viasna on patreon

Сімволіку і атрыбутыку Рады БНР прызналі "экстрэмісцкімі" матэрыяламі: хроніка пераследу 19 верасня

2023 2023-09-19T16:28:00+0300 2023-09-19T16:35:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bnr-rada.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Гомелі затрымалі мужчыну, які нібыта планаваў далучыцца да палку Каліноўскага

Так званае «пакаяннае» відэа з мужчынам з'явілася ў адным з «Тэлеграм»-каналаў, звязаных з сілавікамі.

Затрыманы кажа, што трапіўся на кручок служак Лукашэнкі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы, а таксама, што звязваўся з прадстаўнікамі палку Каліноўскага і распытваў, што трэба зрабіць, каб да іх далучыцца.

З відэа таксама можна зрабіць выснову, што сілавікі змусілі мужчыну сказаць «Слава Расіі» напрыканцы.


У Беларусі прызналі “экстрэмісцкімі” сімволіку і атрыбутыку Рады БНР

Гаворка пра ордэн Жалезнага рыцара, медалі “Ордэна Пагоні”, “За баявыя заслугі” і медаль да 100-годдзя БНР. Таксама “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаны лагатып (герб “Пагоня”), сайт і сацсеткі “Рады БНР”, а таксама “першага намесніка старшыні "Рады БНР" С.Навумчыка”. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска 12 верасня.

Таксама “экстрэмісцкі” спіс папоўнілі:

Telegram-каналы “1-я ОДШР”, “Virus Belarus”, «SMOLPORTAL LIVE», «Экспозиция революционного анархизма»;

Старонка ў TikTok “Сhorny_cot”;

Старонкі ze-rkalо.sitе, storage.googleapis.cоm/zerkalо;

Старонкі ў Instagram “Беларуская дыяспара Беластока”, “bel_veterans”;

Старонкі ва “Укантакце” “Сяргей Маруковiч”, “Катерина Царёва”.


ГУБАЗіК затрымаў жанчыну за «абразу рускіх»

На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што працуе на ТАА «Бульбаш» і нібыта пакідала абразлівыя каментары пра жыхароў Расіі.


У Мінску затрыманы студэнт БНТУ

"Медыязона" паведамляе, што сілавікі затрымалі студэнта чацвёртага курса БНТУ праз каментары, напісаныя ў 2020 годзе, Відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал "ГУ "База".

Аўтары канала сцвярджаюць, што затрыманы ў 2020 годзе пісаў каментары «з заклікамі да разбурэння сваёй краіны», і «вырашыў удзельнічаць у незаконных перакрыццях дарог». Па якім менавіта артыкуле затрыманы студэнт - не паведамляецца.

Сам ён на відэа кажа, што вучыцца ў БНТУ, у 2020 годзе праводзіў летнія канікулы ў Мазыры, і «праязджаў міма мітынгаў, выказваючы нейкую падтрымку».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства