Трыпціх: сястрынства. Новы выпуск падкаста "Вясна прыйдзе"
Гэты выпуск падкаста — пра трох сёстраў: Паліну, Ульяну і Машу. Маша Каленік — адна з асуджаных па “справе студэнтаў”, якую яшчэ называюць судом над маладосцю.
12 лістапада вядомы як чорны чацвер для студэнцтва. Тады, у 2020 годзе, 12 чалавек затрымалі і асудзілі ад 2 да 2, 5 гадоў калоніі. Усе яны былі прызнаны палітзняволенымі. Маша Каленік вызвалілася 30 лістапада 2022 года. Мы паразмаўлялі з Ульянай і Палінай за тры дні да яе вызвалення:
"Гэты месяц [перад вызваленнем] вельмі хутка праляцеў, таму што палову я праспала, а палову проста ў справах сябе закапала, каб не адчуваць у поўнай меры", — узгадвае Ульяна.
А потым мы паразмаўлялі і з самой Машай, калі яна выйшла.
У падкасце мы пачуем, як сёстры чакалі Машу з калоніі.
"Я перад сваім шлюбам так не хвалявалася, як перад вызваленнем", — кажа Паліна.
І як бачыліся з ёй падчас спатканняў у зняволенні:
"Цяжка было тлумачыць змест смешных відэа і мемаў, — узгадвае Паліна. — Апроч таго, што трэба апісаць сам мем, трэба яшчэ растлумачыць кантэкст. І растлумачыць, чаму гэта смешна" .
"Так, я памятаю, гэта вельмі смешна, — кажа Маша ўжо пасля вызвалення пра мем пра ваеннага з Херсона і кавун. А яшчэ пра мем "откуда на Беларусь готовилось нападение" — "Я намагалася візуалізаваць, як на гэта накладваюць розныя трэкі і біты. Калі я выйшла, я потым яго перагледзела".
А яшчэ Маша хацела ў калоніі марцінсы, але не атрымалася. А таксама сказала сваім родным: “Хатнюю ежу я буду есці дома”, таму сваякі на спатканне з ёй везлі сушы, піццу і КFC.
"КFC ёсць недалёка ад калоніі", — адзначае Паліна.
Але гэты выпуск падкаста — не пра турэмныя будні, а пра сям’ю і сястрынства. А таксама пра жаночасць. Напрыклад, для Машы было важна карыстацца ў калоніі дэкаратыўнай касметыкай:
"У мяне, памятаю, была вельмі яркая памада, — успамінае Маша. — Зараз я разумею, што адценне мне трошкі не падыходзіць, але [тады] мне падавалася, што яно вельмі пасуе пад колер сукенкі [форма вопраткі ў калоніі — Заўв.]. Мне падабалася спалучаць касметыку, і што я магу выбіраць, як я сёння нафарбуюся".
А калі пахаладала, Маша насіла цёмна-чырвоную памаду. Адценне, як думае Маша, нядрэнна пасавала да сіняга ватніка з жоўтай біркай.
Слухайце падкаст:
"Вясна прыйдзе" · Трыпціх: Сястрынства
А таксама слухайце на іншых зручных вам пляцоўках:
За музыку для падкаста мы ўдзячны Katarzyna Bitowt.