viasna on patreon

Дайджэст вызваленых: мінімум 28 палітвязняў у траўні выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну

2024 2024-06-03T13:26:24+0300 2024-06-03T13:26:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malachousky_uladz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1395 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію"), ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па даных "Вясны", у траўні на волю выйшлі мінімум 28 чалавек, якія цалкам адбылі свае тэрміны. Яшчэ адзін палітвязень быў асуджаны да "хатняй хіміі" і вызвалены з СІЗА. За што палітвязні адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

Адзначым, што лічба палітвязняў, якія выйшлі на волю па адбыцці тэрміну, можа быць большай праз адсутнасць дакладных звестак пра іх вызваленне. Калі вам вядома, што чалавек, асуджаны па палітычных матывах, знаходзіцца ўжо на волі, калі ласка, паведамляйце праваабаронцам праз тэлеграм: @Viasnainfo.

Палітвязень Уладзімір Малахоўскі — 3 гады, 3 месяцы і 12 дзён у зняволенні

57-гадовы Уладзімір — жыхар Віцебска, сябра партыі БНФ, прымаў удзел у назіранні за выбарамі. Палітвязень хварэе на анкалогію і мае 3 групу інваліднасці. 

Паводле абвінавачання па арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да міліцыі), Малахоўскі падчас затрымання на акцыі пратэсту спрабаваў нанесці траўмуючыя ўдары па розных часцях цела міліцыянтаў, пашкодзіў форму, завалодаў міліцэйскім жэтонам, а пазней, ужо будучы затрыманым і знаходзячыся ў аўтазаку, распыліў газ з балончыку ў бок міліцыянтаў. Суд прызначыў палітвязню тры з паловай гады калоніі.

Палітвязень Андрэй Шульгат — 2 гады, 7 месяцаў і 14 дзён у зняволенні 

Андрэя затрымалі 29 верасня 2021 года па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Яго абвінавацілі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). Разгляд справы Андрэя адбыўся 5 кастрычніка 2022 года ў Віцебскім абласным судзе. Яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі. Напачатку траўня палітвязень выйшаў на волю з магілёўскай калоніі № 15.

Палітвязень Яўген Мерунко — амаль 2 гады ў зняволенні 

Яўгена затрымалі 8 снежня 2021 года. Яго абвінавацілі па арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). 1 сакавіка 2022 года суд Навабеліцкага раёна г. Гомеля прызначыў Яўгену два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

З 5 чэрвеня 2022 года Яўген адбываў тэрмін у ПУАТ-55, а напрыканцы траўня выйшаў на волю.

Берасцеец Дзмітрый Гапанюк — больш за 1 год і чатыры месяцы ў зняволенні

Дзмітрыя затрымалі 9 студзеня 2023 года ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 КК, распачатай у Брэсце па падзеях 13 верасня 2020 года, калі падчас акцыі пратэсту людзі вадзілі карагод на праезнай частцы (так званая "карагодная справа"). Яму прызначылі 1,5 года калоніі.

Дзмітрый адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17.

Палітзняволеная Алеся Буневіч — 2 гады і 29 дзён у зняволенні

Алеся Буневіч

Алесю затрымалі ў красавіку 2022-га году, калі яна вярнулася з Літвы ў Беларусь. Буневіч абвінавацілі ў тым, што яна мусіла дапамагчы «рэйкавым партызанам» выехаць з Беларусі.

Спачатку яе вінавацілі ў "здзяйсненні тэрарыстычнага акта групай асоб па папярэдняй змове", але пасля справу перакваліфікавалі на «наўмыснае незаконнае перасячэнне мяжы арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 371 КК). Вядома, што сваёй віны яна не прызнала.

17 лістапада 2022 года ёй прызначылі тры з паловай гады калоніі. Але на апеляцыі, якая прайшла 31 студзеня 2023-га, прысуд зменшылі на год.

Палітвязень Валянцін Музыкін — 2 гады, 7 месяцаў і 2 дні ў зняволенні

54-гадовага Валянціна абвінавацілі па ч. 1 арт. 130 КК "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", а таксама па арт. 369 КК "абраза прадстаўніка ўлады". Суд праходзіў у закрытым рэжыме. У жніўні 2022 года суддзя Гомельскага абласнога суда Іван Котаў прызначыў палітвязню 2 гады пазбаўлення волі. Тэрмін Валянцін адбываў у бабруйскай калоніі № 2.

Берасцейцы Данііл Хабавец і Марк Антонаў — больш за 3 гады ў зняволенні

Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020 года паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). 8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Даніілу прызначылі 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Марку — 4 гады.

Адзін палітзняволены выйшаў на волю пасля суда 

У траўні беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі адзін палітвязень у мінулым месяцы выйшаў на волю з СІЗА пасля суда — Андрэй Анпілогаў, якому прызначылі два з паловай гады "хатняй хіміі".

Але гэтыя даныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства