viasna on patreon

"Улады пераразмеркавалі свае высілкі ў бок запужвання грамадства". Выйшла даследванне пра рэпрэсіі ў Беларусі

2024 2024-01-31T17:06:53+0300 2024-01-31T17:21:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyja_90_zatrymanne.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цэнтр новых ідэй прадставіў новае даследванне "Барометр рэпрэсій у Беларусі" за 2023-ці год. У ім на падставе звестак праваабаронцаў даследчык Генадзь Каршуноў прааналізаваў статыстычныя і колькасныя звесткі рэпрэсіўна-карнай сістэмы беларускага рэжыму і выявіў пэўныя тэндэнцыі. "Вясна" прыводзіць асноўныя высновы даследвання, а з поўным тэкстам можна азнаёміцца тут.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Даследчык прыйшоў да высновы, што рэжым працягвае нарошчваць ціск у бок знішчэння магчымасцяў для самаарганізацыі і самакіравання ў грамадстве.

"Адбываецца "дазачыстка" інфармацыйнай прасторы – цяпер на ўзроўні рэгіянальных медыя і незалежных блогераў. Заканадаўчая база дапрацоўваецца з улікам таго, каб мінімізаваць ступені свабоды, у прыватнасці для рэлігійных арганізацый і ўласнікаў кватэр.

Беларускі рэжым усё больш дакладна і паслядоўна праводзіць размежаванне паміж лаяльнымі і нелаяльнымі яму грамадзянамі з дыскрымінацыяй апошніх. У канцы 2023 года ўлады ўзмацнялі супрацьстаянне з дыяспарай, змяняючы заканадаўства і ладзячы правакацыі супраць яе", – гаворыцца ў "Барометры рэпрэсій у Беларусі".

Улады актывізавалі свае намаганні па нагнятанні трывогі і страху ў грамадстве, выкарыстаўшы цяпер не столькі персаналізаваныя механізмы, колькі інструменты "масавага ахопу" (прызнанне інфармацыйных крыніц экстрэмісцкімі матэрыяламі і "хапуны"), адзначае даследчык.

Мяркуецца, што дынаміка па разгортванні масавых "хапуноў" (напрыклад, па "справе КС" і па назіральніках на выбарах) шмат у чым стымуляваная набліжэннем электаральнай кампаніі 2024-25 гадоў.

"Разам з тым улады пэўным чынам пераразмеркавалі свае высілкі менавіта ў бок запужвання грамадства. Новыя акцэнты рабіліся на пашырэнне рэпрэсіўных захадаў у рэгіёнах і на сістэматызацыю дыкрымінацыйных захадаў супраць дыяспары".

У якасці вынікаў у даследванні адзначаецца:

"Улады працягваюць разглядаць грамадства як патэнцыйна небяспечны аб’ект. У якасці такога аб’екта разглядаецца ўжо не толькі пратэсна арыентаваная частка грамадства, але і наўпрост тая, што мае досвед самаарганізацыі і самарэалізацыі. Праз гэта асноўным інструментам унутранай палітыкі беларускага рэжыму застаюцца рэпрэсіі ў самым шырокім разуменні: кантроль, забарона, абмежаванні, сачэнне, прымус, запужванне, пакаранне і гэтак далей. Рэпрэсіўны механізм пэўным чынам ужо аформіўся, самі рэпрэсіі збольшага выйшлі на пэўнае плато – цягам года інтэнсіўнага росту рэпрэсіўнага ціску не назіралася. Адзінае выключэнне складае ўпэўнены і паслядоўны рост колькасці адміністрацыйных спраў, распачатых па палітычных матывах. Разам з гэтым адзначаецца пэўнае пашырэнне рэпрэсій ва ўмоўна тэрытарыяльным напрамку: на рэгіёны і за мяжу (на дыяспару). Галоўным трэндам апошняй чвэрці года стаў уваход рэжыму ў электаральную фазу, што прадвызначыла пераразмеркаванне высілкаў рэпрэсіўна-карнай машыны з гвалту і пакарання (хаця, на жаль, гэты складнік дасюль трывае) у бок запужвання грамадства (чаго стала заўважна больш)".

Тут можна азнаёміцца з гадавой справаздачай па правах чалавека ад "Вясны":

katavanni_ill.jpg

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2023 годзе

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства