viasna on patreon

Праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч: "У 2022 годзе ў Беларусі адбылося не менш за 375 мірных сходаў"

2023 2023-09-26T15:35:30+0300 2023-09-26T15:35:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kangres.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Правабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч выступіла на Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які адбыўся ў Польшчы.

Выступ прайшоў у межах панэлі "Даследаванні грамадзянскай супольнасці" секцыі "Грамадства і грамадскія інстытуты". Пад гэтым мелася на ўвазе як даследаванні самой грамадзянскай супольнасці, так даследаванні, якая ладзіць сама супольнасць.

— У межах другой катэгорыі я выступала з дакладам пра свабоду мірных сходаў у Беларусі, — адзначыла Наталля. — Адной з мэтай майго дакладу на Кангрэсе было падзяліцца досведам, каб калегі і каляжанкі з іншых арганізацый і ініцыятыў падумалі, як можна выкарыстоўваць аўтаматызацыю ў іх даследаваннях. Таксама хацелася распавесці усяму свету, як гэта адбываецца ў нас.

"Вясна" супольна з БХК шмат год праводзіць маніторынг мірных сходаў у Беларусі. Звычайна ён ладзіўся "ў полі": назіральнікі і назіральніцы па распрацаванай метадалогіі фіксавалі ўсё, што адбываецца на мірным сходзе, непасрэдна знаходзячыся на месцы падзей. Атрыманыя справаздачы распаўсюджваліся сярод зацікаўленай аўдыторыі. Апошняе вочнае назіранне ў краіне адбылася ў дзень выбараў, дзявятага жніўня 2020 году. Пасля ў верасні было прынятае рашэнне спыніць яго праз бяспеку назіральнікаў і назіральніц. Пасля масавай рэлакацыі праваабарончых арганізацый маніторынг адбываецца выдалена праз інфармацыйныя крыніцы: дзяржаўныя і незалежныя СМІ, тэлеграм-каналы, суполкі, чаты ў сацсетках. 

— Мы сутыкнуліся з выклікам, як збіраць інфармацыю пра мірныя сходы, — кажа Наталля. — У 2021 годзе ў нас працавала валанцёрская каманда, якая ўручную маніторыла ўсе крыніцы інфармацыі. Гэтая метадалогія мела недахопы: на яе сыходзіла шмат высілкаў і часу, дубляжы сходаў з розных крыніц інфармацыі, якія патрэбна было шукаць уручную. Таму з дапамогай валанцёрскай службы "Вясны" адбылася аўтаматызацыя працэсу. 

Такім чынам, спачатку быў зроблены спіс словаў на абедзвюх дзяржаўных мовах, якімі часцей за ўсё апісваюць мірныя сходы, а таксама крыніцаў, дзе інфармацыя з'яўляецца. Пасля гэтага напрыканцы 2022 году спецыяльны алгарытм дастаў адтуль неабходныя даныя. Аднак у некаторых каналах стаялі таймеры аўтавыдалення, таму ў 2023 годзе наладзілі ўжо рэгулярны перыядычны аўтаматычны маніторынг. 

— З вынікаў нашага даследавання апынулася, што ў Беларусі працягваюць адбывацца мірныя сходы, — зазначае праваабаронца. — Цягам 2022 году мы налічылі не менш за 375 сходаў. Бачна, што масавыя рэпрэсіі паменшылі іх колькасць, а таксама моцна змянілі фармат сходаў. Калі раней больш звыклым для нас былі вялікія шэсці ці мітынгі з сімволікай, то ў 2022 годзе самым распаўсюджаным стала рабіць фота- ці відэапікет. Гэта калі людзі збіраюцца на некалькі хвілін, прыносяць сімволіку ці іншыя сродкі выказвання меркавання, адбываецца дастаткова кароткі сход — і разыходзяцца. Раней такога было нашмат менш. Таксама даследаванне паказала рост колькасці праўладных сходаў. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства