"У ПК-1 палітвязняў прымушаюць закапваць будаўнічае смецце і спальваць адкіды". Былы вязень указаў месцы на мапе
На сённяшні дзень паводле даных ПЦ "Вясна" ў Наваполацкай калоніі утрымліваецца каля 110 палітвязняў. Там адбываюць тэрміны Віктар Бабарыка, Ігар Лосік, Анджэй Пачобут і іншыя. Былы палітвязень Міхаіл (імя зменена), які цалкам адбыў тэрмін у ПК-1 і з’ехаў з краіны, распавёў “Вясне”, пра непалітычнага вязня Ігара Сацукевіча, які з дазволу міліцыянтаў стварае для палітвязянў асабліва жорсткія ўмовы, пра тое, як калонія атрымала штраф ад эколагаў за спальванне шкодных адкідаў, а таксама паказаў на мапе, дзе на тэрыторыі калоніі знаходзяцца дзве смеццевыя ямы, куды палітвязняў у свой адзіны выходны прымушаюць насіць будаўнічае смецце.
У ПК-1 адбывае пакаранне непалітычны зняволены Ігар Сацукевіч. Са словаў Міхаіла, Ігар актыўна супрацоўнічае з адміністрацыяй калоніі. Раней ён займаў пасаду загадчыка гаспадаркі ў атрадзе карантына. Пазней Сацукевіча прызначылі "САПІДам калоніі" (секцыя арганізацыі побыту і дасуга). На новай пасадзе Ігар загадвае вязням, куды зімою насіць снег, якую тэрыторыю прыбіраць і іншае. Тэрмін зняволення гэтага асуджанага – 20 гадоў. Міхаіл ведае толькі два з яго крымінальных артыкулаў – ч. 2 арт. 139 (забойства) і арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці).
"Ігар звычайны крымінальнік, які пільнуе з дазволу мянтоў, каб на карантыне падтрымліваліся асабліва жорсткія ўмовы. Гэта ён адказны за тое, каб пастаянныя вільготныя прыборкі і іншае выконваліся як мага часцей. Ігар пастаянна прыдзіраецца да новых асуджаных", – кажа Міхаіл.
"Калі вецер дзьме ў наш бок, няма чым дыхаць". Спальванне аплёткі правадоў
У калоніі на прамзоне займаюцца пераапрацоўкай другаснай сыравіны: пераплаўляюць металічны дрот. Для палягчэння справы, пластыкавую аплётку спальваюць. Падчас гэтага працэсу над калоніяй стаіць чорны смурод, а ў паветра трапляе шмат шкодных адкідаў. За гэта ў 2023 годзе калонія атрымала штраф ад службы экалагічнага нагляду.
"Але пасля гэта ў калоніі ўсё роўна працягнулі іх спальваць. Проста гэтае месца пачалі маскіраваць, каб дым не выходзіў наўпрост з коміна. Але там такая жэсць! Калі вецер дзьме ў твой бок, проста няма чым дыхаць", – скардзіцца мужчына.
"У свой адзіны выходны мы закапвалі будаўнічае смецце"
На тэрыторыі калоніі ёсць так званая “забаронка” – тэрыторыя, якую забаронена наведваць вязням. Там, за будынкамі баракаў, размяшчаецца смеццевая яма, у якую выключна палітвязняў прымушаюць насіць будаўнічыя адкіды. Гэта робіцца ў межах неаплочваймай працы “па самазабеспячэнні”.
"Калі Сацукевіча прызначылі САПІДам калоніі, ён загадаў палітвязням выкапаць велічэзную яму для будаўнічага смецця, якое захоўваецца ў нежылым бараку. Усе адкіды з любых рамонтных прац у калоніі складуюць на другім паверху гэтага барака. Нягледзячы на аварыйны стан будынка, у ім на першым паверсе пэўны час размяшчаўся карантын.
Праца на яме вельмі цяжкая і бязглуздая. Мы там увесь час проста таскалі цэглу. Вязні сталага веку нават пачалі скардзіцца, што з такімі нагрузкамі ды яшчэ і ў адзіны выходны не паспяваюць аднавіцца пасля працоўнага тыдня".
Калі ў калонію прыязджалі з праверкамі, то закопванне будаўнічага смецця спынялі, кажа суразмоўца.
"Адзін раз у нашым атрадзе на сцяне вісела аб’ява, што ў 15 гадзін у нядзелю мы мусім пайсці грузіць смецце. А перад прыездам правяраючых яе хуценька знялі. А перад прыездам больш важная камісіі напалову запоўненую смеццем яму тэрмінова закапалі за суткі".
На тэрыторыі калоніі ёсць яшчэ адна яма з будаўнічымі адкідамі. Для яе запаўнення таксама прыцягвалі палітычных зняволеных.
"Неяк у снежні ў мяцель вечарам пасля працы выклікалі аж тры атрады. Мы перакладалі бітую цэглу з вялікай кучы на драўляны паддон, які знаходзіўся праз 30 метраў. Гэтая праца была поўнай бязглуздзіцай. Мы ўжо пачалі жартаваць, што цэгла можа захварэць лежачы на голай зямлі. Іншага тлумачэння гэтаму перакладванню немагчыма было прыдумаць".
Аднойчы Ігару Сацукевічу данеслі, што некаторыя вязні ў адным атрадзе абразліва пра яго выказваюцца. Пасля гэтага палітычных таго атрада сталі прыцягваць у буднія дні пасля працы на прыборку будаўнічага смецця, распавядае Міхаіл.