viasna on patreon

Абмежаваны доступ да "Студэнцкай думкі", чарговае затрыманне адміністратара чата: хроніка пераследу 28 траўня Дапоўнена

2024 2024-05-28T13:50:00+0300 2024-05-28T18:13:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/studenckaja-dumka.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі жыхара Бабруйска

Сцвярджаецца, што мужчына нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».


Сілавікі затрымалі беларускамоўнага вядучага Андрэя Паплаўскага

На «пакаяльным відэа» яго прымусілі сказаць, што ён прытрымліваўся «мяккіх апазіцыйных поглядаў», быў падпісаны на «Nexta» і перасылаў пасты з гэтага каналу.

Як распавядаў сам мужчына ў нядаўнім інтэрв'ю, ён «дзесяць гадоў вядзе вяселлі і карпаратывы на беларускай мове і прыводзіць гасцей у атмасферу шляхецкай карчмы».


Следчы камітэт распачаў новыя "спецвытворчасці"

На гэты раз у дачыненні да гаспадыні крамы «Адметнасць» і жонкі палітвязня Паўла Мажэйкі — іх збіраюцца судзіць завочна/

51-гадовай Вользе Верамеенка і 46-гадовай Ірыне Чарняўка інкрымінаваны арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)

Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Гродзенскай вобласці.


У Беларусі абмежаваны доступ да "Студэнцкай думкі"

Па пастанове пракурора Мінскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу "Студэнцкая думка" (dumka.me). Падставай для прыняцця гэтага рашэння сталі парушэнні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі".

У прыватнасці, як лічыць пракуратура, на партале “публікаваліся звесткі, якія прапагандуюць спосабы ўхілення ад выканання вайсковага абавязку, а таксама інфармацыя экстрэмісцкага характару, якая падахвочвае грамадзян да процідзеяння дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь”.


У Гомелі паводле палітычнага артыкулу затрымалі экс-міліцыянта

Як стала вядома «Свабодзе», прычына затрымання гамельчука Вілена Тургунава — каментары ў інтэрнэце, у тым ліку негатыўныя ў бок міліцыі. Затрыманы актыўна вёў старонкі ў розных сацыяльных сетках, дзе выказваўся пра палітычныя і сацыяльныя падзеі.

Цяпер таксама адбывае тэрмін сваяк Вілена, Ігар Казубаў. Як і Тургунаў, Казубаў служыў у гомельскай міліцыі, але ў 90-х. Пасля працаваў кухарам. У сацыяльных сетках актыўна выказваўся пра беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў.

Яго судзілі ў закрытым рэжыме паводле артыкулаў аб «распальванні варожасці», «абразе Лукашэнкі», «паклёпе на Лукашэнку». Яму прысудзілі пазбаўленне волі, але дакладны тэрмін невядомы.


Сілавікі затрымалі адміністратара чата "Беларусы на Шры-Ланцы"

Як высветліла @mediazona_by, затрыманы — Віктар Чайка. Ён з'яўляецца аўтарам невялікага ютуб-канала «Дыялогі аб Міры».

Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе зараз знаходзіцца — невядома.


Сілавікі затрымалі дырэктара івэнт-агенцтва “Графіміл” і ягоную жонку

На камеру сілавікоў мужчына кажа, што з'яўляецца дырэктарам івэнт-агенцтва “Графіміл” і што ён удзельнічаў у пратэстах 2020 года, а таксама быў падпісаны на выданне “Зеркало” і чат-бот “Голас”.

Ягоная жонка працуе ў “Графіміл" інструктарам па танцах. Жанчына на камеру кажа, што зарэгістравалася ў чат-боце «Перамога», потым гэты бот выдаліла, піша "Медыязона".

Паводле дадзеных Міністэрства культуры, івэнт-агенцтва "Графіміл" зарэгістравана на Сяргея Сарокіна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства