"Пакаяльнае інтэрв'ю" з Дар'яй Лосік і новая спецвытворчасць: хроніка пераследу беларусаў 6-7 чэрвеня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-7 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 15 чалавек — цяпер у ім 4134 прозвішчы
7 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі журналіста-фрылансера з Палесся Аляксандра Ігнацюка і велаактывістку з Гомеля Святлану Кароль.
У Бярозаўцы затрымалі назіральніцу за выбарамі 2020-га году Гражыну Гетка
Гэта адбылося 5 чэрвеня, паведаміла "Задержания, суды в Лиде".
Гэта ўжо другое затрыманне жанчыны за гэты год — напрыканцы зімы ёй прызначылі 25 сутак арышту.
Прапагандысты анансавалі выхад "пакаяльнага інтэрв'ю" з палітзняволенай Дар'я Лосік
У ягоным анонсе трапіла жоўтая бірка Дар'і, згодна з якой, яна павінна выйсці на волю 1 жніўня 2024-га году.
Сцвярджаецца, што палітзняволеная сама захацела даць інтэрв'ю, каб "з першых вуснаў расказаць праўду пра сябе і пра тое, што з ёй зрабілі".
Затрымалі мужчыну, які пажадаў "кіраўніцтву саюзнай дзяржавы пайсці ў апошні шлях"
На "пакаяльным відэа" ад 7 чэрвеня затрыманы кажа, што трапіў на відэа з акцый пратэсту, пакідаў абразлівыя каментары, напісаў словы падзякі ў чат-бот "Чорнай Кнігі Беларусі", а таксама дрэнна ставіўся да вайны ва Украіне.
Акрамя гэтага, мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён пажадаў "кіраўніцтву саюзнай дзяржавы пайсці ў апошні шлях".
Палітвязня Акіхіру Гаеўскага-Ханаду змясцілі ў ПКТ на 4 месяцы
Пра гэта паведаміў 1 чэрвеня "АЧК-Беларусь".
Нагадаем, актывіст анархісцкага руху ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль 4 гады. У Мінгарсудзе 6 верасня 2022 года яму прысудзілі 16 гадоў калоніі.
28 лютага 2023 года Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова скараціла тэрмін палітвязня на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Акіхіра — 15 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
За ўдзел у пратэстах і сувязь з ЧКБ затрыманы мужчына — сілавікі пішуць, што ён "навязваў сыну дэструктыўныю ідыялогію"
На "пакаяльным" відэа ад 6 чэрвеня затрыманы "прызнаецца" ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, рэгістрацыі ў чат-боце плана "Перамога", абразлівых каментарах пра прыхільнікаў улады і вайны ва Украіне. Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён дасылаў праекту Nexta паведамленні пра перасоўванне расійскіх войскаў у Беларусі, а праекту "Чорная Кніга Беларусі" — інфармацыю пра супрацоўніка ДАІ.
Мужчыну таксама прымусілі сказаць, што ён "навязваў свайму сыну дэструктыўныю ідыялогію".
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Андрэя Прылуцкага, экстрадыцыі якога з Расіі дамагалася беларуская пракуратура
Пра гэта стала вядома 6 чэрвеня.
41-гадоваму Андрэю інкрымінаваны арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Мінскай вобласці.
Андрэй Прылуцкі працаваў на "Беларуськаліі" і далучыўся да страйку з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі ды новых выбараў. Пад пагрозай арышту ён уцёк у Расію, адкуль збіраўся ляцець ва Украіну, але быў затрыманы ў Санкт-Пецярбурскім аэрапорце. Мужчына амаль 6 месяцаў правёў у СІЗА, адкуль пазней выйшаў на волю.
Сілавікі апублікавалі "пакаяльнае відэа" са спеваком Сашам Нэма
На відэа ад 6 чэрвеня ён "просіць прабачэння" за тое, што ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
ГУБАЗіК сцвярджае, што спявак сам прыйшоў да іх, але ніякіх доказаў гэтага факту не прыводзіцца і пра гэта не кажа сам Нэма.