viasna on patreon

Журналіста Алеся Кіркевіча завочна асудзілі да 7 гадоў калоніі і вялікага штрафу за інтэрв'ю незалежным медыя

2024 2024-08-06T11:32:15+0300 2024-08-06T11:34:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/12061kirkevich_dziadok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гродзенскім абласным судзе 2 жніўня ў парадку спецыяльнай вытворчасці вынеслі прысуд журналісту і былому палітвязню Алесю Кіркевічу – сем гадоў калоніі, штраф у памеры 24 000 рублёў і арышт на маёмасць. Яму прызначылі максімальнае пакаранне з магчымых. Журналіста абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу з 8 ліпеня завочна разглядаў суддзя Юры Казакевіч. З прысуду стала вядома, што Алеся Кіркевіча асудзілі за інтэрв'ю "Радыё Свабода" і "Белсату".

Алесь Кіркевіч. Фота
Алесь Кіркевіч. Фота "Вясна"

Алеся (Аляксандра) Кіркевіча суд прызнаў вінаватым у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады. Таксама Кіркевіч прызнаны вінаватым у "іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, учыненым паўторна, групай асоб па папярэдняй змове" паводле ч. 2 арт. 361-4 КК – за гэта яму прызначылі пяць гадоў калоніі са штрафам у памеры 600 базавых велічынь. Па сукупнасці яму прызначана завочна сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 24 000 рублёў.

"Тэрмін адбыцця пакарання Гродзенскі абласны суд пастанавіў адлічваць з дня фактычнага затрымання Алеся Кіркевіча", – адзначаецца ў прысудзе.

З рэчавых доказаў, якія згодна прысуду будуць захоўвацца ў матэрыялах крымінальнай справы, можна зрабіць выснову, што Кіркевіча асудзілі за інтэрв'ю незалежным медыя, абвешчанымі ў Беларусі "экстрэмісцкімі фармаваннямі".

Так, у матэрыялах справы былі два артыкулы: на "Радыё Свабода" ад 25 верасня 2022 года "У сённяшняй Беларусі надышоў максімальна неспрыяльны час для стварэння беларускага кантэнту" і на "Белсаце" ад 2 жніўня 2023 года "Ідзем у бок Паўночнай Карэі: хваліць рэжым і шукаць шпіёнаў. Беларускія гіды — аб новых патрабаваннях". Акрамя гэтага, у матэрыялах справы захоўваецца CD‑R дыск з запісаным на ім відэаролікам з "Бондарева-юродивая. Аўтар праекта "Трызуб і Пагоня” аб сітуацыі з беларускай мовай/ Мова нанова".

Арышт на маёмасць быў накладзены 22 лістапада 2023 года, і яе вырашана рэалізаваць у кошт пагашэння штрафу. Гэта 1/3 долі права ўласнасці Кіркевіча на будынак аднакватэрнага жылога дома вёсцы Бычкі Ушацкага раёна.

Як адзначае "БАЖ", "аднакватэрны жылы дом", пра які вядзецца ў прысудзе, знаходзіцца ў вёсцы Бычкі — малой радзіме знакамітага Васіля Быкава. Некалі грамадскія актывісты набылі будынак колішняй вясковай школы, дзе ў першым класе вучыўся будучы пісьменнік. Калі школу ў Бычках закрылі, у драўляную хату засяліліся людзі, і за некалькі дзесяцігоддзяў яна змяніла некалькі гаспадароў. Апошнімі тутэйшымі насельнікам была сям’я Антаніны Быкавай, швагеркі Васіля Быкава. Потым у выкупленай хаце праводзілі летнікі для грамадска актыўнай моладзі.


Журналіст-фрылансер Алесь Кіркевіч — пісьменнік і краязнаўца, колішні намеснік старшыні "Маладога фронту", а таксама былы палітвязень. Ён браў удзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. На пачатку 2011-га быў арыштаваны. 5 траўня 2011 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска асудзіў яго да чатырохгадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.Адбываў пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1, і быў вызвалены праз памілаванне 1 верасня 2011 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства