viasna on patreon

Мінімум 36 асуджаных пасля затрымання на мяжы: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў чэрвені

2023 2023-07-10T17:09:08+0300 2023-07-10T18:14:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miaza_bielarus.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі цягам трох гадоў сілавікі штодзённа ладзяць адвольныя затрыманні беларусаў, пагромы ў іх кватэрах. Некаторых пасля затрымання збіваюць, адпраўляюць на "суткі", а потым неаднаразова перазатрымліваюць у межах новых справаў. У чэрвені "Вясне" стала вядома мінімум пра 560 выпадкаў затрыманняў — прыкладна па 18 чалавек кожны дзень. Суддзямі было прызначана не менш за 184 адміністрацыйныя арышты і 151 штраф. Па інфармацыі праваабаронцаў, у чэрвені значна павялічылася колькасць затрыманых пасля перасячэння мяжы з Беларуссю — не менш за 36 чалавек было асуджана за "экстрэмісцкія" падпіскі і рэпосты. "Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў чэрвені.

Фота ілюстрацыйнае
Фота ілюстрацыйнае

36 асуджаных пасля вяртання ў Беларусь, 13 з якіх затрымалі на беларуска-расійскай мяжы

За апошнія некалькі месяцаў сітуацыя на мяжы з Беларуссю значна пагоршылася — беларусы сутыкаюцца з поўным даглядам рэчаў, допытамі супрацоўнікамі КДБ, праверкай тэлефонаў, а таксама іх просяць прад'явіць віды на жыхарства іншых краін, пасля чаго фатаграфуюць і скануюць дакументы.

Часам людзей затрымліваюць проста на мяжы па адміністрацыйных і крымінальных справах. Калі ў тэлефоне знойдуць "экстрэмісцкія" рэпосты або падпіскі, фота ці відэа з пратэстаў, бел-чырвона-белую сімволіку, то чалавека здымаюць з аўтобуса, апранаюць кайданкі і адвозяць у бліжэйшы ІЧУ да суда.

Так, па дадзеных "Вясны", у чэрвені над затрыманымі на мяжы адбыліся суды ў васьмі прымежных гарадах і мястэчках па ўсёй Беларусі: Воранава, Астравец, Ашмяны, Браслаў, Лёзна, Гарадок, Дуброўна, Брэст.

Напрыклад, толькі у Воранава, побач з якім знаходзіцца прапускны пункт Беняконі (мяжа з Літвой), адбылося не менш за 13 судоў паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку чаго 12 чалавек былі пакараныя штрафамі ў памеры ад 15 да 25 базавых велічыняў (555 - 925 рублёў), яшчэ двух мужчын арыштавалі на 5 і 15 сутак.

У Астраўцы цягам мінулага месяца асудзілі чатырох мужчын — іх затрымалі ў пункце пропуску "Лоша". Іх абвінавацілі ў падпісках у тэлеграме на "экстрэмісцкія" каналы. Суд Астравецкага раёна аштрафаў трох мужчын на 20 базавых велічыняў (740 рублёў), а студэнта — на 30 базавых велічыняў (1 110 рублёў).

Суд Ашмянскага раёна прызначыў вялікія штрафы чатыром беларусам, затрыманым падчас праверкі ў пункце пропуску "Каменны лог". Іх таксама прызналі вінаватымі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў".

У Браславе напачатку чэрвеня адбыўся суд над мужчынам, якога затрымалі на мяжы з Літвой у пункце пропуску "Відзы". Яго абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіскі на "экстрэмісцкія" акаўнты ў інстаграме.

Паводле матэрыялаў справы, пасля праверкі тэлефона на мяжы, супрацоўнікі патэлефанавалі ў Браслаўскі РАУС з паведамленнем пра затрыманне мужчыны за "распаўсюд экстрэмізму". Туды адразу выехалі супрацоўнікі РАУСу, забралі мужчыну і змясцілі яго пад варту да суда. Суд прызначыў беларусу 15 сутак арышту.

Акрамя гэтага, у мінулым месяцы было асуджана не менш за 13 чалавек, затрыманых на беларуска-расійскай мяжы.

Толькі ў Лёзна былі асуджаны адразу сем чалавек паводле арт. 19.11 КаАП: чатырох чалавек адправілі на "суткі", а астатніх пакаралі штрафам.

Так, напрыклад, супрацоўніка ААТ «Нафтан» Мікіту Белавусава аштрафавалі за распаўсюд "экстрэмізму" — яго знайшлі памежнікі на беларуска-расійскай мяжы.

