Ціск на палітзняволеную, затрыманні: хроніка пераследу 3-5 лютага
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3-5 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Двух грамадзян Ізраіля затрымалі ў аэрапорце Мінска з-за фотаздымкаў у тэлефоне
Памежнікі праверылі іх мабільныя тэлефоны і знайшлі фотаздымкі салдат ізраільскай арміі, пасля чаго ізраільцян узялі пад варту.
Адзначаецца, што на працягу ўсяго часу затрымання ім не далі ежу. Ізраільцяне заставаліся пад вартай да таго часу, пакуль да іх не прыйшоў прадстаўнік ізраільскага консульства. У суботу раніцай грамадзяне Ізраіля вылецелі з Мінска ў Дубай.
Сілавікі затрымалі трансгендэрную дзяўчыну за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
На «пакаяльным відэа» затрыманая Вікторыя Кутузава расказала, што ў чэрвені 2023 года яе збіў украінец за сцяжок Украіны побач са сцяжком ЛГБТ+ на заплечніку і пашкодзіў палец. Затрымалі дзяўчыну за перасланае паведамленне з «экстрэмісцкага рэсурсу».
Таксама беларуска паведаміла, што ў яе жыў украінец, у якога выйшаў тэрмін 90-дзённага знаходжання ў Беларусі. За гэта на затрыманую склалі пратакол.
Сілавікі затрымалі двух братоў з Ваўкавыску
Вядома, што адзін з іх — супрацоўнік «Белакту».
На «пакаяльным відэа» яны «прызнаюцца» ва ўдзеле ў пратэстах і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Супраць Вікторыі Кульшы хочуць узбудзіць трэцюю запар крымінальную справу за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
Вікторыю двойчы за мінулы год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
Па інфармацыі праваабаронцаў, Вікторыя больш за месяц знаходзіцца ў ПКТ, але сустрэла Новы год у штрафным ізалятары. Цяпер стала вядома, што адміністрацыя жаночай калоніі № 24 ініцыявала ўзбуджэнне супраць палітзняволенай ужо трэцяй крымінальнай справы па арт. 411 КК. Падрабязнасці пакуль невядомыя.
Нагадаем, раней у зарэчанскай калоніі адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
Затрымалі пяць былых сілавікоў, якія ў 2020-ым годзе запісалі відэа з асуджэннем гвалту
Стала вядома пра затрыманне 31 студзеня шэрагу былых сілавікоў:
• падпалкоўніка міліцыі запасу Ігара Кісляка, які скончыў службу намеснікам начальніка аддзела ГУБАЗ і які доўгі час праслужыў начальнікам крымінальнай міліцыі Жодзінскага ГАУС;
• падпалкоўніка ў адстаўцы, былога намесніка начальніка Жодзінскага ГАУС, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Вячаслава Ільіча.
• падпалкоўніка, былога намесніка начальніка Жодзінскага ГАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэя Дарошкі;
• падпалкоўніка юстыцыі ў запасе, былога начальніка следчага аддзела Віталя Папроцкага;
• падпалкоўніка юстыцыі ў запасе, начальніка следчага аддзялення Дзмітрыя Вдовіна.
У 2020-ым годзе яны запісалі відэазварот да сваіх былых калег, у якім асудзілі гвалт у дачыненні да беларусаў.