Чарговае выданне твораў Вацлава Ластоўскага прызналі "экстрэмісцкім": хроніка пераследу 15 кастрычніка Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Спявак Макс Корж з'ехаў з Беларусі з-за пагрозы пераследу
Пра гэта паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.
Паводле іх, яго выклікалі ў міліцыю для «размовы», але Корж замест гэтага з'ехаў з Беларусі.
Паведамляецца, што нагодай для «выкліку на размову» было тое, што "Корж на замежных канцэртах скача з БЧБ і топіць за ўкраінскіх тэрарыстаў".
Пазней ГУБАЗіК паведаміў, што ў дачыненні да спевака "пакуль няма крымінальнай справы".
"Усе прэтэнзіі праваахоўнікаў па скаргах грамадзян можна зняць простай прафілактычнай гутаркай", — напісаў праўладны тэлеграм-канал.
Чарговае выданне Вацлава Ластоўскага прызнанае "экстрэмісцкім" — у Мінінфарме Беларусі не змаглі напісаць ягонае прозвішча без памылкі
Суд Баранавічскага раёну і Баранавічаў 14 кастрычніка прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" "Выбраныя творы" Вацлава Ластоўскага ("Беларускi кнiгазбор", 1997, 512 старонак). Адзначым, што супрацоўнікі Мінінфарма не змаглі напісаць прозвішча Вацлава без памылкі — у іх спісе ён "Ластоускі".
Сваякі беларусаў, якія пакінулі краіну, атрымліваюць лісты з прапановай звярнуцца ў Камісію па вяртанні
Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал "Суды, задержания. Гродно и область".
У лістах гаворыцца, што чалавек павінен назваць прычыну ад'езду, паведаміць аб правапарушэннях, а ў выпадку здзяйснення злачынстваў — выказаць раскаянне, публічна папрасіць прабачэння і пакрыць шкоду.
За каментары затрымалі кіроўцу з Бабруйску
На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што абражаў сілавікоў у каментарах Telegram-чата "Карнікі Беларусі".