viasna on patreon

Мінчука асудзілі за ўдзел у двух шэсцях. На "пакаяльным" відэа яго знялі ў вышыванцы і кепцы з гербам Украіны

2023 2023-11-02T19:40:38+0300 2023-11-02T19:40:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gubazik-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Партызанскага раёна Мінска 19 кастрычніка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі 32-гадовага Рамана Рафеенку. За ўдзел у двух шэсцях суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў яму тры гады "хатняй хіміі". Для запісу "пакаяльнага" відэа яго прымусілі апрануць вышыванку і кепку з гербам Украіны. Сілавікі назвалі гэта "падазронымі прадметамі адзення". Да суда Раман утрымліваўся пад вартай.

gubazik-5.jpg
Скрыншот з відэа з праўладных каналаў

Пра затрыманне Рамана стала вядома напрыканцы жніўня гэтага года. Відэа затрымання апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы 28 жніўня. Для запісу "пакаяльнага" відэа яго прымусілі апрануць вышыванку і кепку з гербам Украіны. Сілавікі напісалі, што ў мужчыны былі заўважаны "падазроныя прадметы адзення". Мужчыне выставілі абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 342 КК і змясцілі пад варту. 

Згодна пастанове суда, сутнасць абвінавачванняў Раману паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) заключаецца ў тым, што ён на двух акцыях пратэсту восенню 2020 года ў Мінску "выкрыкваў лозунгі, рухаўся па праезнай частцы, блакаваў і перашкаджаў рух транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту ў Мінску".

На судзе Рафеенка цалкам прызнаў віну. 

"Прызнанне абвінавачаным віны ў ходзе судовага пасяджэння ў інкрымінаваных яму злачынствах пакладзена судом у аснову абвінаваўчага прысуду, паказанні апошняга прызнаныя адпаведнымі фактычным акалічнасцях справы, паколькі не выклікаюць сумнення ў суда, з'яўляюцца паслядоўнымі, адпавядаюць з іншымі даследаванымі ў судовым пасяджэнні доказамі",  — адзначана ў прысудзе.

Вядома, што ў тэлефоне Рамана знайшлі яго фота на праезнай часцы на акцыі пратэсту. Фота выявілі падчас аглядаў тэлефонаў 2 чэрвеня і 13 верасня 2023 года. Дома ў мужчыны знайшлі байку, у якой ён удзельнічаў у акцыі пратэсту. Яна з'яўлялася доказам па справе.

Згодна ліста КУП "Мінск" ад 7 красавіка 2023 года, у выніку прыпынку гарадскога пасажырскага транспарту на двух шэсцях дадзенаму прадпрыемству нанесены ўрон на сумы 5 980 рублёў 11 капеек і 5 839 рублёў 65 капеек. Пазначана, што іншыя пратэстоўцы кампенсавалі шкоду поўным аб'ёме.

У выніку суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў Раману Рафеенку абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады. Яго вызвалілі ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства