Скверык і стадыён на ўскрайках. У Маладзечне, Вілейцы і Валожыне вызначыліся з месцамі агітацыі
Маладзечанскі райвыканкам сваім рашэннем № 54 ад 9 студзеня "Аб некаторых пытаннях арганізацыі і правядзення выбараў дэпутатаў" істотна абмежаваў магчымасці для агітацыі кандыдатаў і іх каманд ў перыяд агітацыйнай кампаніі ў параўнанні з выбарамі 2019 года.
Калі колькасць месцаў для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі ў закрытых памяшканнях хоць і паменшылася, але нязначна, то для сходаў па-за памяшканнямі адбылося катастрафічнае змяньшэнне, адзначаюць праваабаронцы. Так, калі у 2019 годзе ў Маладзечне можна было праводзіць агітацыю пад адкрытым небам практычна ў любым месцы горада, за выключэннем Цэнтральнай плошчы, а таксама аўтобусных і чыгуначных пасадачных платформ (прыпынкаў), то цяпер дзеючыя ўлады выдзелілі толькі адно месца на ўвесь раён – гэта пляцоўка перад гарадскім палацам культуры.
Яшчэ горшая сітуацыя з месцамі для правядзення сходаў па-за памяшканнямі ў суседніх Вілейцы і Валожыне. Так, у Вілейцы для гэтых мэтаўвылучылі толькі скверык на ўскрайку горада ля гарадской лазні № 1, а ў Валожыне – стадыён раёна Сельгастэхніка, які знаходзіцца на самых задворках амаль у рысе горада.