Новыя затрыманні і імёны ў "спісе тэрарыстаў": хроніка пераследу 14 чэрвеня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У "тэрарыстычны спіс" дадалі Паўла Белавуса, Дзмітрыя Семчанку і Яна Рудзіка — цяпер у ім 1068 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзевяці чалавек.
Сярод іх Раман Янкоўскі, журналіст «прэзідэнцкага пула» Дзмітрый Семчанка, юрыстка Наталля Лашч, заснавальнік Symbal.bу Павел Белавус, блогер Ян Рудзік, а таксама Андрэй Сініцкі, Кірыл Мацюта, Вячаслаў Янюк, Міхаіл Мякека.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1068 чалавек, з іх 317 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1075 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
У Ваўкавыску затрыманы Тадэвуш Міхеенка
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкай» сімволікі і за ўступленне ў чат-бот «Плана Перамога».
На скрыншотах, апублікаваных сілавікамі, маюцца кадры перасоўвання ваеннай тэхнікі, адпраўленыя ў бот аднаго з тэлеграм-каналаў, піша @Grodno_grab.
Палітзняволены Дзяніс Івашын, верагодна, зноў у ШІЗА — ужо месяц з ім няма ніякай сувязі
Вось ужо 30 дзён у сваякоў палітвязня Дзяніса Івашына няма сувязі з ім. Верагодна, увесь гэты час ён знаходзіцца ў ШІЗА, піша ягоная жонка Вольга Івашына.
Нагдаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі: ПК №15, 212013, Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, Івашын Дзяніс Яўгенавіч
У Магілёве затрымалі папулярнага стрымера ARTIKZA — ён хацеў правесці сходку фанатаў
Як стала вядома @MAYDAYMog, магілёўская міліцыя каля тыдня таму затрымала гульнявога стрымера і блогера Арцёма Галавача aka ARTIKZA (больш за 250 тысяч падпісантаў у Youtube, каля 10 тысяч — у Telegram).
Малады чалавек размясціў відэа, дзе паклікаў сваіх фанатаў на фан-сустрэчу ў цэнтры Магілёва 3 чэрвеня. Аднак фан-сустрэчы не адбылося — відэа было выдаленае, а сведкі паведамілі, што Галавача забралі сілавікі.
У сваім апошнім відэа ў TikTok блогер выбачыўся і коратка паведаміў, што «па пэўных прычынах сустрэча адмяняецца», хаця на яе ўжо прыйшлі некаторыя людзі.
У дачыненні да блогера распачалі адміністрацыйны працэс па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Папярэдне, Арцём атрымаў 15 сутак арышту.
Супрацоўнікамі КДБ былі затрыманыя Дзяніс Паўлаў і Іван Крывіня
Вядома, што ў 2020 годзе яны працавалі ў рамонтна-механічным цэху ААТ «МТЗ».
На гэты момант Дзяніс і Іван з'яўляюцца работнікамі ваеннага прадпрыемства «Мінатор-Сэрвіс» і, як піша @rabochyruh, ёсць падставы меркаваць, што затрыманні звязаны з дэманстрацыямі і забастоўкамі рабочых у 2020 годзе.
Паведамляецца, што ў Дзяніса прайшоў ператрус і яму ставіцца ў віну арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».