Як у Беларусі магчыма стаць суддзёй Вярхоўнага суда і што тут не так
31 ліпеня 2023 Лукашэнка падпісаў указ "Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў", згодна з якім суддзямі Вярхоўнага Суда прызначаныя Алена Рудніцкая, Максім Філатаў і Руслан Царук. Усе яны выносілі палітычна-матываваныя прысуды. Напрыклад, Максім Філатаў з Гродзенскага абласнога суда асудзіў Вітольда Ашурка, а таксама "групу" Мікалая Аўтуховіча, Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч.
Юрысты "Вясны" растлумачылі, што не так увогуле прызначэннях у Вярхоўны суд і якія праблемы тут паўстаюць.
Што такое Вярхоўны суд і чым ён займаецца?
Згодна з Кодэксам "Аб судавытворчасці і статусе суддзяў", Вярхоўны суд — гэта вышэйшы судовы орган, які кіруе ўсёй судовай сістэмай агульнай юрысдзікцыі (спрэчкі паміж людзьмі, людзьмі і арганізацыямі, людзьмі і органамі ўлады).
Да абавязкаў суддзяў Вярхоўнага суда адносяцца:
- разгляд апеляцый і вынясенне рашэнняў, якія не падлягаюць далейшаму абскарджванню на нацыянальным узроўні, то бок з'яўляюцца канчатковымі;
- вывучэнне і абагульненне судовай практыкі і вынясенне рэкамендацый суддзям пры ажыццяўленні правасуддзя;
- вырашэнне пытанняў, якія вынікаюць з міжнародных дагавораў. Менавіта Вярхоўны суд упаўнаважаны даваць рэкамендацыі судам па выкананні міжнародных дамоў, сярод якіх і абавязковы для Беларусі Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, але які паўсюдна парушаецца беларускімі суддзямі
- ажыццяўленне нагляду за судовай сістэмай Беларусі агульнай юрысдыкцыі.
Хто і як можа стаць суддзёй Вярхоўнага суда ў Беларусі?
Адзіны крытэр для суддзі Вярхоўнага суда: стаж працы суддзёй не менш за 5 гадоў.
Па заканадаўстве такіх суддзяў назначае прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі і па прадстаўленні Старшыні Вярхоўнага суда (які таксама назначаецца прэзідэнтам). То бок, шэраг ключавых працэсаў фактычна вырашаецца прэзідэнтам: назначэнне суддзяў, старшыні, намеснікаў старшыні, вызначэнне колькасці суддзяў, стварэнне новых калегій і г.д.
Акрамя кантролю судовай улады выканаўчай, значнай праблемай з'яўляецца адсутнасць кантрактаў у суддзяў і фіксаванага тэрміну паўнамоцтваў. Па заканадаўстве, суддзя назначаецца на вызначаны тэрмін, але гэты тэрмін не зафіксаваны, напрыклад, кантрактам, і можа быць у любы момант прыпынены. Максім Філатаў, які прабыў на пасадзе старшыні Гродзенскага абласнога суда менш за паўтары гады (хаця быў назначаны на 5 год) — толькі адзін з прыкладаў.
Адсутнасць гарантыі фіксаванага тэрміну у сукупнасці з практыкай назначэння выканаўчай уладай робіць працу суддзяў натуральным чынам ўразлівай перад ціскам або несправядлівымі звальненнямі. Мы назіраем як гэта негатыўна адбіваецца на іх незалежнасці і здольнасці свабодна прымаць справядлівыя судовыя рашэнні, як у сістэме застаюцца толькі лаяльныя прэзідэнту людзі і якая ў іх ёсць матывацыя выносіць толькі патрэбныя прэзідэнту рашэнні. Больш за тое, пры такім раскладзе ў суддзяў ёсць магчымасць хутка рухацца па кар'ернай лесвіцы ўверх або ўніз па указе прэзідэнта.
На практыку празначэння суддзяў прэзідэнтам звяртала ўвагу спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марын яшчэ ў сваім другім тэматычным дакладзе па Беларусі ад 17 ліпеня 2020 г.:
"Спецыяльны дакладчык занепакоены тым, што прэзідэнт можа вызваліць ад пасады любога суддзю без захавання справядлівай працэдуры і незалежнага перагляду такога рашэння. Гэта фактычна не дазваляе суддзям ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць незалежна і без якога-небудзь умяшання".