Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі: акцыі ў іх падтрымку праходзяць па ўсім свеце Дапоўнена
У трэцюю гадавіну з дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка беларусы ўсяго свету праводзяць 21 траўня Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Гэты дзень запачаткавалі праваабаронцы "Вясны". У гэтым годзе запланавана болей за 30 розных мерапрыемстваў і акцый у розных краінах свету. Яны пачаліся 19 траўня і будуць праходзіць некалькі дзён. Распавядаем, як беларусы выказваюць салідарнасць з тымі, хто зараз за кратамі і з тымі, хто адтуль болей не вернецца. Падрабязную інфармацыю пра ўсе мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі можна паглядзець на сайце prisonersday.info.
21 траўня
У літоўскай Клайпедзе адбылася акцыя салідарнасці, прысвечаная Дню палітвязня.
Мясцовыя беларусы зладзілі роварную паездку з бел-чырвона-белай атрыбуцыкай і сцягамі па горадзе
У Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве адзначылі Дзень палітвязня.
Там адбыўся “Марафон лістоў”: актывісты напісалі словы падтрымкі тым, хто за кратамі. Наўзамен можна было атрымаць падарункі, сярод якіх былі шоперы і цішокі ад Dissidentby.
"Канешне, мы рыхтаваліся загадзя і нашыя валанцёры пісалі лісты загадзя. Мы разам арганізоўваем гэтае мерапрыемства з іншымі ініцыятывамі, якія займаюцца абаронай правоў палітвязняў. І ў тым ліку напісаннем лістоў", - сказала мадэратарка падзеіАлена Панамарова.
У Варшаве ініцыятыва ладзілася афлайн цягам 3 гадзін.
Таксама ў Варшаве ў Беларускім Доме адбылася сустрэча, прысвечаная палітзняволеным. На ёй выступілі сурганізатары падзеі: заснавальніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая і кіраўнік установы Алесь Зарэмбюк, а былыя зняволеныя падзяліліся сваім досведам і думкамі пра набалелае.
Сярод спікераў была і Мія Міткевіч. Жанчына была асуджаная на 3 гады калоніі, цалкам адбыла тэрмін і вызвалілася год таму. Экс-палітвязынка распавяла, што адчувала падчас сустрэчы:
"Боль, таму што праз паўгода здаецца адпускаеш сітуацыю, але яна не адпускае. Бо ўсё роўна думаеш, як там дзяўчаты, як яны сябе адчуваюць. Я разумею, што кожная з іх фактычна можа апынуцца ў той жа распрацоўцы, што і я. І гэта насамрэч страшна. Бо жанчына ў прынцыпе не мусіць праходзіць праз тое, праз што мы ўсе праходзім. Гэта балюча, таму што гэта страшна"
Акцыя салідарнасці з палітычнымі зняволенымі 21 траўня прайшла ў Вільні.
На Кафедральнай плошчы сабралася больш за сотню чалавек. Перфомансы і спевы чаргаваліся з выступамі палітыкаў, былых палітвязняў і праваабаронцаў.
Падчас акцыі ў літоўскай сталіцы зачыталі пэтыцыю на адрас МЗС Літвы, а ўсіх удзельнікаў мітынгу заклікалі яе падпісаць. У дакуменце МЗС Літвы заклікаюць далучыцца да патрабаванняў беларусаў і накіраваць нелегітымным уладам Беларусі зварот з заклікам вызваліць палітвязняў.
У швейцарскім Цюрыху прайшла акцыя салідарнасці з нагоды Дня палітвязняў.
Сярод удзельнікаў акцыі былыя палітзняволеныя, сябры беларуска-швейцарскай асацыяцыі RAZAM і праваабаронцы швейцарскай філіі Libereco.
У Беластоку адбываецца акцыя салідарнасці, прымеркаваная да Дня палітвязня.
Яны праходзіць каля консульства Беларусі.
У Вільні праваабаронцы "Вясны" ладзяць адкрыты запіс падкасту "Вясна прыйдзе".
"Мы хочам дапамагчы палітвязням захаваць сваё здароўе і разам з прафесійнымі медыкамі і юрыстамі, а таксама з людзьмі, якія прайшлі праз беларускія турмы, знайсці адказы на самыя надзённыя пытанні для палітычных зняволеных", — кажуць арганізатары.
20 траўня
Беларусы Шатландыі ўсталявалі імправізаваныя сцяжкі з імёнамі усіх беларускіх палітычных зняволеных.
Гэта было зроблена з нагоды Дня палітвязняў.
У Маскве, каля беларускай амбасады, з'явіліся фотаздымкі загінулых палітвязняў
Партрэты Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна з'явіліся ўчора ўвечары каля будынка амбасады.
Паведамляецца, што ўшанаваць памяць загінулых беларускіх палітвязняў сваёй прамовай хацела грамадзянка Расіі, аднак ёй не дазволіла гэта зрабіць паліцыя.
Святлана Ціханоўская: “Нам нельга маўчаць ні дня”
Дэмакратычны лідар Беларусі апублікавала зварот з нагоды Дня салідарнасці з палітвязнямі, які адзначаецца 21 мая. Роўна тры гады таму ў калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Яе зварот публікуе "Наша Ніва".
«Сёння дзень, які адгукаецца болем у сэрцы кожнага з нас. Я не магу проста прамовіць слова «палітвязень» — яго хочацца крычаць ад болю і злосці. Болю, бо такіх зняволеных у краіне сёння як менш паўтары тысячы. Яшчэ амаль столькі ж прайшлі праз турмы, катаванні, знявагу — і ўжо вярнуліся на волю. Але з падарваным здароўем і страчанымі гадамі жыцця. Злосць жа перапаўняе мяне ад таго, што рэпрэсіі працягваюцца — і людзей бяруць у закладнікі. Праз імкненне забіць свабоду слова, свабоду меркаванняў рэжым пераследуе народ.
Мы імкнуліся шмат што зрабіць, каб змяніць сітуацыю — публічна і не публічна. Але рэжым не мае цікавасці ў вызваленні палітвязняў. Для Лукашэнкі людзі — гэта проста расходны матэрыял, які не мае каштоўнасці. Менавіта таму ўжо шэсць зняволеных памерлі за кратамі.
Мы абавязаныя штодзень шукаць магчымасці, каб вызваліць нашых родных і сяброў з турмаў. А пакуль яны ў няволі, мы павінны іх падтрымліваць, і павінен гэта рабіць кожны з нас. Мы — голас беларускіх палітвязняў, і нам нельга маўчаць ні дня. Мы можам быць стомленымі і разгубленымі ад таго, што адбываецца навокал. Але людзі, якія знаходзяцца за кратамі, ахвяруюць кожным днём жыцця за вольную Беларусь. І сёння мы з вамі — іх голас, іх надзея. Мы не маем права падвесці нашых герояў».
Беларусы Бельгіі, насуперак усім пагрозам рэжыму, выйшлі 20 траўня ў самым сэрцы Еўропы на акцыю, каб нагадаць пра лёс нашых палітычных вязняў і выказаць падтрымку тым, хто знаходзіцца за кратамі адно праз прагу лепшай долі для беларускага народу.
Пасля акцыі, ужо традыцыйна, у Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі беларусы Бельгіі напісалі паштоўкі тым палітвязням, якія святкуюць свой дзень народзінаў у траўні, і тым, пра каго няма ніякай інфармацыі ўжо трывалы час.
У акцыі ўзяў удзел і намеснік прадстаўніка ў замежных справах Кабінета, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка.
Турын, Італія.
20 траўня ў Турыне адбылося адкрыццё выставы Ксішы Ангелавай, мастачкі, якая распавядае пра палітвязняў мовай мастацтва. Да 24 траўня у Нацыянальнай студэнцкай бібліятэке Турына можна пабачыць амаль 400 партрэтаў беларускіх зняволенных.
У адкрыцці выставы бралі ўдзел прэзідэнт асацыяцыі Fondazione Luigi Firpo Vincenzo Ferrone, адказная за культуру ў адміністрацыі Турына Rosanna Purchia, мастачка Ксіша Ангелава, былая палітзняволенная Ася Булыбенка і прэзідэнтка асацыяцыі «Талака» Юлія Юхно.
"Гэта першая выстава Ксішы ў Італіі! Мы вельмі ўсцешаныя тым, як усё прайшло і ўдзячныя ўсім, хто прыйшоў нас падтрымаць!", - паведамляюць арганізатары марапрыемства.
19 траўня
У цэнтры Варшавы 19 траўня, ля помніка Каперніку, адкрылася інтэрактыўная выстава пад адкрытым небам пад назвай "Муры". На стылізаванам дроце былі размешчаны фатаграфіі палітвязняў Беларусі.
Да партрэтаў падыходзілі ў тым ліку госці Варшавы, якія разглядалі і фатаграфавалі партрэты.
На мерапрыместве выступілі былыя палітвязні, якія нядаўна з'ехалі з Беларусі. Яны распавялі пра цяжкія ўмовы ў зняволенні і катаванні. У канцы акцыі беларуская мастачка Яна Шостак правяла свой знакаміты перфоманс "Хвіліна крыку".
Рым. Сёння беларуская дыяспара ў Італіі правяла мітынг, прысвечаны Дню палітвязня.
Мітынг быў арганізаваны Народнай амбасадай Беларусі ў Італіі, на ім прысутнічалі прадстаўнікі палітыкі з палітычных партый «Fratelli d’Italia”, “Partito democratico”, “Più Europa”, кандыдатка ў Еўрапарламент Вольга Сурынава, а таксама прадстаўніца Народнай амбасады Юлія Юхно.
Разам з нашымі паплечнікамі мы распавялі гісторыі беларускіх палітвязняў і яшчэ раз нагадалі пра нашую барацьбу.
Беларусы Вялікабрытаніі сабраліся на акцыю салідарнасці з палітвязнямі ў Лондане, у Parliament Square.
"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 траўня — Дзень палітвязняў
Сёлета тэма Дня палітвязняў Беларусі — права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні.
Інфармацыя дапаўняецца.