Патрабуем прытрымлівацца міжнародных абавязкаў Беларусі ў сферы сэксуальных і рэпрадукцыйных правоў
Генеральная пракуратура выступіла з ініцыятывай прыняць комплекс мераў, нібыта накіраваных на "абарону дзяцей ад сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі".
Мы канстатуем, што ініцыятыва Генеральнай пракуратуры з’яўляецца неабгрунтаваным умяшальніцтвам дзяржавы ў асабістае жыццё грамадзян і грамадзянак i супярэчыць міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека, уключаючы сэксуальныя і рэпрадуктыўныя правы, а таксама выклікае пагрозу для розных уразлівых групаў (уключна, але не абмежавана – для ЛГБТК+ супольнасці, падлеткаў, жанчын).
Ініцыятыва супярэчыць шэрагу асноўных правоў чалавека:
- праву не падпадаць пад адвольнае ці незаконнае ўмяшанне ў асабістае і сямейнае жыццё (артыкул 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, далей – Пакт),
- праву на свабоднае выказванне асабістага меркавання (артыкул 19 Пакта),
- праву на абарону ад дыскрымінацыі (артыкул 26 Пакта).
Асабліва хочам падкрэсліць маніпулятыўны характар аргументаў, якія прыводзяцца ў абгрунтаванне падобных ініцыятываў:
- Свядомае атаясамліванне псіхічных расстройстваў альбо злачынстваў супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых з ладам жыцця альбо індывідуальнымі ўласцівасцямі – гэта маніпуляцыя грамадскай думкай, прыклад распальвання варожасці і стыгматызацыі сацыяльных групаў. Менавіта таму ініцыятыва выклікае асаблівы непакой у дачыненні да бяспекі ЛГБТК+ супольнасці, прадстаўнікі і прадстаўніцы якой, безумоўна, сутыкнуцца з такімі наступствамі, як:
- узмацненне сацыяльнай стыгмы,
- павелічэнне рызыкі гвалту на падставе нянавісці.
Нагадваем, што пытанні сэксуальнай ідэнтычнасці, гендэрнай ідэнтыфікацыі і рэпрадуктыўнага выбару грамадзян і грамадзянак адносяцца да пытанняў асабістага жыцця і не павінны кантралявацца дзяржаўным інстытуцыямі. Несупадзенне маральных установак грамадзян і грамадзянак не з’яўляецца дастатковай падставай альбо абгрунтаваннем для пераследу ці для абвяшчэння ладу жыцця злачынным.
- Пазбаўленне падлеткаў доступу да інфармацыі аб сваёй сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці ўзмацняе імавернасць гвалту і рызыкоўных паводзінаў.
- Права жанчын здзяйсняць незалежны і самастойны рэпрадуктыўны выбар не павінна трапляць у адзіны шэраг са злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых. Гэта небяспечная маніпуляцыя і несправядлівае параўнанне, якое садзейнічае фарміраванню шкоднага стэрэатыпу, правакуе рост нецярпімасці і гвалту ў грамадстве.
Мы таксама адзначаем, што адпаведна міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека пакаранне, незалежна ад цяжкасці правапарушэння, не павінна парушаць абсалютную забарону на катаванні і іншыя бязлітасныя і бесчалавечныя віды пакаранняў, якія прыніжаюць чалавечую годнасць, да якіх адносіцца прымусовая хімічная кастрацыя. Беларусь з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай Канвенцыі ААН супраць катаванняў і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Забарона на катаванні замацаваная ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Мы таксама занепакоеныя тым, што патэнцыйныя мішэні дадзеных заканадаўчых ініцыятываў будуць пазбаўленыя мінімальных гарантыяў прававой абароны ў сытуацыі глыбокага прававога крызісу, у якім апынуліся найважнейшыя інстытуты дзяржавы, у тым ліку суд і адвакатура.
На падставе вышэй пададзенных тэзаў мы заклікаем беларускія ўлады:
- адмовіцца ад прапанаванай ініцыятывы Генеральнай пракуратуры, бо яна парушае асноўныя грамадзянскія правы;
- адмовіцца ад любых заканадаўчых зменаў і ініцыятываў, наступствамі якіх будзе яшчэ большая дыскрымінацыя ЛГБТК+ супольнасці і ўзмацненне нецярпімасці і гвалту ў грамадстве;
- трымацца міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека праз гарманізацыю заканадаўства і практыкі яго ўжывання.
Заклікаем міжнародныя арганізацыі публічна асудзіць ініцыятыву беларускіх уладаў і далучыцца да нашых патрабаванняў адмовіцца ад дыскрымінацыйных заканадаўчых планаў, якія парушаюць недатыкальнасць асабістага жыцця, права на свабоду ад катаванняў і дыскрымінацыі.
Праваабарончая арганізацыя "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"
Праваабарончая арганізацыя "Respect – Protect – Fulfill"
Праваабарончая арганізацыя "Human Constanta"
Праваабарончая арганізацыя "Прававая ініцыятыва"
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Праваабарончая арганізацыя "Lawtrend"
Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА"
Фемгрупа Каардынацыйнай Рады