Агляд навінаў пра палітвязняў з 1 па 7 жніўня
Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
Палітвязнямі на мінулым тыдні былі прызнаныя 14 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1489 чалавек. Пры гэтым цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю Арцём Ісакаў, Радзівон Кандрацюк і Віктара Лабко.
На мінулым тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах тром палітвязняволеным:
- Анастасія Пер'яновіч — тры гады "хатняй хіміі";
- Патрыцыя Свіціна — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Ірэна Клявец — шэсць гадоў калоніі.
Фігурантам «справы Рабочага руху» пакінулі прысуд без зменаў
У Гомельскім абласным судзе 17 лютага вынеслі прысуд па «справе Рабочага Руху». Дзесяць палітзняволеных былі асуджаныя на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калоніі. Іх усіх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе палітвязні не прызналі сваёй віны па справе.
Суддзя Аляксандр Піскуноў прызначыў ім наступныя тэрміны: Сяргей Шэлест — 14 гадоў, Уладзімір Жураўка — 15 гадоў, Андрэй Пагерыла — 14 гадоў, Ганна Аблаб — 11 гадоў, Аляксандр Гашнікаў — 14 гадоў, Сяргей Дзюба — 12 гадоў, Ігар Мінц — 12 гадоў, Валянцін Церэневіч — 12 гадоў, Сяргей Шамецька — 12 гадоў, Аляксандр Капшуль — 15 гадоў.
Вярхоўны суд 28 ліпеня разгледзеў апеляцыйныя скаргі палітвязняў. Рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Давыдава. Хутка палітвязняў перавядуць у калоніі.
Палітзняволеную Аліну Гораву, затрыманую праз 2 тыдні пасля першага прысуду, пачнуць судзіць 10 жніўня
Першы раз Аліну затрымалі ў канцы сакавіка 2023 года. Яе абвінавацілі паводле арт. 342 КК, пасля чаго яна некалькі месяцаў правяла ў СІЗА.
У зняволенні ў Горавай абвастрыўся шэраг хранічных захворванняў. Сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, а ў магілёўскай турме ў медыцынскай дапамозе ёй адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы. Турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і гаспіталізаваць. 30 траўня ёй прызначылі 1 год "хатняй хіміі".
Ужо 13 чэрвеня яе зноў затрымалі. Ёй ставяць у віну яшчэ адзін эпізод удзелу ў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Паводле праваабаронцаў, Аліна знаходзіцца пад хатнім арыштам да суда.
Судзіць яе будуць у судзе Круглянскага раёна 10 жніўня. Разам з дзяўчынай па справе праходзяць Алеся Фрыгіна і Павел Таланаў. Працэс будзе весці суддзя Дзмітрый Сасноўскі, які выносіў першы прысуд.
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу адправілі ў ШІЗА
Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
22 чэрвеня жанчыну этапавалі ў жаночую калонію № 24. 2 жніўня да яе не пусцілі адваката. Прычына ў тым, што палітзняволеную змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак.
Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў СІЗА-3 Гомеля
Пра гэта ў Facebook паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда.
"Паліна не выйдзе на волю 6 жніўня па сканчэнні тэрміну. Сёння яе перавялі у СІЗА-3 горада Гомеля. Чарговы цяжкі этап пачынае чарговы "год сурка". У СІЗА Паліна будзе да "суда", які выпіша для яе чарговы год катаванняў і здзекаў. Тэрмін зняволення для Паліны канчаткова стаў бясконцым, як дзень сурка у вядомым фільме", — напісаў ён.
Паліну затрымалі на пачатку студзеня 2021 года і асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Лукашэнкі. На волю яна мелася выйсці летам мінулага года.
Але летась яе асудзілі па арт. 411 КК да яшчэ 1 года калоніі. У красавіку супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — зноў за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі".