"Не ўстаў падчас гімна", "пікетаваў татуіроўкай", "выкрыкнуў лозунг "Слава Украіне": за што беларусаў судзілі ў траўні
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У траўні праваабаронцам "Вясны" стала вядома мінімум пра 395 выпадкаў затрыманняў — гэта прыкладна па 12 чалавек кожны дзень. Суддзямі было прызначана не менш за 82 адміністрацыйныя арышты і 48 штрафаў. "Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў траўні.
Футбольнаму заўзятару далі штраф за тое, што ён не ўстаў падчас гімна
Суд Ленінскага раёна Гродна 2 траўня асудзіў гарадзенца паводле двух адміністрацыйных пратаколаў: арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.54 КаАП (незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь).
Напрыканцы красавіка ў Гродне ў межах рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па футболе адбыўся матч паміж мясцовым "Нёманам" і мінскім "Дынама". Паводле пратакола, "пры афіцыйным выкананні дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь мужчына слухаў яго седзячы ў крэсле".
Акрамя гэтага, у ягоным тэлефоне знайшлі падпіскі ў інстаграме на "экстрэмісцкія" старонкі.
У выніку заўзятара пакаралі штрафам у памеры 1 480 рублёў (40 базавых велічыняў).
Берасцейца аштрафавалі за "пікетаванне татуіроўкай" на рынку
Напрыканцы траўня адбыўся суд над мясцовым жыхаром, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП.
Паводле пастановы суда, мужчына 21 траўня на рэчавым рынку "адкрыта дэманстраваў неабмежаванай колькасці асобаў" каляровую татуіроўку з выявай герба "Пагоня" бел-чырвона-белага колеру на назе.
Суд Ленінскага раёна Брэст прызнаў мужчыну вінаватым у "несанкцыянаваным пікеце" і аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў.
Адправілі на "суткі" за лозунг "Слава Украіне" падчас мерапрыемства да "Дня перамогі"
У судзе Ленінскага раёна Гродна 12 траўня асудзілі мясцовага жыхара, абвінаваціўшы яго ў "пікетаванні". Згодна з пратаколам, "падчас правядзення святочнага мерапрымства да "Дня перамогі" правёў несанкцыянаванае пікетаванне — выкрыкваў лозунг "Слава Украіне", выказваючы пратэст супраць падзеяў, якія адбываюцца ва Украіне". За гэта мужчыну затрымалі супрацоўнікі АМАПу наўпрост падчас мерапрыемства 9 траўня.
Суд прызначыў яму 7 сутак арышту.
Аршанец адсядзеў 10 сутак за лозунгі "Жыве Беларусь" і "Слава Украіне"
Суддзя суда Аршанскага раёна і г. Оршы Мікалай Драгуноў 18 траўня пастанавіў арыштаваць на 10 сутак Алега Масальскага за нібыта праведзены пікет — дакладней, за выкрыкванне лозунгаў «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне».
У судовым паседжанні Масальскі растлумачыў, што днём 7 траўня ўжываў спіртныя напоі. Затым накіраваўся на прыпынак, дзе сустрэў раней незнаёмага мужчыну ў ваеннай форме. Алег вырашыў праверыць якое стаўленне "мае вайсковец да падзей у Беларусі і Украіне", стаў выкрыкваць адпаведныя лозунгі.
Сведка на судзе пацвердзіў, што Масальскі знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, стаў да яго чапляцца, пры гэтым пачаў гучна выкрыкваць "апазіцыйныя лозунгі". Па дадзеным факце ён патэлефанаваў у міліцыю.
Жыхарку чашнікаў аштрафавалі амаль на 1 000 даляраў за выяву з навагоднімі БЧБ-шарамі
У Чашніках 2 траўня асудзілі мясцовую жыхарку паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Яе прызналі вінаватай у рэпосце з "экстрэмісцкай" старонкі ў аднакласніках, а таксама ў "пікетаванні" выявай навагодніх шароў у бел-чырвона-белых колерах.
Суд аштрафаваў жанчыну на 2 590 рублёў (70 базавых велічыняў).
Суды над затрыманымі на мяжы пасля вяртання з Літвы
У Астраўцы некалькі разоў на месяц разглядаюцца справы затрыманых на беларускай мяжы з Літвой. У прапускным пункце "Каменны лог" у некаторых беларусаў правяраюць тэлефоны. Калі супрацоўнікі мытні знаходзяць падпіскі або рэпосты з "экстрэмісцкіх" рэсурсаў, людзей затрымліваюць і адвозяць у РАУС, дзе супраць іх складаюць пратаколы.
Так, напрыклад, 18 траўня ў судзе Астравецкага раёна асудзілі двух мужчын за падпіскі на некалькі "эсктрэмісцкіх" каналаў. Віну на судзе яны прызналі. Вынік — 1 110 рублёў штрафу (30 базавых велічыняў) кожнаму з канфіскацыяй тэлефонаў. Вядома, што затрымалі мужчын ноччу падчас перасячэння мяжы.
Таксама вядома, што ў гэты ж дзень быў асуджаны беларус, які жыве ў Ізраілі, дзе працуе журналістам. Яго асудзілі да 5 сутак арышту за падпіску на тэлеграм-каналы "FreeBelarusWomen", "Беларускі Гаюн" і "Zerkalo.io". Таскама у мужчыны канфіскавалі тэлефон. Ці дакладна ён быў затрыманы на мяжы — невядома.
Музыку гурта "Дети хрущёвок" арыштавалі на 7 сутак
Напачатку траўня ў Гомелі адбыўся суд над Віталём Саламажэцкім — удзельнікам гурта "Дети хрущёвок". Яго абвінавацілі ў вырабе і захоўванні для распаўсюду музыкальных кампазіцый «2020», «Таракан (Дэма)», «Папицот», якія ад 11 красавіка былі прызнаныя "экстрэмісцкімі" судом Цэнтральнага раёна Гомеля.
Суддзя Аляксандр Зінчук 5 траўня прызнаў Віталя вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арыштаваў яго на 7 сутак. Хлопец на судзе віну не прызнаў.
Мінчука Артура Башко арыштавалі напярэдадні сур'ёзнай аперацыі. Цяпер сваякі не ведаюць дзе ён знаходзіцца
Раніцай 17 траўня ў Мінску затрымалі 31-гадовага таксіста Артура Башко. Чацвёра сілавікоў стаялі ў пад'ездзе, калі дадому вярталася ягоная маці. Калі яна адчыніла дзверы, яны ўварваліся ў кватэру. Сам Артур у гэты час яшчэ спаў. Супрацоўнікі правялі ператрус, нешта вынеслі з кватэры ў пакеце, а па падлозе былі раскіданыя паперы.
Пасля затрымання адзін з сілавікаў сказаў маці, што Артура забралі па "палітыцы". Вядома, што мужчына мае праблемы са здароўем — яму павінны былі рабіць аперацыю па выдаленні шчытавідкі. Пасля затрымання Артур патэлефанаваў родным і папрасіў перадаць яму неабходныя лекі. На Акрэсціна медыкаменты прынялі. Пазней над ім адбыўся суд, але сваякі не ведаюць паводле якога артыкула. Па папярэдняй інфармацыі, Артура асудзілі да 13 сутак арышту.
Траіх удзельнікаў гурта faceOFF адправілі за краты
Днямі з праўладных тэлеграм-каналаў стала вядома пра затрыманне 26-гадовага Дзяніса Петуха і 31-гадовага Дзмітрыя Петуха. Дома ў іх правялі ператрус і забралі тэхніку.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 21 траўня, калі Дзяніс вяртаўся з Масквы, у яго на мяжы праверылі тэлефон, пасля чаго адпусцілі дадому. Раніцай наступнага дня сілавікі затрымалі яго ўжо разам з братам Дзмітрыем. Вядома, што братам прызначылі па 15 сутак арышту.
Ужо 23 траўня быў затрыманы і гітарыст гурта — Аляксей. Яго асудзілі да 13 сутак арышту.
Вынікі адміністрацыйнага пераследу ў Полацку і Наваполацку
Раніцай 23 траўня ў Наваполацку і Полацку затрымалі выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", было затрымана не менш за 15 чалавек.Пазней над некаторымі жыхарамі Полацку і Наваполацку адбыліся суды, іх справы разглядала суддзя Зінаіда Балабалова.
Так, разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Сяргея Рыкуна. Суддзя прызнала яго вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арыштавала на 13 сутак. Яна ж прызначыла штраф Паліне Путро памерам 740 рублёў (20 базавых велічыняў), а справаводку дэканата Кацярыну Швалюгу аштрафавала на 1 110 рублёў (30 базавых велічыняў). Ксенію Зуеву аштрафавалі на 2 220 рублёў (60 базавых велічыняў) за "пікет".
Алега Крайко асудзілі адразу паводле двух артыкулаў — 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суддзя арыштавала яго на 26 сутак.
73-гадовую кандыдатку тэхнічных навукіі дацэнтку кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм Галіну суддзя Балаболава адправіла за краты на 10 сутак.
Вядучую выкладчыцу кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў ПДУ Алену Храмцову арыштавалі на 10 сутак арышту.
У яе быў праведзены ператрус, канфіскавана аргтэхніка. На жанчыну склалі пратакол паводле артыкула 19.11 КаАП ( распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за падпіску на тэлеграм-канал "Беларусь галаўнога мозга".
Таксама асудзілі кандыдатку архітэктуры і былую загадчыцу кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Галіну Захаркіну. Яе аштрафавалі на 2 960 рублёў (80 базавых велічыняў).
Акрамя гэтага, за краты на 15 сутак адправілі выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Сяргея Глазырына і дацэнта кафедры гісторыі і турызму, кандыдата гістарычных навук Віктара Чэраўко.
Палітвязень Дзмітрый Паўтарак быў арыштаваны на 20 сутак
Нядаўна на праўладным тэлеграм-канале з палітвязнем з'явілася «пакаяльнае відэа».
Актывіст Ілля Міронаў паведаміў у фэйсбуку, што адбываў "суткі" разам з палітвязнем. Паводле яго, Дзмітрыя затрымалі 6 траўня. Спачатку яго асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) на 10 сутак арышту, а потым дадалі яшчэ 10 сутак. Цяпер ён знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ.
Нагадаем, Паўтарака асудзілі да 3 гадоў "хіміі" паводле арт. 342 КК. З сакавіка ён адбывае тэрмін у гомельскай ПУАТ № 17.Дзмітрый — сірата. 1 чэрвеня ён адзначыў 36-годдзе.
Верхнядзвінскую актывістку Валянціну Болбат адправілі за краты на 30 сутак
Валянціну затрымалі 30 красавіка, але пасля гэтага жанчыне стала дрэнна, таму яна на некаторы час трапіла ў бальніцу.
Напярэдадні яна напісала ў фэйсбуку, што чакае суда паводле двух пратаколаў: па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Сёння ейныя знаёмыя ў сацсетках паведамілі, што Болбат асудзілі да 30 сутак арышту. Вядома, што суд адбыўся 10 траўня ў судзе Верхнядзвінскага раёна.
Напрыканцы 2022 года жанчыну ўжо тройчы асудзілі паводле адміністрацыйных справаў. Таму яна таксама мусіць сплаціць 130 базавых велічыняў, а таксама сплаціць грошы за ўтрыманне ў ЦІПе. Вядома, што жанчына спрабавала ўзяць крэдыт на гэта, але ёй адмовілі.