ПРАФЕСАРУ ЮРЫЮ БАНДАЖЭЎСКАМУ АДМАЎЛЯЮЦЬ У ЗМЯКЧЭННІ ПАКАРАННЯ
Зняволены, адбыўшы палову тэрміну, можа разлічваць на змякчэнне меры пакараньня. Пасля разгляду справы судом, яго адпускаюць на пасяленьне, альбо на так званую «хімію» (абмежаванне волі). Аднак Юрыю Бандажэўскаму, сусветна вядомаму навукоўцу-радыёлагу, прафесару ў гэтай палёгцы адмаўляюць.
У 2001 годзе рэктар Гомельскага медыцынскага інстытута Юры Бандажэўскі і яго калега прарэктар Уладзімір Раўкоў былі асуджаны быццам бы за атрыманьне хабару ад бацькоў абітурыентаў на 8 гадоў пазбаўленьня волі (год быў зьняты па амністыі). Гэтую гучную справу часам называюць “справай Гомельскага медынстытуту” альбо “справай урачоў”. Навуковыя досьледы прафесара Юрыя Бандажэўскага і яго калегаў, якія вывучалі ўзьдзеяньне радыяцыі на арганізм чалавека, разыходзіліся з дзяржаўнай палітыкай – у сярэдзіне 90-х годоў урад Беларусі прыняў рашэньне пра частковы зварот сельскагаспадарчых земляў з зоны радыяктыўнага забруджваньня. Досьледы прафесара Юрыя Бандажэўскага даказвалі, што ўзьдзеяньне малых дозаў радыяцыі згубна ўплываюць на ўсе жыцьцёваважныя органы.
Пра сітуацыю распавядае жонка прафесара Юрыя Бандажэўскага Галіна Сяргееўна:
- На пасяленьне майго мужа павінны былі адпусьціць 6 студзеня, а цяпер ужо красавік. Усе мерапрыемствы звязаныя са зменай меры пакарання па закону трэба правесці на працягу аднаго месяца. Да сёння ніякіх зрухаў няма. У студзені была палова тэрміну. Зняволеных, якія адбывалі пакаранне разам з мужам, пачалі паступова пераводзіць на пасяленьне. Справа дайшла да ўсіх, акрамя яго. Год таму калонію наведалі прадстаўнікі французскай і нямецкай амбасадаў. Тады начальнік Камітэта па выкананьню пакараньняў Уладзімір Коўчур паведаміў амбасадарам, што праз год Юрыю Бандажэўскаму мера пакарання будзе змененая на больш мяккую, бо блізіцца час паловы тэрміну яго зняволення. Амбасадар АБСЭ, сп. Хайкен таксама наведаў майго мужа паўгады таму, і Ул. Коўчур яму заявіў тое ж самае.
Я пайшла ў Камітэт па выкананьню пакараньняў даведацца пра сітуацыю. Мне адказалі, што ў мужа вельмі слабое здароўе, язва страўніка, што зусім нядаўна ён перанёс аперацыю, таму ён не зможа выконваць цяжкую фізічную працу, якую робяць у зонах пасяленьня. Але па законам Рэспублікі Беларусь не працуюць толькі інваліды І і ІІ групы. Але ж ён не інвалід!
Праз некалькі дзён пасля майго візіта ў Камітэт да мужа прыйшлі прадстаўнікі калоніі і сказалі, што яму трэба прайсці абследванне ў рэспубліканскай бальніцы Міністэрства ўнутраных спраў, каб высветліць стан здароўя. У бальніцы ён знаходзіўся з 2 па 9 сакавіка. Ніякай іваліднасці яму не далі, а праблемы са здароўем ў 50 год ёсць у кожнага.
- Ці былі нейкія дысцыплінарныя заўвагі вашаму мужу?
- Не, не было ніякіх заўваг. Маці мужа пісала начальніку калоніі. Ёй адказалі, што ён паводзіць сябе добра, выконвае ўсе патрабаваньні і ніякіх заўваг да яго няма,.
І тут раптам мы даведваемся, што яго не могуць адпусьціць на пасяленне, бо “стан здароўя не дазваляе”. Знаходзіцца ў ізаляцыі здароўе дазваляе, а на працаваць на пасяленні – не. Калі муж ішоў у турму, ў яго не было інваліднасці, і паводле гэтых апошніх даследваньняў ён яе і не набыў. Ён можа выконваць і фізічную працу. Мы не настойваем на тым, каб яго паслалі працаваць менавіта ўрачом. Проста разам з усімі, як звычайнага зняволеннага, але гэтага рабіць не хочуць і відаць, не збіраюцца.
- Вы лічыце, што для адмовы няма ніякіх падстаў?
- Так, я лічу, што падстаў абсалютна ніякіх няма. Яны цягнуць час, і на гэта, відаць, ёсць свае матывы. Хутчэй за ўсё для таго, каб не адпускаць з турмы чалавека ўвогуле. З маім мужам робіцца нешта неверагоднае. Магчыма, хочуць перачакаць чарговую чарнобыльскую гадавіну, каб ён быў менш дасягальны для журналістаў і наведвальнікаў. Ці проста цягнуць час, а адпускаць яго зусім не збіраюцца. Гэта мая асабістая думка.
У студзені 2005 года ён ужо будзе мець права на датэрміновае вызваленьне. Але ў мяне няма ўпэўненасьці ў законах. Калі падыдзе тэрмін УДВ, могуць знайсьці шэраг прычын, каб яго не вызваляць. Напрыклад, прычапіцца да таго, што ён не выплаціў матэрыяльную страту, якая была «нанесеная дзяржаве». Значыць ён не будзе мець права выйсці, бо павінен адкупіць усё цалкам, адсядзець увесь тэрмін. Я яшчэ раз пераконваюся ў бяспраўі, якое існуе ў нашай дзяржаве. Невялікая палёгка, на якую можа разлічваць зняволены – змякчэнне меры пакарання за добрую дысцыпліну, і тая становіцца недасяжнай. Я ўжо не кажу, пра перагляд справы.
Мы падалі скаргу ў Жэневу, і я ведаю, што недзе ў сярэдзіне красавіка там будзе паседжаньне камісіі па правах чалавека. На гэта ёсць нейкая надзея. Тут праўды і справядлівасці я не бачу. Я нават не патрабую перагляду справы ці апраўдання, проста адпусціце, так як гэта належыць па закону. Але і гэтае права не даюць выкарыстаць.
Ядвіга МАЦКЕВІЧ