Суддзя суда Лёзненскага раёна Аляксей Лапушынскі 19 чэрвеня прызначыў Мікіце штраф у памеры 1 110 рублёў (30 базавых велічыняў). Таксама суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон мужчыны.

Наяўнасць у тэлефоне "экстрэмізму" была выяўлена раніцай 17 чэрвеня памежнікамі на пункце пропуску, размешчаным на 42-ім км аўтадарогі Р-21 "Віцебск-Лёзна-Мяжа Расійскай Федэрацыі" каля в. Заольша. Пра наяўнасць у тэлефоне падпіскі на ТГ канал выдання «Зеркала», памежнікі паведамілі ў Лёзненскае аддзяленне міліцыі, дзе на Белавусава быў складзены пратакол паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП.

У Гарадку і Дуброўна асудзілі агулам шэсць чалавек. У мясцовыя РАУСы да суда іх адправілі пасля затрымання на мяжы. Суд Гарадокскага раёна прызначыў тром мужчынам па 15 сутак арышту, а суд Дубровенскага раёна аштрафаваў трох мужчын на суму 1 110 рублёў (30 базавых велічыняў).

Аднаго з мужчын адправілі за краты за рэпост з тг-канала "Павел Латушка" паведамлення "Президент Зеленский белорусам". На судзе мужчына патлумачыў, што не ведаў пра прызнанне гэтага канала "экстрэмісцкім".

Суд Ленінскага раёна Брэста 19 чэрвеня разглядзеў справу супраць кіроўцы, які нібыта "пікетаваў" на мяжы ў пункце пропуску "Казловічы" на беларуска-польскай мяжы. Падставай для пратакола па арт. 24.23 КаАП стаў бел-чырвона-белы вымпел на шкле аўтамабіля, які супрацоўнікі беларускай мытні заўважылі падчас агляду машыны. Вынікам стаў штраф у памеры 40 базавых велічыняў (1 480 рублёў).

Адправілі на "суткі" за "Пагоню" на машыне

У сярэдзіне чэрвеня ў Мінску разглядзелі справу мінчука, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Падставай для затрымання стала налепка з "Пагоняй" на рэгістрацыйным знаку машыны.

Мужчына прызнаў віну, аднак патлумачыў, што рэгістрацыйны знак набыў яшчэ ў 2019 годзе і не звяртаў увагу на налепку. Вынік суда — 10 сутак арышту.

Вялікі штраф за значок з "Пагоняй"

Суд Ленінскага раёна Мінска 7 чэрвеня разглядзеў справу мужчыны паводле арт. 24.23 КаАП. Яго асудзілі за значок з "Пагоняй" на заплечніку. Гэта заўважыў міліцыянт і затрымаў мужчыну. Яму прызначылі штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1 850 рублёў).

Мужчыну адправілі за краты за падпіску ў "Аднакласніках" на старонку "Вясны"

У судзе Лёзненскага раёна 9 чэрвеня асудзілі на 15 сутак мясцовага жыхара, якога абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) і "непадпарадкаванні міліцыянту" (арт. 24.3 КаАП). Паводле пратакола, мужчына на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" "захоўваў у адкрытым доступе з мэтай распаўсюду” інтэрнэт-старонку з назвай “Праваабарончы цэнтр Вясна”.

Калі супрацоўнікі міліцыі хацелі па пастанове пракурора правесці агляд кватэры па месцы жыхарства, той разбіў свой тэлефон. На судзе мужчына паведаміў, што зрабіў гэта ненаўмысна, а “экстрэмісцкія матэрыялы не збіраўся распаўсюджваць”. Суддзя Алена Шарэц асудзіла яго да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Верхнядзвінскую актывістку Валянціну Болбат зноў арыштавалі на 30 сутак. Яна пакуль на волі

Валянціну затрымалі 30 красавіка, але пасля гэтага жанчыне стала дрэнна, таму яна на некаторы час трапіла ў бальніцу. Суд адбыўся 10 траўня ў судзе Верхнядзвінскага раёна. Жанчыне тады прызначылі 30 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).

Паводле "Віцебскай Вясны", пасля суда з жанчынай здарыўся гіпертанічны крыз, і яе адвезлі ў лякарню, дзе яна лячылася два тыдні. Валянціна абскардзіла пастанову суда ў Віцебскім абласным судзе. 22 траўня суддзя Святлана Іванова адмяніла рашэнне суда Верхнядзвінскага раёна. Таму справу перадалі ўжо ў Наваполацкі суд.

20 чэрвеня адбыўся чарговы суд над актывісткай. Суддзя Зінаіда Балаболава прызначыла жанчыне зноў 30 сутак. Валянціна пакуль на волі і плануе абскардзіць пастанову суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства