Затрыманні, новыя крымінальныя справы: хроніка пераследу 22 траўня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Instagram старонкі «alehkulesha», «olgagrin22», «decoder_org», «volha_volhas», «belarusinlt», «juls_frog»;
- Старонкі ва «Укантакце» «Вектор Нашего Города», «Яфит»;
- Старонкі ў сацсетках праектаў, ініцыятыў і партый «Bella Fox», «Tribunal.infо | Беларускi Народны Трыбунал», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)»;
- Facebook-старонкі «Медиа-Полесье», «Dapamoga»;
- Старонкі ў «Аднакласніках» «ЗА БАТЬКУ», «александр комленок»;
- TikTok-старонкі «Tim Suladze», «каталiк з Беларусi», «Беларускi Народны Фронт», «BeLaRuS», «bnr100by», «Саша, что ты несешь?», «lukafakeit».
На беларуска-літоўскай мяжы затрымалі дваіх мужчын
Сцвярджаецца, што адзін з іх меў намер незаконна трапіць у Літву з мэтай ухілення ад крымінальнай адказнасці, а іншы выконваў ролю кіроўцы.
Прапагандысты пішуць, што першы мужчына пакідаў каментары па «справе Зельцэра» пра забітага кдбіста Федасюка, а другі ў 2020-ым годзе прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у акцыях пратэсту.
За ўдзел у акцыях пратэсту затрыманы намеснік дырэктара ТАА «НТЦ ЭТ»
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што акрамя «народнага» арт. 342 КК затрыманаму будзе інкрымінаваны арт. 361-1 КК («удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), бо раніцай ён нібыта атрымаў паведамленне ад чат-бота плана «Перамога» аб удзеле ў выбарах у Каардынацыйную раду.
Па матэрыялах КДК у мінулым годзе распачалі 80 спраў аб «фінансаванні экстрэмізму і тэрарызму»
Для параўнання, у 2022 годзе па матэрыялах КДК было распачата 11 крымінальных спраў, звязаных «з фінансаваннем экстрэмісцкіх фармаванняў і тэрарыстычных арганізацый, а таксама ўдзелам грамадзян Беларусі ва ўзброеным канфлікце на баку Узброеных сіл Украіны».
Затрыманы адміністратар тэлеграм-канала «Propovednik»
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што мужчына «распальваў нацыянальную і сацыяльную нянавісць, заклікаў да гвалту, выступаў за радыкалізацыю і тэрарызм».
Паведамляецца, што распачаты шэраг крымінальных спраў — затрыманаму пагражаюць 10 гадамі зняволення.
У тэлеграм-канале «Propovednik» усяго 117 падпісантаў, а яго мэтамі названыя «сыход ад уплыву фашысцкай Расіі і вызваленне Беларусі ад дыктатуры, у тым ліку і Ціханоўскай дыктатуры».
Святар Павел Лемех не выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту
Учора адбыўся другі суд, аднак ягоны вынік пакуль невядомы, піша katolik.life.
Нагадаем, айца Паўла затрымалі разам з іншым святаром — айцом Анджэем Юхневічам, які таксама служыць у Шуміліне. Айцу Анджэю прысудзілі 15 сутак арышту — гэты тэрмін сканчваецца 23 траўня. Акрамя таго, судзілі адну з парафіянак — за падпіску ў сацсетцы на «экстрэмісцкую» старонку, яе пакаралі штрафам.