Ліквідацыя апазіцыйных партый, папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў: хроніка пераследу 11 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Вярхоўны суд разгледзіць справу аб ліквідацыі КХП БНФ, на чарзе – партыя “Зялёныя”
Вярхоўны суд пачынае разгляд спраў аб ліквідацыі палітычных партый, якія не прайшлі перарэгістрацыю паводле абноўленай рэдакцыі закона аб палітычных партыях.
Першай 20 ліпеня будзе слухацца справа аб ліквідацыі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
Раней паведамлялася, пра тое, што Мінюст падаў пазоў аб ліквідацыі Беларускай партыі «Зялёныя». Ім нядаўна адмовілі ў перарэгістрацыі. Старшыню Дзмітрыя Кучука запрасілі 17 ліпеня ў Вярхоўны суд «ў парадку падрыхтоўкі справы да судовага разбіральніцтва».
Пасля 13 сутак арышту ізноў затрыманая Людміла Слуцкая
У Мінску паўторна 10 ліпеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі і склалі адміністрацыйны пратакол на 53-гадовую Людмілу Слуцкую. У той дзень жа дзень адбыўся суд, вынікі якога пакуль невядомыя.
Першы раз Слуцкую затрымалі ў Мінску 27 чэрвеня. На другі дзень у судзе Фрунзенскага раёна Мінска яе прысудзілі да арышту тэрмінам на 13 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (Выраб, распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядаў суддзя Кірыл Палулех.
Інфармацыйная прадукцыя "Брэсцкага кур'ера" прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёна Брэста 7 ліпеня.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:
Telegram-каналы і чаты «Вожык. Самиздат», «Bellа Fox»;
Старонкі ў «Аднакласніках» «Хватит Бояться!», «Протесты в Беларуси», «Онлайн-платформа Голос», «Белсат Админ»;
Instagram-старонкі «bssf.tеam», «SOS by»;
Facebook-старонка «SYMPA»;
Старонкі ва «Укантакце» - «Мои Чашники», «Беларускае Радыё Рацыя».
Сілавікі ў поўным абмундзіраванні затрымалі чатырох жыхароў Фаніпаля
Нібыта за за ўдзел у акцыі пратэсту амаль тры гады таму. "Пакаяльнае відэа" з імі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Праваабаронцам вядома, што сярод затрыманых Аляксандр Маргун і Алег Абцэшка.
Нагадаем, у жніўні 2022-га года сілавікі ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020-га года ў Фаніпалі. Лічба фігурантаў гэтай справы ідзе на дзясяткі — шмат каго па ёй ўжо асудзілі да пазбаўлення або абмежавання волі.
Палітзняволены Зміцер Дашкевіч не выйшаў, як чакалася, на волю
На Зміцера Дашкевіча завялі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» (арт. 411 КК РБ), піша @radiosvaboda.
Нагадаем, актывіста затрымалі 23 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле, а затым перазатрымалі ўжо па крымінальнай справе. Яго разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года.
14 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска Змітру прызначылі паўтара года калоніі, а Насце — тры гады «хатняй хіміі».
У зняволенні памё вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін
Сёння ноччу ў бальніцы хуткай медычнай дапамогі ў Гародні пры невысветленых абставінах памёр мастак Алесь Пушкін. У самой бальніцы пацвердзілі, што мастак-палітвязень быў пад канвоем у рэанімацыі. Пра гэта напісала ягоная жонка Яніна.
Пушкін — вядомы беларускі мастак, быў асуджаны да пяці гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 г. пастанавіў перавесці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў гродзенскую Турму № 1 дзе ён і знаходзіўся да смерці.
Мастака спачатку затрымалі 30 сакавіка 2021 года па справе аб рэабілітацыі нацызму: на выставе ў Гродне быў партрэт антысавецкага дзеяча Аўгена Жыхара. Прычым на момант завядзення справы мастак быў у Кіеве, але вярнуўся ў Беларусь. Яго затрымалі ў Жылічах, дзе ён працаваў на рэстараўцыі палаца.
Яго абвінавацілі паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і ч. 3 арт. 130 КК (рэабілітацыя нацызму).
25 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін падчас судовага працэсу парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар. 30 сакавіка 2022 года Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калоніі №22 у жніўні пакарала Пушкіна пяццю месяцамі ў ПКТ.
Інфармацыя дапаўняецца.