viasna on patreon

Татуіроўка з "Пагоняй", вокладка на пашпарце, фотаздымак цішоткі з БЧБ-сімволікай: за што беларусаў судзілі ў верасні

2023 2023-10-09T17:15:39+0300 2023-10-09T17:31:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina_karcer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У мінулым месяцы сілавікі працягвалі пераследаваць беларусаў, якія пратэстуюць супраць дзеянняў улады, або проста чытаюць незалежныя СМІ. Па ўсёй краіне сілавікі больш за тры гады штодзённа затрымліваюць дзясяткі людзей, ладзяць у кватэрах ператрусы, збіваюць і змяшчаюць іх у ізалятары з жудаснымі ўмовамі. У верасні праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра не менш за 386 выпадкаў пераследу паводле адміністрацыйных справаў. У судах разглядзелі мінімум 339 палітычна матываваных справаў, з якіх было прызначана не менш за 79 арыштаў і 46 штрафаў. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў верасні.

Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Зваршчыка з Сянно аштрафавалі за вокладку на пашпарце з "Пагоняй"

Паводле матэрыялаў справы, мужчына паказаў міліцыянтам у будынку Сеннецкага РАУСа свой пашпарт, на якім была вокладка з гербам "Пагоня". Гэта расцанілі як "несанкцыянаванае пікетаванне" і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Сваю віну мужчына не прызнаў.

Суд прызначыў яму штраф памерам 60 базавых велічыняў (2 220 рублёў).

Адправілі за краты за татуіроўку з "Пагоняй"

Суд Бярэзінскага раёна 12 верасня асудзіў да 15 сутак арышту мужчыну, які працуе грузчыкам. Яго абвінавацілі ў тым, што ён "агаліў і дэманстраваў татуіроўку ў выглядзе герба "Пагоня" на галёнцы правай нагі". Пры гэтым мужчына проста знаходзіўся на вуліцы ў шортах.

"Суткі" за кепку з БЧБ-сімволікай

У Гарадку 4 верасня над мясцовым жыхаром адбыўся суд паводле арт. 24.23 КаАП — мужчыну затрымалі на вуліцы за "пікет" кепкай з Пагоняй і бел-чырвона-белымі палосамі.

Віну на судзе ён не прызнаў, бо не лічыць гэта пікетаваннем і не меў мэты выказваць такім чынам сваё меркаванне наконт палітычнай сітуацыі ў краіне.

Вынікам стаў арышт на двое сутак, а кепку суд пастанавіў пакінуць пры матэрыялах справы.

Арышт за лозунг "Жыве Беларусь"

Лідчаніна 5 верасня асудзілі за лозунг "Жыве Беларусь", які ён нібыта выкрыкнуў у стане алкагольнага ап'янення каля мясцовага Дома культуры. Да суда мужчына знаходзіўся на волі, а на суд прыйшоў па позве.

Вынік суда — 15 сутак.

Суды над затрыманымі ў прымежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласці

Напачатку верасня праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што ў прымежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласці адбылася "зачыстка". Затрыманні адбыліся ў Брагіне, Лоеве, Камарыне і Хойніках.

Па інфармацыі праваабаронцаў, у Брагіне 1 верасня ў судзе разглядзелі не менш за восем адміністрацыйных справаў, вынікі якіх высвятляюцца. Усіх затрыманых судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) — пасля праверкі тэлефонаў у іх знайшлі падпіскі на "экстрэмісцскія каналы".

У Лоеве з 5 па 8 верасня асудзілі пяць чалавек за падпіскі на "экстрэмісцкія каналы". Чатырох чалавек аштрафавалі на 10 базавых велічыняў (370 рублёў), яшчэ аднаго чалавека — на 15 базавых велічыняў (555 рублёў).

Масавыя арышты ў Наваполацку за "экстрэмізм"

У Наваполацку 6 верасня адбыліся масавыя затрыманні. Ужо на наступны дзень у Наваполацкім судзе разглядзелі адміністрацыйныя справы адразу дзевяці мясцовых жыхароў, восем з якіх адправілі за краты. Іх прызналі вінаватымі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП.

Падставай для адміністрацыйных пратаколаў сталі падпіскі ў сацсетках на "экстрэмісцскія каналы, у тым ліку "Люстэрка", "Еўрарадыё", "Рабочы Рух", а таксама за спасылку на "Трыбуну" у твітары.

У выніку суддзя Зінаіда Балаболава прызнала ўсіх вінаватымі і арыштавала восем чалавек на 15 сутак, а яшчэ адну жанчыну аштрафавала на 30 базавых велічыняў (1 110 рублёў).

Жыхара Баранавіч арыштавалі за падпіску на канал Палка Каліноўскага

Суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 15 верасня асудзіў мясцовага жыхара за "захоўванне з мэтай распаўсюду" відэа ў фэйсбуку з лагатыпам Палка Кастуся Каліноўскага, якія цяпер ваюе ва Украіне. Вінаватым сябе мужчына на судзе прызнаў.

Вынікам стаў 10-суткавы арышт.

"Суткі" за "пікетаванне" ў сацсетках фотаздымкам у цішотцы

У Глыбокім напачатку верасня асудзілі мужчыну за "пікетаванне" ва "Укантакце". Супраць яго склалі пратакол за публікацыю на ягонай старонцы з выявай цішоткі чорнага колера з надпісам "Беларусь", бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня", а таксама за ягонае фота ў белай цішотцы з выявай "Пагоні".

Суд арыштаваў мужчыну на 10 сутак.

"Зрабіў спрыяльны падвышэнню рэйтынгу "лайк" пад відэа на інфармацыйным канале Белсат"

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 20 верасня разглядалі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Берасцейца абвінавацілі ў падпісках на "экстрэмісцкія каналы", а таксама ў тым, што ён на YouTube паставіў "лайк" пад відэа на канале Белсату. Паводле судовай пастановы, зрабіў ён гэта, каб "паспрыяць падвышэнню рэйтынгу".

Вынік — 10 сутак арышту.

Бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова асудзілі чацвёрты раз запар — ён правёў за кратамі ўжо 45 сутак

Міхаіл Лупанаў

Міхаіла Лапунова тройчы абвінавачвалі па ч. 1 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

22 верасня напярэдадні выхаду пасля адбыцця запар трэцяга адміністрацыйнага арышту, у судзе Цэнтральнага раёна суддзя Сяргей Кармановіч разгледзеў яшчэ адну адміністрацыйную справу, заведзеную ў адносінах да Міхаіла. Зноў ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння і чацвёрты раз адпраўлены за краты, піша "Гомельская Вясна".

Сын Міхаіла – Мікіта – адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

У Наваполацку за чатыры падпіскі ў Facebook на 15 сутак арыштавалі фельчара

Як стала вядома "Віцебскай Вясне", 14 верасня суд Наваполацка асудзіў да 15 сутак фельчара-лабаранта мікрабіялагічнай лабараторыі ДУ "Наваполацкі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" Генадзя Вазьміцеля. Яго абвінавацілі ў "захоўванні з мэтай распаўсюда экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Такое рашэнне вынесла суддзя Зінаіда Балаболава.

Згодна з пратаколам, Генадзь у сацыяльнай сетцы Facebook у раздзеле "Падпіскі" захоўваў інфармацыю суполак экстрэмісцкага характару: "Чай з малінавым варэннем", "charter97.оrg", "Фонд салідарнасці BYSOL/Belarus solidarity foundation" і "Тактычная група Беларусь". Яны ўсе прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

"Намаляваў сцяг, які на той момант быў дзяржаўным". Мужчыну з Рагачоўскага раёна аштрафавалі за БЧБ-сцяг, намаляваны на плоце 30 год таму

У судзе Рагачоўскага раёна 6 верасня адбыўся суд над жыхаром аграгарадка Лучын Рагачоўскага раёна. Яго абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" (арт. 24.23 КаАП) бел-чырвона-белым сцягам на плоце каля ягонага дома.

На судзе мужчына растлумачыў, што "калі купіў дом і ўладкоўваў яго, то з мэтай упрыгожання намаляваў на плоце сцяг, які на той момант быў дзяржаўным". Пазней за гэтыя 30 гадоў ён некалькі разоў падфарбоўваў сцяг, апошні раз каля 5-6 гадоў таму.

У выніку суд прызнаў мужчыну вінаватым і аштрафаваў яго на 740 рублёў (20 базавых велічыняў).

"Забяспечыў доступ міліцыянта да экстрэмісцкіх матэрыялаў, тым самым распаўсюдзіў іх". Мужчыну арыштавалі за аплікацыю "Zerkalo"

У судзе Бярэзінскага раёна 11 верасня асудзілі мужчыну паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Паводле матэрыялаў справы, у яго тэлефоне міліцыянты знайшлі аплікацыю "Новости Беларуси — Zerkalo.io".

На судзе ён прызнаў віну і патлумачыў, што набыў тэлефон за месяц да затрымання з ужо ўсталяванай аплікацыяй, але не выдаліў яе.

Суд адзначыў, што забароненую інфармацыйную прадукцыю мужчына захоўваў менавіта для распаўсюду, што пацвярджаецца ў тым ліку тым, што "ён забяспечыў доступ супрацоўніка міліцыі да экстрэмісцкіх матэрыялаў, тым самым распаўсюдзіў гэту прадукцыю".

Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.

Паэта з Барысава арыштавалі за сімволіку ў тэлефоне

У судзе Барысаўскага раёна 26 верасня вынесеная пастанова аб адміністрацыйным арышце на 10 сутак 70-гадовага Уладзіміра Толкача. У ягоным тэлефоне выявілі выявы БЧБ-сімволікі і свастыкі, якія ён змясціў яшчэ ў 2021 годзе.

За распаўсюд "экстрэмізму" на 7 сутак арыштавалі віцебскага праграміста

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 13 верасня за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў пастанавіў пакараць арыштам на 7 сутак інжынера-праграміста Аляксея Сядзяку.

У судовым паседжанні было ўстаноўлена, што Аляксей у 2020 годзе ў сацыяльнай сетцы "УКантакце" размясціў на сваёй старонцы відэазапісы, раней апублікаваныя ў суполцы "TUT.ВY", якія ўнеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Былога палітвязня Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 сутак 

Сяргей Гардзіевіч. Фота:

Пра гэта паведамляюць крыніцы "Медыязоны".

Нагадаем, журналіста затрымалі 14 верасня на мяжы, калі Гардзіевіч вяртаўся з Польшчы ў Беларусь. Паводле папярэдніх звестак, у былога журналіста сайта "Першы рэгіён" на мяжы вырашылі праверыць мабільны тэлефон, а пасля ён быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце.

За распаўсюд "экстрэмізму" ў Віцебску аштрафавалі грамадзянку Расіі

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 13 верасня за падпіску на "экстрэмісцкую" старонку пастанавіў аштрафаваць грамадзянку РФ Наталлю Куксёнак, якая жыве ў Віцебску. Гэта другая ў гэтым годзе адміністрацыйная справа, разгледжаная з нагоды распаўсюда "экстрэмізму" ў дачыненні да Куксёнак. Першая была разгледжана напрыканцы жніўня тым жа суддзёй.

У судовым паседжанні стала вядома, што факт "супрацьпраўных дзеянняў" з боку Наталлі быў устаноўлены супрацоўнікамі міліцыі ў будынку Упраўлення ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкама. Згодна з адміністрацыйным пратаколам, жанчына ў сацыяльнай сетцы Instagram была падпісана на канал "NEXTA".

Куксёнак у судовым паседжанні сваю віну ў здзяйсненні правапарушэння не прызнала, адмаўляла намер на распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша "Віцебская Вясна".

Гродзенскага святара аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмізму"

Святар Андрэй Наздрын быў затрыманы па даносе некаторы час таму — сілавікі праверылі яго тэлефон і сацсеткі, і знайшлі ў інстаграме падпіску на гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча, сацсеткі якога былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі ў студзені.

З гэтай нагоды супраць святара быў распачаты адміністрацыйны працэс: складзены пратакол і прызначылі судовае разбіральніцтва.

Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла прызначыла святару штраф у памеры 15 базавых велічыняў. Таксама была канфіскаваная "прылада злачынства" — мабільны тэлефон.

Іллю Двойрына, асуджанага за абліты фарбай аўтамабіль на крымскіх нумарах і літарай "Z", зноў арыштавалі

Жыхара Наваполацка, якога нядаўна асудзілі за абліты фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай "Z", зноў затрымалі 4 кастрычніка наўпрост на працы.

У той жа дзень супраць мужчыны склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак.

Нагадаем, 28 верасня суд горада Наваполацка прызнаў Двойрына вінаватым паводле арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) і прызначыў яму 1 год пазбаўлення волі ўмоўна. Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко.

Фотаздымак сабачкі, лозунг "Слава Украіне", БЧБ-налепкі: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў жніўні

"Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў жніўні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства