viasna on patreon

"Калонія — гэта маленькі макет жыцця". Маналог экс-палітвязня Максіма Сілюка

2024 2024-01-30T13:00:00+0300 2024-01-30T14:59:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maksim_siliuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былы палітвязень Максім Сілюк быў асуджаны за пратэстную дзейнасць на два з паловай гады калоніі. У пачатку мінулага года ён выйшаў на волю і пакінуў Беларусь. Цяпер ён распавёў "Вясне" пра змены, якія адбыліся з ім праз зняволенне, салідарнасць, свае думкі падчас няволі, лісты ды інфармацыю звонку, а таксама пра злосць і сон. На гадавіну вызвалення Максіма публікуем яго гісторыю ад першай асобы.

maksim_siliuk.jpg
Максім Сілюк

Затрыманне

Да 2020-га года я жыў у Маскве. Там я прадаваў метал оптам. Там у мяне была сям'я. І я прыехаў у Беларусь спецыяльна на выбары. Мэтанакіравана ехаў. А пасля выбараў я паехаў, забраў сям'ю з Масквы, бо падазраваў, што гэта ўжо не скончыцца. Паўгода яны прачакалі мяне, калі мяне пасадзілі, і паехалі назад. А я — у Шклоў [у калонію — заўв.].

Мяне затрымалі 26 лістапада 2020 года. Усё было культурна. Гэта былі людзі ў цывільным. Я не ўзяў ні тэлефон, ні пашпарт з сабой. Паўдарогі праехалі, яны спыталі: "А чаго не ўзяў? А як назад будзеш дабірацца?" — "Ну як-небудзь дабяруся, горад жа родны". Іншых хлопцаў па маёй справе прынялі раней, чым мяне. Гэта значыць, я разумеў, што за мной прыйдуць. Але быў страх з'язджаць: як быццам бы недастаткова падстаў, каб з'язджаць у Еўропу. Я разумеў, што ў Расею ехаць нельга, бачыў афіцыйную рэакцыю расейскіх крыніц, таго ж Лаўрова. А ў Еўропу мне здавалася, што падстаў недастаткова. І як аказалася, дарэмна я так лічыў, трэба было ехаць. Але я ні пра што не шкадую.

Змены

Я для сябе пераасэнсаваў жыццё, цалкам пераасэнсаваў памяць. Там [у зняволенні] мы вучыліся аналітычнаму мысленню: бо ў СІЗА ў нас было толькі радыё, і восем месяцаў мы слухалі толькі яго, і вучыліся рабіць высновы з гэтых навін. Ну а потым у калоніі паўтара года з гэтага тэлевізара мы навучыліся рабіць высновы, мы разумелі, што адбываецца ў свеце. Яшчэ ёсць такое "зэк-радыё", яго так называюць. І мы навучыліся аддзяляць хлусню ад праўды. Навучыўся думаць галавой. Плюс набыў шмат сяброў, з якімі мы прайшлі агонь і ваду.

Калонія — гэта такі маленькі макет жыцця. Проста як прыклад: вось мы на волі самі сабе абіраем кола зносін, і таму разумеем, што ад чалавека чакаць, таму што мы падобныя, бо мы прыцягваем падобнае. А там [у зняволенні] мы жывем з тымі, каго нам навязалі. І мы вымушаныя з імі камунікаваць, прычым 24/7, прычым у вельмі маленькай прасторы — гэта вялікая школа. І ў канцы ты ўжо пачынаеш разумець па хадзе, да цябе чалавек ідзе ці не да цябе, і навошта. Нават пра тое, за цыгарэтай ён ідзе ці нешта пазычыць.
І ты не схаваеш свае думкі ні ад каго.

Салідарнасць

Салідарнасць вар'яцкая. Я кажу пра Шклоў, пра "сямнашку" [ВК № 17] і 11-ы атрад. Мы дапамагалі адзін аднаму. У нас, калі новы "падымаецца" экстрэміст — з дзясятым прафулікам і жоўтай біркай — мы проста тлумачылі яму, як сябе трэба паводзіць, каб цябе адразу не пусцілі ў абарот. Мянты ж мацаюць кожнага новенькага палітвязня, асабліва з дзясятым прафулікам. І калі ты даеш слабіну — ты будзеш "казлом адпушчэння". І мы давалі базавы курс такіх памылак на першапачатковым этапе, чаго такога не нарабіць, каб на цябе адразу не пачалі ціснуць. Зразумела, што ад нас мала што залежыць, але стандартны набор парадаў мы давалі заўсёды. Мы там як сваякі ўсе былі. Я ведаю, не ва ўсіх калоніях так.

Негатыўнае

У калоніі ты ўвесь час пад уціскам. Ты можаш адпачыць толькі ноччу — калі лёг, і ты ведаеш, што цябе не крануць мянты. Адбой — гэта амаль заўсёды святое. І да ўздыму... І потым мянты забаўляюцца, кашмараць дзясяты прафулік. Кашмарылі ўсіх.

Думкі

Калі б я ведаў, наколькі дрэнна і некамфортна ў калоніі, я б прасядзеў увесь свой тэрмін у СІЗА. У СІЗА чатыры сцяны, берасцейскія камеры вельмі маленькія. Было нешта накшталт клаўстрафобіі. Не-не, сцены там гулялі візуальна. І панічныя атакі былі. Але думкі: не хацеў сям'ю страціць. Наогул, гэта адзіная думка была. Ну і вядома мы ўсе, калі гэта яшчэ горача было, гэтыя пратэсты, мы слухалі (вокны адчыненыя былі ўвесь час) кожную нядзелю і чакалі, што вось-вось усё гэта скончыцца. Верылі. А думка адзіная: усім хочацца хутчэй дадому. Усім, абсалютна любому зняволенаму. Але трымацца годна. Таму ў "сямнашцы" вельмі мала людзей пісалі памілаванні.

