"Полк Каліноўскага" аднеслі да "экстрэмісцкіх" матэрыялаў, затрыманні не спыняюцца: хроніка пераследу 25 кастрычніка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За пашпарт Новай Беларусі затрымалі дзяўчыну
Сілавікі затрымалі супрацоўніцу "Белспецэнерга". Як паведамляе блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, дзяўчына "пакінула заяўку" на пашпарт новай Беларусі. На відэа дэманструюцца скрыншоты апытання на платформе "Голас".
На відэа дзяўчына кажа, што працуе інжынерам у каштарыснай працы, устанавіла аватарку з "пратэснай" сімволікай у Фэйсбуку, прайшла апытанне аб новым пашпарце ў чат-боце платформы "Голас".
Затрымалі яшчэ аднаго айцішніка — мужчыну ставяць у віну яго каментары
Гродзенцу Вадзіму Вашчэнку 39 гадоў. Раней Вадзім працаваў на прадпрыемствах, але ў апошнія некалькі гадоў перабраўся ў IT-сферу.
Мужчыну затрымалі за каментары ў тэлеграм-чатах. Вядома, што канал сілавікоў, які называецца «Поступі по совесті», выкладаў персанальныя звесткі мужчыны з прапановай самому прыйсці ў ГУБАЗіК, піша «Наша Ніва».
У допісе ГУБАЗіК агучваецца ягоная зарплата, каля чатырох тысячаў даляраў. «Трэба было ехаць у гейропу і жыць там на 4000 даляраў», — кажуць губазікаўцы.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" словазлучэнні "Polk Kalinouskaha" і "Полк Каліноўскага"
19 кастрычніка суд Цэнтральнага раёну Мінска прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" сайт і сацсеткі Палка Каліноўскага. Таксама "экстрэмісцкім" лічыцца і "візуальны матэрыял, тэкст "Polk Kalinouskaha", "Полк Каліноўскага", у тым ліку з якімі-небудзь надпісамі».
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
Telegram-каналы і чаты «Раковское Шоссе», «Столін ТуТ», «Беларускi праваслаўны прыход у Вiльнi», «Беларускі Дабраахвотніцкі Корпус», «Кiрылюк Notes Жыве Беларусь», «EX-PRESS.LІVE»;
Instagram старонка «volnyjaa "Вольныя Iнiцыятыва дапамогi вольным палiтвязням Беларусi"»;
Facebook старонка «Святлана Ціханоўская»;
Сайт, старонкі ў сацсетках і Viber праекту «Рогачев Online»;
TikTok-старонкі «Беларуска з пад Магілёва», «АндрейGhost».
ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў жанчыну, якая дасылала інфармацыю ў "Чорную кнігу Беларусі"
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, жанчына, з'яўляючыся аператарам аднаго з інтэрнэт правайдэраў, нібыта дасылала анкетныя дадзеныя з адрасамі і тэлефонамі сілавікоў і дзяржслужачых — паведамляецца, што ўсяго пацярпелых больш за сто чалавек.
На «пакаяльным відэа» затрыманая хавае твар і не прызнае сваей віны.
Палітвязня Паўла Рэзановіча збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Паўла Рэзановіча затрымалі 1 снежня 2020 года разам з бацькамі: святаром Сяргеем Рэзановічам і ягонай жонкай Любоўю. Іх абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. 17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд агучыў прысуд: Любові — 15 гадоў калоніі, Сяргею — 16 гадоў калоніі, а Паўлу — 19 гадоў калоніі.
Павел на судзе заявіў, што супраць яго ўжываліся фізічныя і псіхалагічныя катаванні для таго, каб ён падпісаў загадзя падрыхтаваныя паказанні. Былы вязень брэсцкага СІЗА-7 пацвердзіў праваабаронцам, што калі па калідоры вадзілі маці Паўла Любоў, яна крычала так, што было чутно на ўвесь ізалятар. Павел кожны раз вельмі эмацыйна рэагаваў на гэта, за што яго некалькі разоў кідалі ў ШІЗА.
Стала вядома, што 30 кастрычніка ў Шклове адбудзецца суд па замене Паўлу рэжыму ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Тараканаў.
Падтрымайце палітвязня: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8