом 10-сутачным арыштам за распаўсюд газет на тэрыторыі каледжу. Рашэньне суда было выкананае цалкам, з-за чаго моладзевы актывіст ня змог наведваць заняткі. Між тым, Мікіта Сасім – адзін з лепшых студэнтаў каледжу, за апошні семестр у яго адна сямёрка і дзве васьмеркі, астатнія адзнакі – дзявяткі і дзясяткі.
“У кіраўніцтва каледжу ня можа быць прэтэнзіяў да маіх адзнакаў. Я і мае сябры ўпэўненыя, што магчымае выключэньне – гэта помста ўладаў і адміністрацыі каледжу за тое, што мы адкрыта выступілі супраць БРСМ”, -- гаворыць Мікіта Сасім.