"Вашы пакуты прынясуць плён", — Лех Валенса — у Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі
Сёння адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны ў межах крымінальнай справы старшыня і заснавальнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Праз дзесяць гадоў яго зноў затрымалі за праваабарончую дзейнасць і асудзілі па надуманных абвінавачваннях. Гэтая сітуацыя яскрава паказвае, што палітыка рэжыма Лукашэнкі па знішчэнні грамадзянскай супольнасці Беларусі адбывалася на працягу ўсяго яго існавання, а ў апошнія гады сітуацыя стала катастрафічнай. Цяпер за кратамі за сваю дзейнасць утрымліваюцца пяць праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны", дзясяткі грамадскіх і прафсаюзных актывістаў, больш за 850 некамерцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.
Па просьбе Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі са зваротам да беларусаў звярнуўся Лех Валенса, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за падтрымку рабочага руху і барацьбу за правы чалавека ў 1983 годзе, адзін з заснавальнікаў і лідар грамадскага руху "Салідарнасць", былы прэзідэнт Польшчы ў 1990-1995 гадах.
Шаноўнае спадарства,
нам прыйшло жыць, калі мяняюцца эпохі. Людзі змагаюцца за гэтую новую эпоху, але старая абараняе сябе. Многія людзі сёння пакутуюць у турмах і рознымі іншымі спосабамі. Я таксама прайшоў праз гэта ў былыя часы. Я гэта разумею. Падбадзёрваю, такія прыклады патрэбныя. Вашы пакуты прынясуць плён. Так што вытрымайце яшчэ трохі. І свет будзе заўважаць вашу адданасць усё больш і больш. І ён усё больш і больш заўважае, што вы знаходзіцеся на правільным баку. Прыйдзе дзень — свабода для вас, справядлівасць і мір для свету. Я ў гэта веру, я за гэта змагаўся. Я сёння менш пакутую, а вы больш пакутуеце. Але я памятаю пра вас. Я памятаю. Я буду рабіць усё, каб паскорыць гэтыя вызваленчыя працэсы. Дзякуй!