Затрыманыя два актывісты Фрунзенскай гарадзкой арганізацыі АГП Віталь Рымашэўскі і Юрый Бычкоўскі
Гэта адбылося 14 красавіка падчас раздачы ўлётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” каля прахадной Менскага заводу колавых цягачоў, паведамляе прэс-служба АГП.
Каля 15 чалавек, сярод якіх былі сябры АГП і прадстаўнікі зьліквідаванай моладзевай арганізацыі МХСС-Мадалыя дэмакраты, прыбылі да прахадной заводу ў вызначаны час. “Мы адразу вылічылі людзей у цывільным, якія ведалі пра акцыю і чакалі нас. Недзе праз 10 хвілінаў яны падыйшлі да кожнага з нас і пачалі перашкаджаць раздачы ўлётак. Затым на падмогу быў выкліканы нарад міліцыі. У адносінах да тых, хто працягваў раздаваць улёткі, супрацоўнікі міліцыі ўжылі грубую фізічную сілу,” -- распавядае Віталь Рымашэўскі.
Затрыманыя актывісты Віталь Рымашэўскі і Юрый Бычкоўскі былі дастаўленыя ў аддзяленьне міліцыі Заводзкага раённу г. Менску, дзе быў складзены акт аб выняцьці ў іх друкаванай прадукцыі. Улёткі будуць накіраваныя на эксьпертызу з мэтай выявіць друкарню, якая іх надрукавала, а таксама вызначыць, ці ня ўтрымліваецца ў іх заклікаў да гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады.