У ходзе падрыхтоўкі да чарговага пасяджэньня Камісіі па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прадстаўнікі шэрагу дзяржаваў выступілі з прапановай аб увядзеньні пасады спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Такім чынам, Беларусь можа патрапіць у адзін шэраг з такімі краінамі дзе парушаюцца правы чалавека, як М’янма, Конга, С’ера-Леонэ, Куба і Судан
У гэтыя дні ў Камісіі па правах чалавека ААН адбываецца падрыхтоўка да чарговага пасяджэньня гэтага органа. У парадку дня сэсіі Камісіі стаіць і пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі. У сваёй рэзалюцыі ад 17 красавіка 2003 года «Стан правоў чалавека ў Беларусі» Камісія абвесьціла аб сваім намеры вярнуцца да беларускага пытаньня.
У праграме падрыхтоўкі да наступнай сэсіі адбываюцца гэтак званыя Паралельныя Сустрэчы (Parallel Meetings), у ходзе якіх прадстаўнікі розных дзяржаваў у Камісіі знаёмяць публіку са сваёй пазіцыяй. 6 красавіка падчас дзьвух з такіх сустрэчаў былі агучаныя намеры некаторых дзяржаваў ініцыяваць надзвычай жорсткія меры рэагаваньня Камісіі ў дачыненьні да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
Так, на Паралельнай Сустрэчы, што ладзілася прадстаўніком Злучаных Штатаў, сярод іншага было адзначана, што рэжым прэзідэнта Лукашэнкі нічым не адрозніваецца ад сітуацыі ў Судане, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі з’яўляецца катастрафічнай.
Гэткі пункт гледжаньня атрымаў працяг на Паралельнай Сустрэчы, што ладзілася сумесна прадстаўнікамі ЗША і іншых краінаў-сябраў Камісіі. Як паведамляе прысутны на мерапремстве прадстаўнік праваабарончых арганізацыяў Грузіі Гіві Міканадзэ, шараговае працоўнае пасяджэньне пераўтварылася ў сапраўдную бойку – настолькі бурнай была спрэчка па “беларускім пытаньні”, настолькі рэзкімі былі выказваньні ўдзельнікаў.
Агучаны праект рэзалюцыі па Беларусі мае надвычай крытычны і вельмі востры тон, у ім наўпрост крытыкуецца прэзідэнт Лукашэнка і ягоны рэжым, падкрэсліваецца становішча са зьнікненьнем людзей, перасьледам няўрадавых арганізацыяў, адсотнасьці свабоды слова, свабоды веравызнаньня і справядлівых выбараў. Асобна асуджаецца выпадак з ліквідацыяй Нацыянальнага Гуманітарнага Ліцэю імя Якуба Коласа.
Аднак самым цікавым момантам у праекце рэзалюцыі з’яўляецца прапанова Злучаных Штатаў аб стварэньні новай пасады – Спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі. Калі гэтая прапанова знойдзе падтрымку ў большасьці сябраў Камісіі, Беларусь патрапіць у адзін шэраг з тымі краінамі, у якіх сітуацыя з правамі чалавека асобна кантралюецца прызначаным ААН Спецыяльным дакладчыкам, такімі краінамі, як М’янма, Конга, С’ера-Леонэ, Куба і Судан.
У адказ на гэтую прапанову прадстаўнік Рэспублікі Беларусь заявіў, што ў праекце рэзалюцыі праводзіцца палітыка падвойных стандартаў, і што прыкрываясь правамі чалавека Злучаныя Штаты і Эўразьвяз хочуць умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі, парушэць ейны сувэрэнытэт. У якасьці прыкладу выкананьня ў Беларусі агульнапрынятых стандартаў правоў чалавека прадстаўнік Беларусі прывёў факт запрашэньня ўрадам краіны спецыяльнай рабочай групы ААН па праблеме папярэдняга зьняволеньня, якая павінная наведаць Беларусь з інспекцыяй у гэтым годзе. Пазыцыю Беларусі падтрымалі Кітай і Расія.
Прадстаўнікі Арменіі і Японіі, згодныя з агульным зьместам праекта рэзалюцыі, адзначылі, што прызначэньне Спецыяльнага дакладчыка з’яўляецца скарайняй мерай, якую яны лічаць неадэкватнай становішчу ў Беларусі. Гэтыя краіны адзначылі, што не падтрымаюць увядзеньне гэтай пасады. Пазыцыя Украіны засталася неакрэсленай, паколькі прадстаўнік гэтай краіны папросту зьбег з залі, калі спрэчкі дасягнулі апагея. Таксама засталася нявыказанай пазыцыя Польшчы.
Вельмі рэзка і катэгарычна ў падтрымку прапановы ЗША выступілі прадстаўнікі Швэйцарыі, Канады, Ірляндыі (ад імя Эўразьвязу) і Галяндыі.
У выніку дыскусіі стала зразумелым, што большасьць краінаў-сябраў Камісіі падтрымлівае прапанову ЗША аб прыняцьці самых жорсткіх мераў у адносінах да беларускага ўраду: за гэта выступаюць усе латынаамерыканскія краіны (акрамя Кубы), усе краіны Эўразьвязу, прадстаўленыя ў Камісіі (гэта 8 галасоў), некалькі афрыканскіх дзяржаваў, ЗША, Канада, Аўстралія, Вугоршчына, Харватыя.
Адзначым, што і на іншых пасяджэньнях у межах падрыхтоўкі да сэсіі Камісіі па правах чалавека ўзгадваецца беларускае пытаньне – шмат якія краіны робяць акцэнт на сітуацыі ў Беларусі ў сваіх выступах.
Такім чынам, разгляд становішча з правамі чалавека ў Беларусі, які пачнецца неўзабаве ў Камісіі па правах чалавека ААН, можа мець самыя несуцяшальныя наступствы для беларускага ўраду. Вельмі верагодна, што ААН выступіць з асуджэньнем парушэньяў правоў чалавека ў Беларусі.
Юры Чавусаў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”