Новыя факты палітычнага пераследу беларусаў 5 кастрычніка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Былы журналіст Андрэй Толчын не выйшаў з ІЧУ праз 3 сутак з моманту затрымання
Як паведамляе "Гомельская вясна", яго перавялі ў СІЗА № 3.
Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі.
Апошнія пасты на старонцы Андрэя ў Facebook – гэта перапосты з дапамогай жывёлам, фота з сябрамі і знаёмымі. Таксама ў Андрэя нядаўна памерла сястра, якая гадавала яго ў маленстве.
Падтрымайце журналіста: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Андрэй Толчын
Іллю Двойрына, асуджанага за абліты фарбай аўтамабіль на крымскіх нумарах і літарай «Z», зноў арыштавалі
Жыхара Наваполацка, якога нядаўна асудзілі за абліты фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай «Z», зноў затрымалі 4 кастрычніка наўпрост на працы.
У той жа дзень супраць мужчыны склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак.
Нагадаем, 28 верасня суд горада Наваполацка прызнаў Двойрына вінаватым паводле арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) і прызначыў яму 1 год пазбаўлення волі ўмоўна. Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко.
Працяг рэпрэсій на ААТ "Лідахлебапрадукт"
3 кастрычніка сілавікі ў масках забралі з працы начальніка пажарна-вартавой аховы прадпрыемства — Юрыя Авіжыча, піша "Задержания, суды в Лиде".
На працоўным месцы ў Оршы 3 кастрычніка сілавікі затрымалі ахоўнік крамы "Білд"
На яго склалі адразу некалькі пратаколаў адміністрацыйных правапарушэнняў за падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы.
Паведамляецца што імя затрыманага Сяргей, ён былы супрацоўнік міліцыі. У тэлефоне мужчыны знайшлі 5 падпісак і за кожную з іх склалі асобны пратакол. Пакуль вядома, што Сяргей арыштаваны на 10 сутак.
За распаўсюд "экстрэмізму" ў Віцебску аштрафавалі грамадзянку Расіі
Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 13 верасня за падпіску на "экстрэмісцкую" старонку пастанавіў аштрафаваць грамадзянку РФ Наталлю Куксёнак, якая жыве ў Віцебску. Гэта другая ў гэтым годзе адміністрацыйная справа, разгледжаная з нагоды распаўсюда "экстрэмізму" ў дачыненні да Куксёнак. Першая была разгледжана напрыканцы жніўня тым жа суддзёй.
У судовым пасяджэнні стала вядома, што факт "супрацьпраўных дзеянняў" з боку Наталлі быў устаноўлены супрацоўнікамі міліцыі ў будынку Упраўлення ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкама. Згодна з адміністрацыйным пратаколам, жанчына ў сацыяльнай сетцы Instagram была падпісана на канал "NEXTA".
Куксёнак у судовым паседжанні сваю віну ў здзяйсненні правапарушэння не прызнала, адмаўляла намер на распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша "Віцебская Вясна".
Байкера Андрэя Іванюшына, які летам выйшаў з калоніі, затрымалі па новай крымінальнай справе
Андрэй — байкер з Мінска. Першы раз яго затрымалі 1 лютага 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай за інцыдэнт, які адбыўся 19 верасня 2020 года каля ГЦ "Еўропа", калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць. У выніку Андрэя абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК)
26 лютага 2021 года яму прысудзілі 2,5 гады калоніі. Свой тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17. 2 чэрвеня 2023 года Андрэй выйшаў на волю, адбыўшы ў зняволенні 2 гады, 4 месяцы і 1 дзень.
Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Андрэя зноў затрымалі напачатку жніўня. Яму ставяць у віну тры эпізоды паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту.
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Андрэй Віктаравіч Іванюшын
У Гомелі затрымалі лідара музычнага гурта Krumkač
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", 5 кастрычніка ў Гомелі быў затрыманы гомельскі музыка, заснавальнік і лідар гурта Krumkač Арцём Раманаў. Прычына затрымання невядомая.
Напачатку красавіка яго ўжо затрымлівалі. Тады Арцёму прызначылі 10 сутак арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).