Абнаўленні "экстрэмісцкіх спісаў" і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 6-9 верасня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-9 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінчука затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту
Пра затрыманне стала вядома дзявятага верасня з "пакаяльнага" відэа ў праўладным тэлеграм-канале.
Мужчыну затрымлівалі 10 жніўня 2020 года, пасля чаго ён адбываў арышт у Жодзіне, дзе яму выпісалі "афіцыйнае папярэджанне". Нягледзячы на яго, восенню мінчук двойчы выходзіў на пратэсты, здымаўся на відэа з нацыяльным сцягам на праезнай частцы, а дома захоўваў «пратэсную сімволіку».
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 21 чалавека — цяпер у ім 4396 прозвішчаў
Міністэрства ўнутраных справаў шостага верасня зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі прадпрымальніка Артура Роліча, а таксама сям'ю Прохаравых — Васіля, Паўла, Ларысу.
Да допіса далучыны апошні "Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Супраць палітвязня Сяргея Раманава ўзбудзілі новую крымінальную справу
Паводле інфармацыі АЧК-Беларусь ад сёмага верасня, палітвязню прад'явілі чарговае абвінавачванне паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Пры гэтым, у сакавіку 2023 года Раманаву дадалі яшчэ 11 месяцаў зняволення паводле гэтага артыкула. Новы суд, верагодна, распачнецца ўжо праз некалькі тыдняў.
Нядаўна Сяргея, які толькі ў траўні выйшаў з ПКТ, дзе правёў паўгода, зноў адправілі туды ў ліпені на 5 месяцаў. Пісьма ад Сяргея не даходзяць ужо больш за месяц.
Нагадаем, 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.
Месца ўтрымання Сяргея: ПК № 9. 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Старонка ва "Укантакце" "Гомель Online" прызнаная "экстрэмісцкай" — на яе падпісаныя больш за 117 тысяч чалавек
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чыгуначнага раёну Гомеля шостага верасня. Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:
- Telegram-каналы і чаты "Арийская оргия", "Родны Лунінец", "Телеграф. Новости", "Телеграф UA Новини України", "Ихтиандры центр", "ихтиандры штаб";
- Старонкі ва "Укантакце" "Минск Online", "Лида - наш город";
- Сайты Telegraf.nеws, franak.оrg;
- Старонкі ў Viber "Телеграф", "ТЕЛЕГРАФ - НОВИНИ УКРАЇНИ ТА СВІТУ";
- Youtube-канал "Telegraf UA";
- Х-старонкі "Телеграф", "DW українською", "Голос Америки Українською", "Franak Viačorka", "Alex Kokcharov";
- Facebook-старонкі "Сергей Петрухин", "Telegraf UA";
- Старонка ў "Аднакласніках" "Дубровно Чемурако".