Злосць

Народ злы. Палітзэкі злыя вельмі. У асноўным жа сядзяць з вышэйшай адукацыяй, людзі, якія адбыліся як асобы. Кожнаму цяжка, што ў няволі ва ўсіх дзеці практычна. Але яны не зламаныя.

Мая злосць трымаецца да гэтага часу. Як можна апісаць злосць? Яна вельмі злая.

10 чалавек па нашай справе пасадзілі, а 11 яшчэ ў вышуку. У нас вялікая кампанія была. З майго мікрараёна адзін, а з усімі астатнімі я пазнаёміўся на судзе. Мы ўсё нешта страцілі. Многія страцілі сем'і. А страціць сям'ю — гэта не бачыць як расце дзіця... У 2020 годзе ў мяне яшчэ не было столькі смеласці (смеласць, адчай, я не ведаю, як гэта цяпер называецца), а далей толькі горш будзе, таму што рэпрэсіі ж дабрэйшымі не робяць. Шмат бачыў бітых хлопцаў — з Пінска шмат было, якім у прыбіральню цяжка было схадзіць нават. Як тут можна быць добрым? А што яшчэ нас чакае наперадзе? Так, вось такая злосць.

Лісты

Гэта важна. Я атрымліваў адзін раз лісты — гэта была калонія, 2021 год, мой дзень нараджэння ў снежні. І з 10 снежня па прыкладна 25 снежня мне аддавалі ўсе лісты. Іх было вельмі шмат. Да гэтага ў СІЗА я атрымліваў толькі ад сваякоў. І ў калоніі таксама. Не ведаю, чаму.

І літаральна на працягу трох тыдняў кожны дзень пачкамі прыносілі віншаванні з Новым годам, з Днём нараджэння. Я за жыццё так шмат не атрымліваў. Нават загадчык гаспадаркі занерваваўся.

З лістоў мне запомнілася, як пісала адна бабуля, а яе ўнучка малявала малюнкі. Пісала дзяўчынка, з якой мы калісьці даўно размаўлялі (яна жыла ў вёсцы, а я да бабулі туды прыязджаў), і яна не ведала, што гэта я. Потым я спытаў у сваякоў: яна не яна? І яны пацвердзілі, што яна.

З-за мяжы таксама лісты прыходзілі.

Там гэтага вельмі моцна не хапае. Лісты трымаюць маральны дух вельмі моцна.

Інфармацыя

Чалавек, які там сядзіць, адарваны ад рэальнасці. Якую б ён інфармацыю ад рэальнасці не атрымліваў, яна ўсё роўна скажоная. Прабелы, якія ёсць, як правіла, дапрыдумваюцца. І хлопцы, якія сядзяць шмат (як правіла, непалітычныя) у большасці супраць вайны. Мы, калі "падняліся" ў лагер (я калі прыехаў, нас было трое палітычных) — і адразу на нас так, як мне здавалася, ваўком глядзяць: "Ну што вас не задавальняе?" А калі вайна пачалася, калі ўкраінцы пачалі даваць пад хвост расейцам, то вось гэтыя чэрці ў вачах у хлопцаў, многія там нават эмоцыі не хавалі: тэлевізар глядзяць і проста плююцца на расейцаў.

Для мяне тады наогул свет перавярнуўся. Нават не маючы ніякай альтэрнатыўнай інфармацыі, людзі вучацца думаць! Нават маючы высновы з інфармацыі тэлевізара, бо па сутнасці там адна прапаганда, і больш нічога. І таму калі мне задаюць пытанне, ці садзьмуўся пратэст — не садзьмуўся! Маглі б у 2020 сысці з нармальна ўзнятай галавой, а цяпер я не ведаю, з чым яны будуць сыходзіць.

Сон

Мне рэдка нешта сніцца. Але чамусьці стала сніцца менавіта тут, калі я пераехаў у Польшчу.

Рэдка, але страшна... Я не ведаю, як гэта апісаць... Як мяне ў Польшчы ўжо садзяць. Я не тое, што пра гэта думаю — гэта было і было, і ўсё. Але садзяць тут. Калі я першапачаткова ставіўся так — мне сніцца, што мяне пасадзілі, і думаю: "Блін, ну як так, Максім! Не мог уцячы?" То цяпер такое відавочнае нешта, сапраўднае-сапраўднае, і прачынаешся вельмі пабітым. Я не баязлівец, і маральна мацней нашмат стаў і больш упэўнены ў сабе [пасля заключэння], а сон з каляіны выбівае мяне на паўдня смела. Рэдка, але выбівае. Я не ведаю, як гэта працуе і што гэта такое.

Ад'езд

Вырашыў з'ехаць, таму што мяне дасталі мянты. Прыходзяць, тэлефануюць па месцы жыхарства, прыходзяць — вітаюцца па месцы рэгістрацыі (гэта два розныя адрасы). Ператрусы ладзілі. Перавярнулі ўсё з ног на галаву. Гэта хутчэй за ўсё быў ГУБАЗіК. Тэлефануюць нейкія незразумелыя, заходзяць і ніколі не называюць імёны.

Я зразумеў, што перспектыў там няма ніякіх. І так як у мяне стаяла абмежаванне на выезд, мяне эвакуяваў BYSOL. Камандзе Андрэя Стрыжака я ўдзячны шалёна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства