viasna on patreon

Вялікі штраф для Ніны Багінскай і новыя затрыманні за пратэсты: хроніка пераследу 16-17 красавіка

2024 2024-04-17T15:30:00+0300 2024-04-17T15:41:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nina-bahinskaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-17 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ніну Багінскую аштрафавалі на 2000 рублёў

nina-bahinskaja.jpg
Ніна Багінская

Суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую на 2000 рублёў (50 базавых велічыняў). Як стала вядома "Белсату", падставай для пераследу стаў значак з выявай нацыянальнага сцяга, які быў на вопратцы Багінскай. За гэта супраць яе склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет).

Суддзя Аляксадр Супічэнка ў сваёй пастанове напісаў, што "значак белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру" падлягае знішчэнню, і пакараў Багінскую штрафам памерам 50 базавых велічыняў (2 000 рублёў).


Пікетаваў з плакатам каля будынка Мёрскага райвыканкама: за што судзілі каталіцкага актывіста

sjarhei-vasileu.jpg
Сяргей Васільеў

Былога палітвязня з Мёраў, актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Сяргея Васільева 10 красавіка асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП за "несанкцыянаваны пікет", заўважыла "Хрысціянская візія".

Паводле пастановы суда, Сяргей 7 красавіка 2024 года стаяў з плакатам каля ўвахода ў будынак Мёрскай адміністрацыі. Зместам надпісу на плакаце невядомы. На судзе 10 красавіка актывіст пацвердзіў, што стаяў з плакатам. У выніку суддзя Ірына Яскевіч арыштавала мужчыну на 15 сутак.

Васільеў быў затрыманы ў жніўні 2021 года, а пазней асуджаны да 3 гадоў "хіміі" за "паклёп" у адрас Лукашэнкі.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

17 красавіка ў яго трапілі:

  • Старонка "Скрытая правда о жизни в Беларуси" ў "Аднакласніках";
  • Старонка "Belarusians of Washington DC" у "Х";
  • Старонка ў Facebook "Александр Казаровец";
  • TikTok-старонкі "Добрая Беларусь", "Мимоходом".

За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрымалі хлопца і дзяўчыну

На "пакаяльным" відэа ад 17 красавіка затрыманыя кажуць, што нібыта 9 жніўня 2020-га году былі каля стэлы "Мінск — горад-герой".


Сілавікі затрымалі жыхара Брэста, які ў 2020 годзе нібы "запускаў салюты" у міліцыянтаў

dzmitryi-lysjuk.jpg
Дзмітрый Лысюк

Пра затырманне стала вядома 16 красавіка.

Паводле інфармацыі "Медыязоны", гаворка пра Дзмітрыя Лысюка.

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што раней яго арыштоўвалі на 10 сутак па артыкуле аб распаўсюдзе "экстрэмісцкіх матэрыялаў" (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). На гэты раз яго затрымалі за тое, што ён разам са сваімі сябрамі ў 2020 годзе стаяў на праезнай частцы і "запускаў салюты ў супрацоўнікаў".


Ноччу з 15 на 16 красавіка сілавікі прыйшлі шукаць Леаніда Судаленку ў яго беларускую кватэру — праваабаронца з'ехаў з краіны мінулым летам

leanid-sudalenka_freeviasna.jpg
Леанід Судаленка

Пра гэта Леанід напісаў на сваёй старонцы ў Facebook і апублікаваў фота з Еўрапейскага парламенту.

"Сёння каля гадзіны ночы ў кватэру маёй сям’і грукаўся маёр міліцыі. Шукаюць нават ноччу, непакояцца…Гэтым здымкам падказваю маёру і астатнім выканаўцам рэпрэсій, дзе мяне шукаць. Я тут, каб дакументаваць, катаванні, каб расказваць, у якіх умовах вы трымаеце беларускіх палітвязняў-закладнікаў. Як Нобелеўскі лаўрэат прэміі міра Алесь Бяляцкі выжывае ў адзіночнай камеры ШІЗА. Не губляйце марна час, вярнусь у краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю. А пакуль — мы памятаем!"

Нагадаем, у лістападзе 2021-га году яго асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі Леаніда ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.


"Беларускі фонд медычнай салідарнасці" і чат "Валанцёры. Гомель" прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі"

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 8 красавіка.

Ведамства пазначыла, што ў пералік "экстрэмісцкіх фармаванняў" таксама ўнесена, цытата, "польскае структурнае падраздзяленне "Белыя халаты". Паводле КДБ, дачыненне да Фонду медычнай салідарнасці маюць Лідзія Тарасенка, Станіслаў Салавей і Андрэй Ткачоў.

Паводле КДБ, прозвішча чалавека, які нібыта мае дачыненне да чату "Валанцёры. Гомель" — гэта палітзняволеная Алена Тоцкая. Яе затрымалі па абвінавачванні ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" 23 студзеня 2024-га году.

alena-tockaja_.jpg
Алена Тоцкая

Жанчына раней працавала на дзяржаўнай службе, аднак у 2020 годзе стала актывісткай і валанцёркай.


Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк зноў не пусцілі адваката

palina-szarenda-panasjuk_1.jpg
Паліна Шарэнда-Панасюк

Муж Паліны Андрэй Шарэнда ў сваім Фэйсбуку паведаміў, што 15 красавіка адвакат у чарговы раз спрабаваў трапіць да палітзняволенай, але яму было адмоўлена. Ужо чатыры месяцы адвакату не даюць сустрэцца з Палінай, хаця яна ўжо даўно напісала адпаведную заяву для гэтага.

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Жанчыну спачатку асудзілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Пазней яе двойчы асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" яшчэ агулам да 2 гадоў зняволення. 

Падтрымайце Паліну: ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства