Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
10 кастрычніка 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Гэтыя абвінавачванні могуць суправаджацца адвольнымі абвінавачваннямі ў здзяйсненні іншых злачынстваў у якасці пакарання за рэалізацыю права на мірныя сходы або свабоды выказвання меркаванняў.
Так, асуджаныя і ўзятыя пад варту:
Сяргей Юнчыц паводле абвінавачвання ў фінансаванні і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 і арт. 361-4 КК;
Алена Ляснеўская паводле абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, паводле арт. 361-4, арт. 342, КК;
Ала Дзясяцік асуджаная паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, абразе службовай асобы і А. Лукашэнкі, паклёпе на яго, удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, здзеку з дзяржаўных сімвалаў паводле арт. 361-4, арт. 369, арт. 368, арт. 367, арт. 342, арт. 370 КК, да трох гадоў калоніі;
Таццяна Васільева паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 364-4 КК;
Уладзімір Лазарэвіч паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, удзелу грамадзян у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы паводле арт. 361-2, арт. 290-1, арт. 361-3 КК.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Сяргея Юнчыца, Алену Ляснеўскую, Алу Дзясяцік, Таццяну Васільеву, Уладзіміра Лазарэвіча;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.