viasna on patreon

Сваякі зьніклых зьвярнулісяў суд са скаргай на старшыню КГБ

2004 2004-04-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 красавіка ў суд Цэнтральнага раёну Менску накіраваная скарга на старшыню КГБ Беларусі Леаніда Ерына, -- перадае Радыё Свабода.
Скаргу падпісалі сваякі зьніклых апазыцыянэраў Сьвятлана і Вольга Завадзкія, Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская. Ад імя Вольгі Захаранкі скаргу падпісаў яе прадстаўнік праваабаронца Алег Волчак. Аўтары скаргі просяць суд прыцягнуць Леаніда Ерына да адказнасьці паводле артыкулу пра ўкрывальніцтва злачыннай дзейнасьці. Яны лічаць, што Леанід Ерын сьвядома не выконвае сваіх абавязкаў у раскрыцьці злачынстваў супраць Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Нагадаем, яшчэ пры канцы студзеня сваякі зьніклых апазыцыянэраў зьвярнуліся ў КГБ з просьбай распачаць расьсьледаваньне справаў пра зьнікненьні Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага, якія раней вяла пракуратура. Сваякі палічылі, што ў сьледчых пракуратуры няма шанцаў на высьвятленьне праўды ў тым ліку таму, што адным з асноўных падазраваных у справах яны лічаць дзейнага генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Аднак з КГБ сваякам зьніклых нават не адказалі.

Дарэчы, высьветліць лёс скаргі сваякоў зьніклых не ўдалося і пасьля звароту ў Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КГБ. Кіраўнік цэнтру Аляксандар Базанаў адказаў Радыё Свабода:

(Базанаў: )”Такімі зьвесткамі наш Цэнтар інфармацыі не валодае. Мне нічога невядома пра іх ліст, пра іх дакумэнты. Таму, на жаль, ніяк пракамэнтаваць не магу”.

Між тым, прадстаўнік сем’яў Гары Паганяйла сьцьвярджае, што заява сваякоў зьніклых была пададзеная непасрэдна ў прыёмную КГБ і адпаведным чынам аформленая. Адказ на яе мусілі даць яшчэ месяц таму. Гары Паганяйла мяркуе, што справы пра зьнікненьні ў КГБ гэтак і не заводзілі. Вядома, што сваякі зьніклых апазыцыянэраў плянуюць падаць у міжнародны суд на найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў, якіх падазраюць ва ўтойваньні злачынцаў. Дзеля гэтага нібыта ўжо падабраны суд адной з эўрапейскіх краінаў. Але пакуль ня страчаныя магчымасьці знайсьці праўду ў сваёй краіне. Цяпер сваякі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага будуць чакаць, як прарэагуе на іх абвінавачаньні на адрас старшыні КГБ Леаніда Ерына Цэнтральны суд Менску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства