viasna on patreon

Затрыманні за здымкі ваеннай тэхнікі: хроніка пераследу 4 кастрычніка

2024 2024-10-04T17:23:28+0300 2024-10-04T17:25:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shahed_kalinkavichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць прадзюсара Аляксандра Чахоўскага зноў распачалі спецвытворчасць 

Гэтым разам Аляксандра Чахоўскага будуць судзіць завочна паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і ч. 1, 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.Аляксандра запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.

Нагадаем, былога выканаўчага дырэктара "Беларускай Рады Культуры", прадзюсара Аляксандра Чахоўскага ўжо асуджаны за "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) і "здзек над дзяржаўнымі сімваламі" (арт. 370 КК). Яму прызначылі тры месяцы арышту.


Журналісту Ігару Карнею падоўжылі знаходжанне ў ПКТ

Ігар Карней

56-гадовага Ігара затрымалі раніцай 17 ліпеня 2023. Спачатку яму прызначылі адміністрацыйны арышт, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.

Ігара абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). У сакавіку яго асудзілі да 3 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 20 тысяч рублёў.

Паводле крыніцаў "Свабоды", улетку Ігара зьмясьцілі ў ПКТ першы раз. Тэрмін пакарання мусіў закончыцца ў жніўні, але цяпер стала вядома, што ў атрад з ПКТ палітвязень так і не вярнуўся. За што наклалі спагнанне, невядома.

«Ведаем, што да канца студзеня 2025-га ён прабудзе ў ПКТ. Званкі яму забароненыя, пасылку з цёплымі рэчамі не атрымае, адна ўжо вярнулася, бандэроль толькі праз 6 месяцаў. Часам піша лісты», — паведаміла крыніца.


КДБ затрымаў жанчыну, якая зняла відэа падзення "Шахеда" у Калінкавічах 

Таксама у затрыманні ўдзельнічаў САХР. Як паведамляецца ў праўладным тг-канале, распаўсюджваючы відэа жанчына нібы магла пасеяць паніку сярод насельніцтва. Цяпер ёй пагражаюць крымінальнай справай за "супрацу з экстрэмісцкімі рэсурсамі".

Раней паведамлялася, што ў чатах горада Калінкавічы стала распаўсюджвацца відэа з падзеннем "Шахеда", які заляцеў на тэрыторыю Беларусі.


За здымку ваеннай тэхнікі ў Лоеве затрымалі мужчыну 

Як паведамляюць праўладныя тг-каналы, у тэлефоне 29-гадовага мужчыны знайшлі шмат відэа і фота з месцамі дыслакацыі вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі, а таксама падпіскі на "экстрэмісцкія каналы".


За татуіроўку ACAB затрымалі былога заўзятара БАТЭ

У "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што раней быў судзімы за крадзеж, разбой і захоўванне наркотыкаў. І што абавязуецца звезці "нацысцкія татуіроўкі".


Тэлеграм-канал беларускага палітолага Валерыя Карбалевіча прызналі "экстрэмісцкім"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёна Гродна 1 кастрычніка.

Таксама ў спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў" дадалі старонку ў Tik-tok "blogger", тг-канал "Позывной Полтава", старонкі ў "Х" "Jarac", "Rohan", "Ягор Тубелевiч".


У "спіс тэрарыстаў" дадалі галоўнага дарадцу Святланы Ціханоўскай Франака Вячорку 

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 6 чалавек.

Сярод іх Яна Андраюк, Аляксей Мазука, Аляксандр Бранавіцкі, Аляксандр Баркун, Антон Шарупа.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1170 чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства