viasna on patreon

Затрыманні за ўдзел у пратэсных акцыях: хроніка пераследу 18-19 лютага Дапоўнена

2024 2024-02-19T17:04:00+0300 2024-02-20T09:02:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/abushenka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 - 19 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманая вядучая "Альфа Радыё"

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні вядучай і гукарэжысёра "Альфа Радыё".

Відэа з ёй апублікаваў праўладны канал "Кніга ГУ"База»".

"Медыязона" знайшла старонку затрыманай вядучай у сацсетках, там яна падпісаная як Наталля Жукоўская.

На відэа сілавікоў Наталля Жукоўская кажа пра тое, што галасавала ў 2020 годзе за Святлану Ціханоўскую, а таксама фатаграфавала бюлетэнь і адпраўляла яго ў чат-бот плаформы "Голас". Акрамя таго, па яе словах, у яе тэлефоне сілавікі знайшлі відэа з пратэстаў.


Сілавікі затрымалі менчука за ўдзел у пратэстах у Менску ў 2020 годзе

Відэа затрымання апублікаваў праўладны канал «Кніга ГУ "База"». "Медыязона" знайшла старонку затрыманага ва Укантакце.

Там ён падпісаны як Улад Абушэнка. Ён працаваў лекарам, у 2020 годзе-скончыў шосты курс БДМУ.

На відэа сілавікоў мянчук кажа пра тое, што браў удзел у пратэстах у 2020 годзе і цяпер «панясе за гэта адказнасць». На відэа Улад Абушэнка апрануты ў швэдар, аднак рукі не забэрзаныя ў рукавы. Верагодна, затрыманы сядзіць перад камерай у кайданках.

Аўтары праўладнага канала таксама дэманструюць фота, на якім мянчук стаіць на праезнай частцы на праспекце Незалежнасці ў Менску.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

На гэты раз у спіс патрапілі:

Telegram-каналы і чаты «Брест для жизни», «Сюжетотерапия»;

старонка ў «Аднакласніках» «Грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь»;

сайты «luninies.bу», «baranovichy.bу», «stolin.bу»;

TikTok-старонкі «Владимир Соболь570», «Алексей Дышлёнок», «Вектор: Беларусь – Украина», «Беларусь якая ёсць», «Виталик Матусевич».


У Добрушы затрымалі "за палітыку" мясцовую чыноўніцу

«Гомельскай вясне» стала вядома пра затрыманне Крысціны Рамашко — дзяржаўнай інспектаркі Добрушскага раёнага аддзела па ўнутраным каранціне раслін дзяржаўнай установы «Гомельская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і абароне раслін».

15 лютага ў судзе Добрушскага раёна суддзя Аліна Кошкіна разглядала заведзеную на Крысціну Рамашко адміністрацыйную справу.
На чыноўніцу было накладзена адміністрацыйнае спагнанне па частцы 2 артыкула 19.11 (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі) КаАП РБ.


За ўдзел у пратэстах затрымалі жыхара Брэста

На «пакаяльным відэа» берасцеец кажа, што яго затрымалі за ўдзел у «несанкцыянаваных мітынгах».

Па інфармацыі @mediazona_by, затрыманы — Андрэй Салапура.


Двух жыхарак Кобрынскага раёна аштрафавалі за атрыманне дапамогі ад "экстрэмісцкага фармавання"

Суд Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці аштрафаваў двух мясцовых жыхарак на 1 200 рублёў за атрыманне бязвыплатнай дапамогі ад «экстрэмісцкага фармавання» (Частка 2 артыкула 24.15 КаАП). Пастановы судоў за 2 лютага апублікаваныя на Нацыянальным прававым партале.

Адна з жанчын атрымала прадуктовую дапамогу на суму 3 332 рублёў, другая — на 5 291 рублёў. У дакументах сказана, што ўсе тавары хацелі канфіскаваць, але ў другім выпадку яны ўжо былі выдаткаваныя.


У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — "Юго-Запад г. Минска"

Гаворка пра адпаведныя тэлеграм каналы і чаты.

Рашэнне аб прызнанне гэтага праекту «экстрэмісцкім фармаваннем» прынятае КДБ 13 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства