viasna on patreon

Праваабаронцы "Вясны" зладзілі ў ЕГУ майстар-клас для замежных студэнтаў і студэнтак

2023 2023-08-16T15:42:11+0300 2023-08-16T15:48:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/summerschool_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" зладзілі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце майстар-клас для замежных студэнтаў і студэнтак міжнароднай летняй школы DAAD. Спачатку праваабаронцы пазнаёмілі ўдзельнікаў і ўдзельніц з юрыдычнай сітуацыяй у Беларусі, а потым — распавялі, як можна ў гэтых умовах падтрымліваць палітзняволеных. Напрыканцы воркшопу ўдзельнікі і ўдзельніцы напісалі лісты беларускім палітзняволеным. 

Праваабаронцы адзначылі, што збольшага ўдзельнікі летніку ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі. 

— Мы распавядалі, чаму і як варта падтрымліваць палітзняволеных, асаблівую ўвагу надалі напісанню лістоў салідарнасці, — кажа праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка. — Большасцю мы сканцэнтраваліся на тэме пераследу за актыўнасць у інтэрнэце, бо ўдзельнікі і ўдзельніцы школы спецыялізуюцца на тэме лічбавых платформаў і палітыкі. Ёсць студэнты і студэнткі, якія навукова цікавяцца тэмай Беларусі: напрыклад, прафсаюзным рухам. Была магчымасць напісаць альбо асабісты, альбо публічны ліст. Цяпер ёсць ідэі пашыраць такую практыку і зладзіць анлайн-варкшоп ва ўніверсітэце ў Будапешце.  

Студэнт-асістэнт Канстанцін Букавецкі — адзін з тых, хто дапамагаў арганізаваць мерапрыемства. Ён распавёў, што большасцю ў воркшопе ўзялі ўдзел студэнты і студэнткі з розных краінаў, якія цяпер навучаюцца ў Германіі. 

— Яны вывучаюць палітыку і сацыялогію, а ў межах гэтай школы паглыбляюцца ў кантэкст уплыву платфармізацыі на пратэсты ў Беларусі, — кажа ён. — Гэта і пра рост папулярнасці інтэрнэту, юцюба і тэлеграму, і пра тое, як платформы ўплываюць на пратэсты ў аўтарытарных краінах.  Агулам людзям зразумелы кантэкст: некаторыя з іх паглыбленыя ў яго больш, чым астатнія. У некаторых ёсць цікаўнасць да Беларусі ці агулам гэтага рэгіёну. Праз лекцыю людзі глыбей яго разумеюць, але некаторыя пытанні выклікаюць неразуменні: так, адна студэнтка пыталася, што значыць адвакат па правах чалавека. Яна папросту не разумела, як можна абараняць ад дзяржавы правы чалавека. 

У аднаго са студэнтаў з Казахстану Беларусь — гэта адзін з прадметаў канкрэтнага навуковага інтарэсу, яе вывучэннем ён займаецца паўтара года, хаця цікаўнасць да краіны прысутнічае каля 10 гадоў.

— Я займаюся даследаваннямі ролі лічбавых тэхналогій у палітычных рэпрэсіях, — дзеліцца мужчына. — Беларусь у гэтым сэнсе прадстаўляе сабой тыповы кейс лічбавай аўтакратыі. У кантэксце майго даследавання я параўноваю Беларусь з іншымі краінамі: у тым ліку, з Казахстанам і Кыргызстанам. Кейс Беларусі цікавы тым, што адбыўся вялікі сыход лічбавай эканомікі з краіны: у рэжыма не атрымалася прапанаваць айці-сектару альтэрнатыву, каб ён застаўся ў краіне. Для мяне гэта таксама цікава: частка даследавання — праз камунікацыю з рэлакаванымі бізнэсоўцамі зразумець, дзе для іх быў крытычны момант, каб з'ехаць. Хочацца зразумець, якія тут існуюць патэрны. 

Цяпер падчас мерапрыемства я пішу лісты палітвязням, цяжка эмацыйна не ўцягвацца ў тэму. У мяне тры ўзроўні даследавання, і на мікраўзроўні тэмы Беларусі ў мяне ёсць магчымасць апублікаваць частку рысёрча як асобны артыкул, таму я магу дазволіць сабе не абстрагавацца, а прыняць факт, што я ўключаны ў павестку. Мне падаецца важным пісаць палітвязням, бо мне страшна ўявіць, як чалавек у поўнай адзіноце не атрымлівае ніякай інфармацыі і думае, што пра яго ці яе забылі. Думаю, гэта самае жудаснае пачуццё, а атрыманне ліста — гэта нагадванне, што камусьці звонку ёсць да цябе справа. Спадзяюся, што людзям звонку гэта дапамагае разумець, што ён ці яна не забытыя. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства