Затрыманне былой палітзняволенай і іншыя факты пераследу 13 чэрвеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Стала вядома, што ў Круглым па крымінальнай справе затрыманыя яшчэ два чалавекі
Паводле інфармацыі @MAYDAYMog, у дачыненні да мясцовых жыхароў Алесі Фрыгінай і Паўла Талантова распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК. Верагодна, ім ставяць у віну ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Пра Алесю Фрыгіну вядома, што яна шматдзетная маці, выхоўвае чатырох непаўналетніх дзяцей.
Збітай за сцяжкі трансгендэрнай дзяўчыне прызначылі 15 сутак арышту
Як паведамілі рэдакцыі @tghouseby сябры дзяўчыны, адміністрацыйная справа была разгледжана сёння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска.
Нагадаем, раней паведамлялася, што ў Мінску, папярэдне, украінец напаў на трансгендэрную дзяўчыну за сцяжок Украіны побач са сцяжком ЛГБТ+ — ён абразіў яе, нанёс некалькі ўдараў і паваліў на зямлю.
"БАЖ", "Посмотри, брехня?", "Гомельская Вясна" — чарговае папаўненне спіса "экстрэмісцкіх матэрыялаў"
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Посмотри, брехня?», «ИБИС - Инвалиды Беларуси за Свободу!», «Белые Халаты. News», «Kłub Lićviny» «ПРАЎДА»;
- YouTube-каналы «bierasciejskajaviasna», «PravaVic»;
- Facebook-старонкі «Палеская вясна», «Гомельская Весна»;
- Сайт, сацсеткі і лагатып Беларускай асацыяцыі журналістаў.
У Круглым зноў затрымана былая палітзняволеная Аліна Горава — 30 траўня ёй прызначылі адзін год "хатняй хіміі"
Папярэдне, ёй ставяць у віну яшчэ адзін эпізод удзелу ў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК), піша MAYDAYMog. Вядома, што Аліну павезлі ў мясцовы аддзел Следчага камітэта і адтуль яна ўжо не выйшла.
Гэта ўжо другі выпадак крымінальнага пераследу 21-гадовай дзяўчыны. Нагадаем, першы раз яе затрымалі ў канцы сакавіка 2023 года па ўсё тым жа арт. 342 КК, пасля чаго яна некалькі месяцаў правяла ў СІЗА.
У зняволенні ў Горавай абвастрыўся шэраг хранічных захворванняў. Увечары 30 сакавіка Аліне стала дрэнна, таму ёй выклікалі хуткую дапамагу. Сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, а ў магілёўскай турме ў медыцынскай дапамозе ёй адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы. Турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і гаспіталізаваць.
Жонку палітзняволенага Аляксандра Шарабайкі аштрафавалі на 2 590 рублёў
30 траўня суддзя Глыбоцкага суда Аляксандр Аляксеенка аштафаваў Алену Шарабайку на 70 базавых велічыняў (2590 беларускіх рублёў) паводле ч.3 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Судзілі жанчыну за тое, што ў сеціве сілавікі знайшлі яе фота разам з мужам ля свайго дома на рагу якога вісіць нацыянальны сцяг. А лайкнуў гэта фота яшчэ ў 2017 годзе яе муж Аляксандр, які сядзіць у Віцебскім СІЗА.
Перад гэтым у доме Алены сілавікі правялі ператрус. Ён быў звязаны з тым, што каля возера Кагальнае ў цэнтры Глыбокага быў знойдзены БЧБ-сцяг.
Як адзначае "Віцебская Вясна", сёлета гэта ўжо другі вялікі штраф жанчыне — і ён з’яўляецца для яе непамернай сумай, улічваючы тое, што зараз матэрыяльнае становішча ў сям’і вельмі складанае.
Зноў затрымалі хворую на эпілепсію Людмілу Паўлоўскую
Пра гэта паведамляе "Хрысціянская візія". З пачатку 2020-га году Людмілу затрымлівалі як мінімум чатыры разы — падчас аднаго з затрыманняў у яе здарыўся прыступ, але міліцыянты не выклікалі ёй хуткую. Тады суддзя Крэпская прысудзіла Людміле 25 сутак арышту.
Як мінімум чатыры сілавікі ў поўным абмундзіраванні прыйшлі затрымліваць дырэктара аўтакрамы за налепку "Я/МЫ 97%"
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа затрымання дырэктара СТА і аўтакрамы ў Салігорску. Нагодай для затрымання стала налепка "Я/МЫ 97%", якая вісела на дзвярах крамы. На "пакаяльным" відэа затрыманы кажа, што не ведае адкуль з'явілася налепка.
Супрацоўнікоў светлагорскага "Ранка" асудзілі да арыштаў і штрафаў
У пятніцу затрымалі 9 супрацоўнікаў "Ранак – медыя" і "Ранак – рэклама". Сярод іх Андрэй Ліпскі – журналіст, Павел Рабко – аператар, Вадзім Вежнавец – галоўны рэдактар медыякампаніі, Уладзімір Папоў – аператар, Марына Бычкоўская – маркетолаг, Алена Кісялёва – галоўная бухгалтарка, Крысціна Казялькова – сакратарка, Ганна Згурская (цяжарная жанчына, на якую склалі пратакол і адпусцілі, суду над ёй пакуль не было), Елізавета Шэвяленка (яе таксама адпусцілі пасля складання пратакола, бо яна мае інваліднасць, суду таксама пакуль не было).
Вядома, што ўсіх затрымлівалі ў розных месцах пасля працоўнага дня. Адну з жанчын нават затрымалі ў іншым горадзе. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, Бычкоўскай, Кісялёвай і Казяльковай — штраф у памеры 25 базавых.
У Салігорску мужчыну затрымалі за "публічную дэманстрацыю экстрэмісцкай сімволікі" — сілавікі пахваліліся тым, што дома ў затрыманага знайшлі сцягі Канады і Польшчы
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з жыхаром Салігорску. Паводле яго, мужчына на сваёй машыне размясціў налепку з гербам "Пагоня".
Сілавікі таксама паказалі фотаздымкі таго, што затрыманы нібыта захоўваў дома — сярод іншага, гэта сцяг Канады і Польшчы.