Леанід Судаленка: "У калоніі можна страціць не толькі сваё здароўе, а нават жыццё"
Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause пачаў сваю працу ў Празе 23 траўня. Гэта першае пасля падзей 2020 года буйное экспертна-палітычнае мерапрыемства, прысвечанае крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама дапамозе тым, хто прайшоў праз рэпрэсіі.
У першай працоўнай панэлі па тэме «Трэнды рэпрэсій у Беларусі і новыя выклікі» бяруць удзел Кацярына Дзяйкала (БХК), Марыя Колесава-Гудзіліна (Беларуская Асацыяцыі адвактаў правоў чалавека), Леанід Судаленка (ПЦ «Вясна») і Вячаслаў Касінераў («Dissident BY»).
У сваім выступе праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка распавёў пра свой сумны вопыт зняволення і стан медычнай дапамогі ў калоніі, а таксама пра шкодную працу, якая таксама моцна ўплывае на здароўе чалавека – тыя, хто атрымаў вялікія тэрміны могуць страціць у калоніі сваё здароўе і нават сваё жыццё.
"Я зараз вымушаны згадаць тут свайго сябра Алеся Бяляцкага, якому за 60 год і які на чатыры гады за мяне старэйшы. Вельмі часта думаю пра тое, як ён у такіх нечалавечых умовах выжывае. Я за кароткі тэрмін – тры гады – згубіў зрок, таксама ёсць і іншыя праблемы са здароўем. А 10 гадоў, якія “прызначылі” Алесю, як там кажуць, гэта ўжо “ніколі”, у сэнсе, што твой тэрмін ніколі не скончыцца.
Таксама павінен тут успомніць сваіх сяброў па праваабарончым цэнтры “Вясна” Вялянціна Стэфановіча, Уладзю Лабковіча, Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка, якія атрымалі вялікія тэрміны толькі за тое, што дапамагалі іншым людзям. Узгадваю і многіх іншых – палітычных, і прафсаюзных лідараў, усіх неабыякавых грамадзян, якія патрабавалі перамен і за гэта былі кінутыя ў турму...
Я хацеў таксама дадаць, што пасля вызвалення з турмы рэпрэсіі ў дачыненні да былых палітзняволеных не заканчваюцца, я гэта адчуў на сабе, паколькі зараз супраць мяне ўзбуджаная спецвытворчаць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, арыштаваны зямельны ўчастак пад Гомелем, хаця я толькі паўгода як з турмы. Пасля вызвалення я яшчэ два гады мушу наведваць прафілактычныя мерапрыемствы, браць дазволы каб паехаць некуды.Такія ўмовы вельмі нагадваюць “хатнюю хімію”. Нават пасля пагашэння судзімасці яшчэ пяць гадоў я не маю права на многія рэчы і мяне будуць трымаць на прафілактычным уліку. Фактычна ўлады самі стварылі такія ўмовы, з-за якіх я вымушаны быў з’ехаць”.
У мерапрыемстве бяруць удзел больш за 70 прадстаўнікоў беларускіх правабарончых арганізацый і ініцыятыў гуманітарнай дапамогі, а таксама палітычныя прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычнай Беларусі.