viasna on patreon

"Такое стаўленне можна лічыць катаваннем". Эксперты ААН заклікаюць вызваліць Рыгора Кастусёва

2024 2024-02-27T11:36:34+0300 2024-02-27T13:30:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kastusiou01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Эксперты ААН па правах чалавека выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб крытычным стане здароўя і жорсткім абыходжанні ў зняволенні з 66-гадовым Рыгорам Кастусёвым, асуджаным да 10 гадоў калоніі за "змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам". Эксперты адзначаюць, што неаказанне якаснага і своечасовага лячэння Рыгору можна лічыць катаваннем. Яны заклікаюць беларускія ўлады разгледзець пытанне аб памілаванні палітыка або змягчэнні яму пакарання.Фота

Старшыня Партыі БНФ знаходзіцца ў зняволенні амаль тры гады — з красавіка 2021 года. Пасля затрымання ў яго дыягнаставалі анкалагічнае захворванне. У кастрычніку 2023 года стала вядома, што адміністрацыя калоніі не паведамляла Рыгору вынікі абследавання, якое палітвязень прайшоў яшчэ ў жніўні. У сваіх лістах родным палітвязень адзначаў сваю занепакоенасць, што лекі, якія яму перадаюць блізкія, могуць да яго не дайсці. 

 З гэтай нагоды юрысты "Вясны" напачатку года адправілі запыт спецдакладчыкам ААН.

Юрысты "Вясны" звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН з нагоды ўмоваў утрымання палітвязня Рыгора Кастусёва

У зняволенні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне. З гэтай нагоды юрысты "Вясны" адправілі запыт спецдакладчыкам ААН.

"Непрадастаўленне адэкватнага медыцынскага лячэння і догляду за зняволеным у крытычным стане парушае абавязацельствы Беларусі ў рамках міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, згодна з якім дзяржава абавязваецца абыхадзіцца з асобамі, пазбаўленымі волі, з гуманнасцю і павагай да іх чалавечай годнасці. Такое стаўленне можна лічыць катаваннем.

Несвоечасовае прадастаўленне турэмнай медыцынскай службай вынікаў медыцынскага абследавання Кастусёву, яго адвакату і яго родным пазбавіла яго магчымасці дамагацца вызвалення з-пад варты па медыцынскіх паказаннях", — заявілі эксперты ААН. 

У заяве экспертаў таксама адзначаецца, што, нягледзячы на пагаршэнне стану здароўя, палітвязня неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). З мноства заяў, атрыманых экспертамі ААН за апошні год, вынікае, што ШІЗА і ПКТ характарызуюцца бесчалавечнымі ўмовамі ўтрымання пад вартай.

Эксперты падкрэсліваюць адсутнасць дзеючых прававых гарантый і эфектыўных сродкаў прававой абароны для прадухілення і аспрэчвання злоўжыванняў дысцыплінарнымі мерамі з боку турэмнай адміністрацыі.

"Паводле атрыманых звестак, нягледзячы на сталы ўзрост і стан здароўя, Кастусёў неаднаразова падвяргаўся больш суровым умовам утрымання пад вартай, чым вызначана прысудам, і быў пазбаўлены магчымасці абскардзіць гэтыя дзеянні з прычыны адсутнасці эфектыўных сродкаў прававой абароны", — заявілі яны.

Улічваючы цяжкі стан здароўя Кастусёва, эксперты заклікалі беларускія ўлады разгледзець пытанне аб памілаванні, змякчэнні пакарання, або замене турэмнага зняволення альтэрнатыўнай формай пазбаўлення волі ў адпаведнасці з мінімальнымі стандартнымі правіламі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да мер, не звязаных з турэмным зняволеннем (Такійскімі Правіламі).

Эксперты ААН кантактуюць з беларускімі ўладамі з нагоды гэтых заяў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства