viasna on patreon

Затрыманні ў Мінску, Брэсце, Бярозе: хроніка пераследу 19-20 кастрычніка

2023 2023-10-20T23:26:00+0300 2023-10-21T09:33:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jaucihau-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі трэнера па каратэ за відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі

На «пакаяльным» відэа беларус расказвае, што працуе трэнерам па каратэ і яму прад'явілі абвінавачанне ў тым, што ён нібыта зняў на відэа ваенную тэхніку і выклаў яго ў «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал.

Таксама затрыманы паведаміў, што ў 2020 годзе развешваў стужачкі на слупах і знаках, расклейваў улёткі ўздоўж дарогі.

Паводле інфармацыі @mediazona_by, затрыманы — Аляксандр Яўціхаў.


ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў стваральніка чата "Лошыца 46"

На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што публікаваў у чаце «матэрыялы экстрэмісцкага характару».

Пасля прызнання чата «экстрэмісцкім», ён нібыта перадаў правы адміністратара іншаму чалавеку, але ўсё роўна быў затрыманы.


Дзяўчына з Брэста зняла відэа ў міліцэйскай форме — яе затрымалі сілавікі

Паведамляецца, што дзяўчыне 20 гадоў, яна ўраджэнка Бярозы, мае адукацыю швачкі і працуе ў брэсцкім бары.

Мяркуючы па паведамленні праўладных тэлеграм-каналаў, ёй прызначылі «буйны штраф».


За ўдзел у пратэстах затрымалі кіраўніцтва мінскай танцавальнай студыі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі аб затрыманні заснавальніцы мінскай танцавальнай студыі «Квартал» Юліі Шостак і дырэктара Аляксандра Душэўскага. Яны выкладчыкі сальсы.

Іх абвінавачваюць у тым, што ў 2020-м у іх зале збіраліся ўдзельнікі пратэстаў і малявалі там плакаты, з якімі пасля ішлі на маршы, піша «Наша Ніва».


Магілёўца Вадзіма Кашкура затрымалі за паездку на ровары

39-гадовы Вадзім Кашкур у 2007-м скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова па спецыяльнасці «Правазнаўства», а пасля завочна скончыў магістратуру. Працаваў на некалькіх заводах, у МНС, нейкі час быў юрысконсультам. Цяпер працуе ў Магілёўскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжы.

Затрымалі яго за тое, што ў 2021-м ён паўдзельнічаў у #MARATHONFORFREEDOM, які ладзіў Беларускі фонд спартовай салідарнасці ў падтрымку палітвязняў. Мужчына праехаў 23.34 кіламетра на ровары. Ён пісаў пра марафон і свой удзел у ім на ўласнай старонцы ў Інстаграме.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 30 прозвішчаў — цяпер у ім 3429 чалавек

20 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі былога памочніка пракурора Глускага раёну Канстанціна Прытуленку, 55-гадовага жыхара Верцялішак Аляксандра Бірэту, былога міліцыянта Кірыла Гняздзілава.


Сілавікі затрымалі адміністратара тэлеграм-канала “Салідарнасць Івацэвічы”

На "пакаяльным відэа" беларус расказвае, што ў 2020 годзе збіраў подпісы ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, выходзіў на акцыі пратэсту ў Мінску, адміністраваў тэлеграм-канал «Салідарнасць Івацэвічы» і вазіў мігрантаў з Турцыі да мяжы, піша @mediazona_by.

У траўні тэлеграм-канал "Салідарнасць Івацэвічы" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".


Новыя экстрэмісцкія фармаванні і матэрыялы

КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжой.

У якасці кіраўнікоў асацыяцыі называюць Яўгена Бурага і Марыну Гірын. У пералік таксама ўнесены сайт арганізацыі, яе ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках. А ў чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў  патрапілі:

Telegram-каналы і чаты «Чат Бородача», «Чат 97% «ДКЖ», «Hrodna.lіfe», «Свае Людзi»;

Старонка ў Instagram «stopluka».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства