viasna on patreon

“Нам не ўсё адно!” Далучайцеся да анлайн-марафона салідарнасці з палітвязнямі 29 ліпеня

2023 2023-07-24T19:11:29+0300 2023-07-24T19:54:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/29lipenia.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У суботу 29 ліпеня незалежныя беларускія медыі аб’яднаюцца ў 12-гадзінным усебеларускім анлайн-марафоне салідарнасці “Нам не ўсё адно!”, каб сабраць грошы для палітычных зняволеных і іх сем'яў. Да эфіру далучацца блогеркі і блогеры, палітыкесы і палітыкі, дзеячкі і дзеячы культуры і спорта, грамадскія актывісткі і актывісты. Праваабарончы цэнтр "Вясна" з'яўляецца інфармацыйным партнёрам марафона.

Трансляцыя, падчас якой будзе магчымасць зрабіць ахвяраванні, будзе весціся адначасова на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках з 10-й ранку да 10-й вечара па мінскім часе.

З ініцыятывай правядзення марафона выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай. У арганізацыі і правядзенні марафону ўдзельнічае больш за 20 незалежных медыяў, сярод якіх Белсат TV, Еўрарадыё, Зеркало, Звычайны ранак, Радыё Свабода, Радыё Ўнэт, Страна для жизни, а таксама Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Брестская газета, Маланка Медиа, Медыязона, Наша Ніва, Радыё Рацыя, Салідарнасць, BPN/Pozirk, Hrodna.life, Kyky.org, Nexta, Reform.by, Tribuna.com і многія іншыя. 

Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным: сацыяльны праект INeedHelpBY, медыя-праект дапамогі беларускім палітзняволеным жанчынам “Палітвязынка”, Анархічны чорны крыж – Беларусь, праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby, фонд дапамогі беларусам у Літве “Razam”, ініцыятыва BY_help, Беларуская асацыяцыя палітвязняў «ДА ВОЛІ», Беларуская Рада культуры, фонд медыцынскай салідарнасці ByMedSol, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, фонд беларускай салідарнасці BYSOL, дабрачынны фонд “Краіна для жыцця”, публічная дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB. Кантраляваць размеркаванне сабраных грошай будзе спецыяльна створаная назіральная рада, у якую ўвойдуць прадстаўнікі медыя-арганізатараў марафону. 

Усіх гледачоў марафона, якія знаходзяцца ў Беларусі, арганізацыйная група заклікае клапаціцца пра сваю бяспеку: не рэпосціць, не лайкаць і не каментаваць трансляцыю са сваіх персанальных акаўнтаў, данаціць грошы толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой. 

“Кожны дзень колькасць палітзняволеных у Беларусі павялічваецца, як павялічваецца і іх татальная ізаляцыя. Выступаючы з ідэяй аб’яднанага марафону, мы імкнуліся паказаць, што нам не ўсё адно і што мы будзем працягваць прыкладаць усе магчымыя высілкі для дапамогі і падтрымкі, пакуль за кратамі застаецца хоць адзін палітзняволены, – кажа Вольга Гарбунова. – Мне давялося прайсці праз зняволенне, і я ведаю, што ратуе там: ведаць, што цябе падтрымліваюць на волі, што тваім блізкім дапамагаюць, што цябе чакаюць дома.

Я запрашаю ўсіх падтрымаць марафон незалежных медыяў: распавесці пра яго сваім блізкім альбо ў сацсетках, глядзець трансляцыю, данаціць. Нам усім баліць, але вы ж ведаеце – калі дапамагаеш іншым, табе таксама становіцца лягчэй. За апошнія гады беларусы і беларускі неаднаразова паказалі, што ў самыя цяжкія часы мы здольныя аб’ядноўвацца. Бо хто, калі не мы, дапаможа нашым палітзняволеным?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства