Праваабарончы цэнтр “Вясна” дабіваецца справядлівасці ў Камітэце па правах чалавека ААН. Скарга пададзена ад імя Старшыні Рады аб’яднання Алеся Бяляцкага і яшчэ 9 сябраў аб’яднання.
Прайшло ўжо больш за паўгады з таго моманту калі суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Кулік вынесла рашэньне аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Рашэньне, якое было вынесенае 28 кастрычніка 2003 года ўступіла ў дзеяньне адразу з моманту яго абвяшчэньня ў судзе. Згодна з дзеючым ГПК Рэспублікі Беларусь рашэньне Вярхоўнага суда з’яўляецца канчатковым і абскарджаньню ў парадку касацыі не падлягае. Менавіта таму цяпер, калі прадстаўнікі “Вясны” скарысталі ўсе магчымасці абароны на нацыянальным узроўні (якіх было зусім няшмат – адна наглядная скарга на імя старшыні Вярхоўнага суда), падрыхтаваная скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН. Гаворыць юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна”: “Мы спадзяемся на справядлівы разгляд нашай скаргі ў сапраўды незалежных міжнародных структурах. Скарга пададзена ад імя Старшыні Рады аб’яднання Алеся Бяляцкага і яшчэ 9 сябраў аб’яднання. Усе яны ахвяры парушэння правоў чалавека. У скарзе ўказаныя асноўныя парушэнні нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, якія былі дапушчаныя падчас разгляду справы ў Вярхоўным Судзе. У тым ліку ч.1 арт.14, ч.1 і 2 арт.22, арт 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які быў ратыфікваны нашай краінай. Асноўныя парушэнні на думку вясноўцаў – парушэнне права на свабоду асацыяцыі і права на справядлівае судовае разбіральніцтва незалежным судом. Мы спадзяемся на справядлівы разгляд справы. Хаця разумеем, што ў выпадку станоўчага для нас рашэння, улады Беларусі не адновяць рэгістрацыю “Вясны” і праігнарюць рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН. Усё адно – для нас гэта будзе маральная перамога, падцверджанне нашай праваты на самы высокім міжнародным узроўні”.