viasna on patreon

Ціск на грамадскія ініцыятывы ў Беларусі і блакіроўка сайта Саюза пісьменнікаў: хроніка пераследу 16-18 кастрычніка

2024 2024-10-18T15:25:00+0300 2024-10-21T17:03:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bellit.info.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-18 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 21 чалавека — цяпер у ім 4544 прозвішчы

18 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі супрацоўніка IT-сферы Андрэя Бурдзеню, колішняга пракурора Воранаўскага раёну Віталя Саўко, аднаго з найлепшых беларускіх трэнераў па настольным тэнісе Юрыя Лагадзюка.


Затрымалі студэнта мінскага каледжа бізнэсу і права

ulad-pjatrou-bronski.jpg
Улад Пятроў-Бронскі

Па версіі сілавікоў, малады чалавек "заклікаў да беспарадкаў, забойстваў, сам пагражаў учыніць страляніну ў школе, абражаў улады і распаўсюджваў нацызм, трымаў сувязь з тэрарыстамі-наймітамі і адміністраваў украінскі чат, у якім распальваў нянавісць па нацыянальнай прыкмеце".

У сацыяльных сетках затрыманы падпісаны як Улад Пятроў-Бронскі, ён быў анлайн раніцай 15 кастрычніка.


У Беларусі арыштавалі нерухомасць журналісткі Таццяны Каравянковай

Пра гэта паведаміў 18 кастрычніка БАЖ. 

Арыштаваная маёмасць — гэта 1/3 частка дома, якую журналістка мае ў сумеснай уласнасці са сваякамі. Арышт накладзены на падставе пастановы галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта ад 26 верасня. Прычына такога пераследу ў дакуменце, які атрымала журналістка з кадастравага агенцтва, не паведамляецца.

Таццяна Каравянкова піша, што звярнулася ў Следчы камітэт за тлумачэннямі, але адказу на свой ліст пакуль не атрымала.


Сямейную пару затрымалі за ўдзел у пратэстах і падпіскі на "экстрэмістаў"

kacjaryna-kraucova_mikhail-kraucou.jpg
Кацярына і Міхаіл Краўцовы

На "пакаяльным відэа" ад 18 кастрычніка мужчына кажа, што быў падпісаны на "дэструктыўныя" каналы, удзельнічаў у пратэстах, адпраўляў інфармацыю ў чат боты каналаў "Чорная кніга Беларусі" і "Голас".

Жанчына кажа, што працуе ў айці-кампаніі, у пратэстах яна не ўдзельнічала, але падтрымлівала людзей з балкона. Таксама яна была падпісаная на "экстрэмісцкія" каналы і пісала ў іх "абразлівыя" каментары і рабіла рэпосты.

"Медыязона" знайшла ў сацсетках старонку жанчыны, там яна падпісана як Кацярына Краўцова. Мужчына ў сацсетках падпісаны як Міхаіл Краўцоў.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі 18 кастрычніка:

  • Telegram-каналы і чаты «ЧАТ ДВИЖ», «ГЦУ "ТЭРОР"», «Блок Прокопьева-Егорова»;
  • Instagram старонкі «a.praskalovich», «hacakma», «sigovalera», «belsat_doc», «v_o_e_v_o_d_o_v_a», «abibok», «alesdabriyanik», «partyzanka_official», «merchfreedom_»;
  • Старонкі ў TikTok «Zhive Belarus», «mijaksenija1111», «Burekas», а таксама TikTok-відэа «Александр Григорьевич Лукашенко, предложил Зелебобе выйти раз на раз».

Сайт інтэрнэт-кнігарні "Кнігаўка" заблакаваны ў Беларусі

Пра гэта інтэрнэт-кнігарня паведаміла 17 кастрычніка ў сваім тэлеграм-канале.

Кнігарня "Кнігаўка" знаходзіцца ў Варшаве. Яе адкрыў выдавец Андрэй Янушкевіч, які быў вымушаны з'ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед.


"Тэлефануйце дзецям, прасіце вярнуцца ў Беларусь". Беларусы на мяжы сутыкнуліся з новай праверкай

"Нашай Ніве" стала вядома 17 кастрычніка, што на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам беларускія спецслужбы часам выклікаюць на асабістую гутарку новую катэгорыю людзей — бацькоў, чые дзеці жывуць за мяжой.

Адзін з пасажыраў расказаў, што ў яго пыталі, чаму яго дзіця не жыве на радзіме, чаму не хоча тут працаваць. Настойліва прапанавалі патэлефанаваць і папрасіць вярнуцца жыць у Беларусь.

"Для мяне гэта выглядала даволі смешна, бо хіба сапраўды нехта верыць, што пасля такога званка дзеці кінуць уладкаванае жыццё на новым месцы (жыллё, працу, сваіх дзяцей вырвуць са школы) і панясуцца ў Беларусь, бо бацькі загадалі? Мы ж гаворым пра дарослых людзей са сваім жыццём і меркаваннем".

У выніку ўсіх выкліканых на размову адпусцілі.


У Віцебску затрымалі мужчыну з пашпартамі Украіны і ЗША

Праўладны тэлеграм-канал паведаміў 17 кастрычніка, што мужчына знаходзіцца ў ІЧУ — у дачыненні да яго складзеныя чатыры пратаколы і распачата адна крымінальная справа.

"Пры ператрусе ў яго знайшлі амерыканскае "шпіёнскае" абсталяванне для глыбокага ўкаранення", — напісалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Затрымлівалі мужчыну сілавікі з георгіеўскай стужкай на галаве.


Стала вядома, што ксёндз Павел Лемех з Шуміліна вымушана пакінуў Беларусь

Пра гэта паведаміла 17 кастрычніка "Віцебская Вясна" са спасылкай на тэлеграм-канал katolik_life.

Нагадаем, айца Паўла затрымалі ў траўні разам з іншым святаром — айцом Анджэем Юхневічам, які таксама служыў у Шуміліне. Ім быў прызначаны адміністрацыйны арышт. Акрамя таго, судзілі адну з парафіянак — за падпіску ў сацсетцы на «экстрэмісцкую» старонку, яе пакаралі штрафам.

Пазней Павел Лемех пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. Анджэй Юхневіч застаецца пад вартай у віцебскім СІЗА-2.


Грамадзяніна Ізраіля затрымалі ў Мінску за каментары пра Лукашэнку

Затрымліваць мужчыну прыйшлі як мінімум шэсць сілавікоў у поўным абмундзіраванні. На відэа бачна, што разам з ім з кватэры вывелі яшчэ нейкага чалавека.

На "пакаяльным відэа" 17 кастрычніка затрыманы кажа, што ў 2020 годзе напісаў 18 негатыўных каментароў на адрас Лукашэнкі і сакратара Рады бяспекі.


КДБ ладзіць шырокія рэпрэсіі па ініцыятывах знутры Беларусі — людзям пагражаюць крымінальнымі справамі, калі пра гэта даведаюцца СМІ і праваабаронцы

Праваабаронцам вядома, што ў апошні месяц КДБ "выклікае на размовы" і затрымлівае людзей, якія маюць дачыненне да розных ініцыятыў і праектаў, якія легальна працуюць у Беларусі. Гэта адбываецца ў розных кутках краіны і з праектамі рознай накіраванасці.

Адным з фактараў, што аб'ядноўвае ўсе гэтыя кейсы, з'яўляецца тое, што сілавікі хочуць схаваць рэпрэсіі ад грамадства — людзям пагражаюць, што калі інфармацыі пра пераслед трапіць да праваабаронцаў і СМІ, то ў дачыненні да іх будуць распачатыя крымінальныя справы.

Праваабаронцы маюць спіс арганізацый і праектаў, якія патрапілі пад рэпрэсіі КДБ, але не публікуюць яго ў мэтах бяспекі.


Сайт bellit.infо, які з’яўляецца праектам Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, ад сённяшняга дня перастаў адкрывацца на тэрыторыі Беларусі

"На дадзены момант наш сайт перастаў адкрывацца на тэрыторыі Беларусі. Але хутка мы зможам прапанаваць спосаб бяспечна чытаць яго з нашай краіны. А пакуль прапануем чытачам з Беларусі выкарыстоўваць VPN альбо заставацца на сувязі ў сацыяльных сетках", — паведаміў 16 кастрычніка тэлеграм-канал ініцыятывы.

У Рэчыцы ўлады "павіншавалі" жанчын з Днём маці — як мінімум 7 мясцовых жыхарак асудзілі за "распаўсюд экстрэмізму"

Пра гэта паведаміла 16 кастрычніка "Гомельская Вясна".

У Дзень маці, 14 кастрычніка, паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі Святлану Гапоненка, Ганну Мацюшэнка, Яну Мацюшэнка, Анастасію Сауліч, Галіну Трухтову, Юлію Чыжэўскую і Лізавету Мікалайчык. Справы першых шасці жанчын разглядаў суддзя Генадзь Шэвель, справу Мікалайчык — Станіслаў Іванюценка.


На прадпрыемствах Гродзенскай вобласці людзей прымушаюць насіць чырвона-зялёны значак — інакш пагражаюць пазбавіць прэміі

Пра гэта паведаміў 16 кастрычніка тэлеграм-канал "Суды, задержания. Гродно и область". 

Сцвярджаецца, што гэта адбываецца на некаторых прадпрыемствах вобласці. Таксама людзей прымушаюць клеіць налепкі з чырвона-зялёным сцягам і гербам на чахол тэлефонаў. Калі гэта не зрабіць — пагражаюць пазбавіць прэміі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства