У Слуцку вынесены смяротны прысуд Дапоўнена
У Слуцку Мінскі абласны суд у выязным пасяджэнні разглядзеў крымінальную справу супраць бацькоў Аляксандра і Анастасіі Таратутаў за забойства іх трохгадовага дзіцяці. 19 кастрычніка судовая калегія прызнала іх вінаватымі і прызначыла Анастасіі 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і прымусовае лячэнне ад алкагалізму, а Аляксандру — смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу. Менавіта такое пакаранне запрасіла пракурорка Таццяна Гракун. Справу разглядалі з трэцяга кастрычніка. Паралельна вядзецца працэс па пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў.
Што здарылася?
Генеральная пракуратура паведамляла, што напачатку 2023 года муж і жонка па месцы жыхарства ў прысутнасці трох малалетніх дзяцей збілі свайго трохгадовага сына з асаблівай жорсткасцю. У выніку дзіця памерла. Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаныя, будучы п'янымі, на глебе непрыязных адносін да свайго сына нанеслі рукамі, нагамі, цвёрдым тупым прадметам не менш за дзевяць удараў, з якіх не менш за сем — па галаве, ад якіх ён памёр на месцы.
Дзеянні Таратутаў кваліфікавалі паводле п.п. 2, 6, 15 часткі 2 артыкула 139 (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), заведама малалетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб) і ч. 2 арт. 154 (наўмыснае прычыненне болю і пабоі непаўналетняга) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Анастасія Таратута — грамадзянка Расіі з відам на жыхарства ў Беларусі. Вядома, што ў СІЗА яна накіравала зварот у аддзел апекі, у якім папрасіла не перадаваць яе дзяцей на ўсынаўленне. З пачаткам судовага працэсу — 6 кастрычніка — у дачыненні да Аляксандра і Анастасіі органамі апекі быў пачаты працэс пазбаўлення іх бацькоўскіх правоў.
Падчас судовых пасяджэнняў праглядалі відэа аператыўных матэрыялаў следства, калі абвінавачаны даваў паказанні на месцы злачынства — у кватэры, дзе адбылося забойства дзіцяці. Абвінавачаны, якога для дачы паказанняў на месцы прывезлі ў кайданках і пад канвоем, паказаў следчым на манекене і распавёў, як біў дзіця тапкай, рукамі, але часцей — нагой. Як вынікае з відэа, якое паглядзелі ў судзе, абвінавачаны кажа, што маленькі Сямён раздражняў яго і ягоную жонку, бо спаражняўся ў вопратку, "краў са стала і разбіваў талеркі".
Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза прызнала абаіх адэкватнымі.
На судзе Анастасія і Аляксандр віну прызналі цалкам.
На судзе Анастасія Таратута напісала сваё апошняе слова пісьмова. Але суд, удакладніўшы меркаванні пракурора і адваката, адмовіўся далучаць гэты дакумент да матэрыялаў справы. Абвінавачанай яшчэ раз прапанавалі агучыць услых сваю рэпліку, прачытаць яе з паперы. Аднак Анастасія наадрэз адмовілася зачытваць напісанае ёю ўслых, спаслаўшыся, што не можа гаварыць праз свой стан. Бацька заявіў, што не меў намеру забіваць свайго сына.
На працэсе 19 кастрычніка абвясцілі толькі рэзулятыўную частку, бо частка судовага працэсу праходзіла ў закрытым рэжыме. У раскладзе Вярхоўнага суда адсутнічала гэтае пасяджэнне.
Як заявіла пасля прысуда дзяржаўная абвінаваўца па справе Таццяна Гракун, у адносінах да службовых асоб, якія маюць дачыненне да гібелі дзіцяці, узбуджаная крымінальная справа і выдзелена ў асобную вытворчасць. Яе расследуе Генеральная пракуратура.
Катаванні і ціск на абвінавачаных
Падчас аднаго з судовых пасяджэнняў стала вядома, што абвінавачаныя падавалі заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі за ўжыванне да іх фізічнага гвалту і ціску. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена. Да матэрыялаў справы далучылі пастанову аб адмове.
Як распавяла праваабаронцам "Вясны" былая сукамерніца Анастасіі Таратуты, пасля затрымання ў слуцкім аддзеле Следчага камітэта яе білі аголеным электрапровадам з патрабаваннем даць прызнальныя паказанні.
Паводле словаў сукамерніцы Анастасіі, пасля таго, як Аляксандр пачаў збіваць дзіцёнка, яна звярталася ў міліцыю, але яго толькі аштрафавалі. У 2023 годзе яна раілася з супрацоўнікамі сацыяльнай службы аб разводзе, але тыя раілі "захаваць сям'ю". У СІЗА яе як грамадзянку Расіі ніводнага разу не наведаў расейскі консул.
Праваабаронца: "Правасуддзе мусіць быць без забойства, якое нічога не вырашае"
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда пракаментаваў смяротны прысуд, вынесены 19 кастрычніка:
"Справа з катаваннямі і забойствам маленькага хлопчыка яго бацькамі выклікала буру эмоцый у грамадстве. І гэта абсалютна зразумелая рэакцыя. Такія рэчы ў цывілізаваным свеце не мусяць адбывацца. Я не кажу, што за такія рэчы не мусіць быць пакарання. Пакаранне мусіць быць абавязкова — і мусіць быць строгім і непазбежным. Павінна быць правасуддзе. Але правасуддзе мусіць быць без забойства, якое нічога не вырашае. Яно не нясе ніякай прафілактычнай мэты, як вельмі часта можна пачуць.
Нагадаю, зусім нядаўна расстралялі Віктара Скрундзіка — таксама жыхара Слуцкага раёну — ці спыніла гэта ў сваіх дзеяннях Аляксандра Таратуту? Мы бачым, што не. Праблема нашмат глыбей, і яна не вырашаецца "хірургічным шляхам" у выглядзе чарговага смяротнага прысуду. Гэта чарговае забойства за забойства".
Актуальную інфармацыю пра стан смяротнага пакарання ў Беларусі можна адсочваць у Telegram-канале "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"