viasna on patreon

"Паляванне" амапаўцаў у Ельску, новыя затрыманні: хроніка пераследу 21 чэрвеня Дапоўнена

2023 2023-06-21T16:26:00+0300 2023-06-22T02:59:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zamezhnik-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрымалі замежніка за "здзек з дзяржаўнага сцягу"

МУС паведамляе, што 26-гадовы мужчына (яго грамадзянства не ўдакладняецца), сарваў тры чырвона-зяленых сцягі, адзін з якіх падпаліў. Вядома, што замежнік прыехаў у Беларусь у снежні мінулага года.

Супраць затрыманага распачалі крымінальную справу за здзек з дзяржаўных сімвалаў.


У Ельску супрацоўнікі  гомельскага АМАПу “палююць” на мясцовых грамадзян

Праваабаронцам паведамляюць пра дзікунскія паводзіны гомельскіх амапаўцаў у Ельску. Суразмоўца, які пажадаў застацца ананімным, паведамляе, што вечарамі аўтамабіль АМАПу з’яўляецца ў цэнтры гарадка і спыняе запозненых мужчын. Іх вядуць у аўтамабіль, дзе моцна збіваюць, а потым адвозяць на ўскрайку горада і адпускаюць.

Апошні выпадак здарыўся літаральна пару дзён таму: мужчыну, які выйшаў з мясцовай кавярні пакурыць, схапілі і брутальна збілі. Пры гэтым ніякіх абвінавачанняў не прад’яўляюць.

Людзі баяцца звяртацца нават у мясцовы райаддзел міліцыі.

Якія функцыі выконваюць у Ельску амапаўцы з Гомеля – невядома.


Журналіста Андрэя Пачобута перавялі ў наваполацкую калонію

Палітвязня Андрэя Пачобута абвінавацілі паводле арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Працэс у Гродзенскім абласным судзе у закрытым рэжыме разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым яму прысудзілі 8 гадоў калоніі. Нядаўна журналіст атрымаў намінацыю на «Майстра польскай мовы» і лаўры Акадэміі майстроў польскай мовы.

Андрэй Пачобут

Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

Стала вядома, што адбываць тэрмін Пачобута накіравалі ў наваполацкую калонію № 1.

Падтрымайце палітвязня тэлеграмамі і лістамі: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Андрэй Станіслававіч Пачобут (на канвертах трэба пісаць «каранцін»)


Пераслед дырэктара фонду “Беларускі фонд у Варшаве” Алеся Зарэмбюка

Грамадскі і палітычны актывіст ужо шмат гадоў жыве ў Польшчы ў вымушанай эміграцыі.

Сёння, 21 чэрвеня, у сваім акаўнце ў Фейсбуку ён напісаў наступнае:

“Сёння па месцы майго жыхарства і прапіскі ў Мастах прайшлі два ператрусы. Прадстаўнікі Следчага камітэту з Гародні дапыталі тату, зараз дапытваюць у царкве маму (мама – настаўніца – вядзе ў царкве заняткі з дзеткамі). Супраць мяне распачалі 3 крымінальныя справы”.


Супраць Таццяны Пыцько распачатая крымінальная справа за дапамогу мужу, відэааператару-фрылансеру Вячаславу Лазараву

Зараз сужэнцы Таццяны Пыцько і Вячаслаў Лазараў знаходзяцца ў віцебскім СІЗА-2, іх аднагадовая дачка неўзабаве будзе пераведзеная ў Дом дзіцяці з абласнога дзіцячага шпіталя, куды яе забралі пасля затрымання маці, паведамляе БАЖ.

У СК трапіў архіў відэааператара, што захоўваўся на ягоных камп’ютарах і ў тэлефоне. Там знайшліся відэаздымкі, падчас якіх прысутнічала і Таццяна Пыцько. На думку следства, такім чынам яна ўзяла ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства